Паверылі Сталіну. Гісторыя другая: рэпатрыяцыя з Францыі, уцёкі празь мяжу і 6 год у ГУЛАГу

Чытачы сайту Свабоды працягваюць тэму «Дзяцей Францыі», сем’яў беларускіх эмігрантаў, якія паверылі сталінскай прапагандзе і ў 1946–1947 гадах пераехалі з Францыі ў СССР бяз права вяртаньня. Многія зь іх не мінулі ГУЛАГу, як і герой сёньняшняй гісторыі.

Пасьля таго як на сайце Свабоды зьявілася гісторыя сям’і Грынцэвічаў, што паверыла сталінскай прапагандзе і ў 1946 годзе вярнулася з францускай эміграцыі ў Савецкі Саюз, на адрас аўтара прыйшло яшчэ некалькі гісторый беларускіх «дзяцей Францыі».

У Францыі яны былі рускімі, у Беларусі — французамі. Гісторыя сям’і, якая паверыла Сталіну

Зь Берасьця гісторыю сваёй сям’і прыслала Ліліян Пракаповіч (паводле францускай мэтрыкі —​ Ліліян-Жан Моніт), якая ў паўтарагадовым узросьце разам зь сям’ёю пакінула Францыю, пераехала ў СССР.

Сям’я Монітаў перад ад’ездам у СССР. 1946 год

Ліліян-Жан Моніт нарадзілася ў горадзе Эрыманкур (Hérimoncourt), які належыць да цяперашняга рэгіёну Бургундыя — Франш-Кантэ, у 1946 годзе.

Яна мела брата Рэно 1934 году нараджэньня і сястру Эстрэлію 1935 году. Яе бацька быў заможным рамесьнікам, меў майстэрню і двухпавярховы дом. У 1947 годзе пад уплывам савецкіх агітатараў сям’я рэпатрыявалася ў СССР і ўжо не змагла вярнуцца.

Пасьведчаньне аб нараджэньні Ліліян-Жан Моніт

Ліліян скончыла сярэднюю школу ў Пінску, Берасьцейскі пэдінстытут па факультэце мовы і літаратуры, выйшла замуж за журналіста і літаратара Міколу Пракаповіча, працавала ўсё жыцьцё настаўніцай і выхавальніцай пачатковых клясаў. Разам з мужам выгадавала двух сыноў, Віталя і Ільлю.

Ліліян усё жыцьцё захоўвала мару вярнуцца на радзіму, хоць бы турысткаю. І бацькі — Міхаіл і Яніна, і сама яна пра сямейную драму раней асабліва не расказвалі, баючыся спачатку рэпрэсій, потым іншых непрыемнасьцяў ад уладаў.

Далей гісторыя сям’і Монітаў падаецца ў апісаньні Ліліян Пракаповіч, якая распавяла пра гэта ўпершыню пад уплывам публікацыі Свабоды.

Драматычная і непапраўная памылка

Зямляцкае вясельле ў Францыі. Яніна і Мішэль Моніты ў другім радзе справа ад маладых

«Прачытала матэрыял пра беларусаў — рэпатрыянтаў з Францыі — і вось вырашыла адгукнуцца. Бо гэта і пра лёс нашай сям’і. Праўда, сама я пабыла грамадзянкай Францыі ўсяго крыху больш за год, але ўвесь час, пакуль жыў бацька, жыла ў нашай сям’і і Францыя: у бацькавых сьветлых і настальгічна-балючых згадках, у нешматлікіх фатаздымках. І я ў сваіх дзявочых мроях спрабавала ўявіць, як бы склаўся мой лёс, калі б сям’я засталася ў Францыі... Для саміх жа бацькоў, ажно да самага іх сыходу (маці памерла ад цяжкай хваробы, калі я была дзяўчынкай-падлеткам, бацька — пасьля трэцяга інфаркту ў 80-м), рэпатрыяцыя 1947 году ўспрымалася як самая драматычная і, на жаль, непапраўная памылка.

Цяпер, калі я чытаю згадкі палешукоў, чыё дзяцінства выпала на пасьляваенныя гады, то разумею, што мае дзіцячыя гады ў Пінску, хаця і далёка не бязвоблачныя, але і ня самыя цяжкія. І ўсё ж, гледзячы на сямейныя, яшчэ францускія, фатаздымкі — старэйшых сястры Эстрэліі і брата Рэно, — уяўляю, зь якім жахам успрынялі яны новыя жыцьцёвыя рэаліі... У маёй памяці пачатак 50-х гадоў у Пінску таксама застаўся непрыемным эпізодам: я выбегла пагуляць на вуліцу, а нейкі мінак, ласкава загаварыўшы са мной, зьняў зь дзіцячай ручкі залаты ланцужок — апошні напамінак пра Францыю. Гэта ўжо было тады, калі мы, маці і трое дзяцей, амаль на сем пасьляваенных галодных гадоў засталіся бяз бацькі.

Маці была ў Саюзе савецкіх патрыётаў Францыі

Мой бацька, Міхаіл Усьцінавіч Моніт, нарадзіўся ў 1905 годзе ў вёсцы Куцавічы на Ашмяншчыне. У 1927-м годзе прайшоў курс падафіцэрскай школы, два гады адслужыў у польскім войску. А пасьля заканчэньня кравецкіх курсаў эміграваў у Францыю. Напачатку давялося папрацаваць у шахтах Эльзасу, ажно пакуль не займеў сэртыфікат краўца і не асеў у Вітэльсгайме.

