1 жніўня на менскім МКАДзе ў раёне разьвязкі вуліца Бабушкіна — МКАД — Ігуменскі тракт трэснула апорная бэлька шляхаправоду.
Рух транспарту на скрыжаваньні Ігуменскага тракту і МКАД прыпынілі. Там цяпер аўтамабільны затор.
«Менсктранс» спыніў рух аўтобусаў у менскую Лошыцу. Аўтобусы 7, 67, 48, 88с, 114с будуць ехаць без заезду на Ігуменскі тракт і вуліцу Янкі Лучыны.
Аварыйныя масты ў Менску
Кожны пяты мост у горадзе мае патрэбу ў капітальным рамонце. 9 з 102 менскіх мастоў патрабуюць тэрміновага рамонту.
У лютым менчукі зьвярнулі ўвагу, што мост церазь Сьвіслач на праспэкце Машэрава падпёрты драўлянымі канструкцыямі. На пытаньне Свабоды, што здарылася з мостам, дырэктар прадпрыемства «Гараўтамост» Валер Уласевіч адказаў: «Мост не развальваецца. Гэта зроблена проста ў мэтах умацаваньня».
Аварыйныя масты па ўсёй Беларусі
У сьнежні 2017 году мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне даў трэшчыну. Рух транспарту і пешаходаў па ім быў спынены. Найбліжэйшыя масты — у Мазыры і Пінску, ехаць тудой — гэта крук кілямэтраў у 250.
Аляксандар Лукашэнка даручыў дабудаваць новы мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне да 7 лістапада. 25 траўня аварыйны ўчастак мосту ўзарвалі.
Пасьля таго, як мост цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне даў расколіну, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі праверыла і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцый» масты яшчэ ў чатырох гарадах: цераз Сож у Гомлі, церазь Дзьвіну ў Наваполацку і ў Бабруйску, а таксама цераз Дняпро каля Рэчыцы.
Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА
У сакавіку ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова поручняў. Абышлося без ахвяраў.