Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што генэральны пракурор Джэф Сэшнс меў бы неадкладна спыніць расьсьледаваньне справы аб ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары. У сваім допісе ў твітэры Трамп ізноў назваў гэтае расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў», а каманду спэцпракурора Робэрта Мюлера, якая вядзе расьсьледаваньне, «ганьбай для ЗША».
Вашынгтон абвінавачвае Расею ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. 31 ліпеня ў рамках гэтай справы пачаўся суд над Полам Манафортам, былым памочнікам Трампа. Сам прэзыдэнт ЗША адмаўляе змову з Крамлём. Масква таксама адхіляе ўсе абвінавачаньні.
Пры гэтым віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пэнс у аўторак прызнаў ўмяшаньне Крамля ў амэрыканскія выбары і назваў гэта «абразай дэмакратыі» ЗША. Ён таксама заявіў, што ФБР і Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША працуюць над узмацненьнем абароны выбарчай сыстэмы краіны.