Назвалі тэхнічную прычыну абвалу шахты «Беларуськалію»

ААТ «Беларуськалій», архіўнае фота

Спэцыяльная камісія Міністэрства па надзвычайных сытуацыях завяршыла расьсьледаваньне тэхнічных прычын абвалу, які здарыўся 9 сакавіка на шахце трэцяга рудаўпраўленьня «Беларуськалію» пад Салігорскам. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Сяргей Чаркасаў.

Шахта, дзе здарыўся абвал. Фота Сьледчага камітэту

Расьсьледаваньне пацьвердзіла, што ў тоўшчы пароды знаходзілася мульда, прыкметаў якой да здарэньня не назіралі.

Мульда — гэта форма заляганьня горных пародаў у выглядзе чашы або карытападобны прагіну.

Увечары 9 сакавіка на падземным горным участку 3-га рудаўпраўленьня адбылося абвальваньне пароды, у выніку чаго пад завал трапілі машыніст горных вымальных машынаў Максім Іваноў і горнарабочы вычышчальнага забою Дзьмітры Валькоў. У ноч з 10 на 11 сакавіка ратавальнікі паднялі целы загінулых гарнякоў.