Мішэль Моніт, Францыя

Спачатку працаваў у прыватных майстроў, а калі ў 1946 годзе нарадзілася я, у бацькі ўжо быў у Эрыманкуры свой двухпавярховы дамок з майстэрняй на першым паверсе. Здавалася б, жыві і радуйся! Але ж недзе, цяпер ужо ў загадкавым Савецкім Саюзе, які выйшаў пераможцам з такой жудаснай вайны, была родная Ашмяншчына, жылі родныя людзі, зь якімі ня бачыўся амаль два дзясяткі гадоў.

Даведка зь месца жыхарства на Мішэля Моніта

І была вельмі пасьпяховая праца савецкіх дыпляматаў у Францыі, якія на ўсе лады расьпісвалі заможнае жыцьцё людзей у першай сацыялістычнай краіне. ​У маёй маці, Яніны Міхайлаўны, ураджэнкі вёскі Зарага на Берасьцейшчыне, захаваўся цікавы дакумэнт, аформлены на дзьвюх мовах, рускай і французскай, — членскі білет Саюзу савецкіх патрыётаў, у які яна ўступіла якраз у год майго нараджэньня. А наперадзе савецкіх патрыётаў чакаў пасьляваенны, яшчэ сталінскі, «рай».

Членскі білет Саюзу савецкіх патрыётаў

У вагоне па дарозе ў СССР я навучылася хадзіць

У Савецкі Саюз наша сям’я выправілася летам 1947 году. Ехалі марудна і доўга: бацька казаў, што менавіта ў вагоне я навучылася хадзіць. Куды ён трапіў, бацька зразумеў ужо на вакзале ў Пінску, калі ўбачыў, як у абы-што апранутыя жанчыны мятуць пэрон...

І бацька стаў шукаць шляхі вяртаньня, яшчэ не разумеючы, што такіх шляхоў у Савецкім Саюзе проста не было. Захавалася адпіска аддзелу перасяленьня і рэпатрыяцыі Савету Міністраў БССР: «На Ваше письмо сообщаем, что выдать пропуск на выезд за границу для встречи с родными мы не можем, так как этими вопросами занимается милиция».

Уцёкі бацькі праз польскую мяжу і арышт

Заставаліся ўцёкі — так пастанавілі самі сабе бацька і ягоны сябра-рэпатрыянт. Авантура зь пераходам беларуска-польскай мяжы 27 кастрычніка 1948 году скончылася арыштам. Сьледзтва працягвалася да лета 49-га. Са сьлязьмі на вачах бацька згадваў, як яго катавалі, выбіваючы зь вязьня «францускае шпіёнства», а ён, ужо амаль непрытомны, паўтараў адно і тое ж: «Я хацеў пабачыцца з раднёй...»

Вырак: 10 год у ГУЛАГу

Міхаіл Моніт — вязень ГУЛАГу

1 чэрвеня 1949 году бацька быў асуджаны «по Делу МГБ-СССР по ст. ст. 22-63-1 и 72-а УК БССР к лишению свободы на 10 лет».

Даведка аб судзімасьці Міхаіла Моніта

Бацька, па яго скупых расказах, выжыў дзякуючы прафэсіі: шыў ватоўкі, шапкі, рукавіцы. Даймалі і жонкі лягерных начальнікаў: пашыць лепш за бацьку ня мог ніхто з тамтэйшых майстроў.

Як выжывала сям’я бяз бацькі

Ну, а мы, маці і трое дзяцей, усе гэтыя гады не жылі — выжывалі. Маці як жонку «палітычнага» нікуды ня бралі на працу.

Сям’я Монітаў бяз бацькі. Фатавестка ў ГУЛАГ

У нашай аднапакаёўцы, падзеленай напалову шафай, разам з намі жылі ажно трое кватарантаў. У хлеўчыку пры доме маці трымала козачку, якая неяк зімой нарадзіла казьлянятка. У сямейных плянах было прадаць яго, каб набыць абутак для Рэно, які ўжо навучаўся ў Брэсцкай музвучэльні: той, басаногі, вымушаны быў сядзець дома. Але аднойчы ноччу казьлянятка замерзла — і гэта сталася сямейнай трагедыяй! Выручыў дырэктар вучэльні — на свае грошы купіў брату чаравікі.

Ліліян у навагодняй сукенцы. Пінск, пачатак 1950-х

Маці па начах, хаваючыся ад падатковых інспэктараў, абшывала мясцовых модніц, пераважна афіцэрскіх жонак. Часам брала мяне з сабой на прымерку. Запомнілася кватэра палкоўнічыхі: на падлозе тры місачкі для ката: адна з курыным бялком, другая — з жаўтком, трэцяя — зь нейкім мясам. А на стале — ваза зь вішнямі. Гэтыя вішні ў мяне дасюль перад вачыма... А яшчэ — даўжэзныя чэргі па хлеб зь пяці гадзін раніцы, якія мы, дзеці, выстойвалі на зьмену з маці.

Рэабілітацыя

Дадому бацька вярнуўся ў 54-м — пасьля сьмерці Сталіна. А ў 59-м — рэабілітаваны «за отсутствием состава преступления».

Даведка аб рэабілітацыі Міхаіла Моніта

Але бацька да апошніх дзён ня змог дараваць савецкім уладам той падман, які пачаўся яшчэ з Францыі, ня верыў газэтам, якія чытаў рэгулярна:

— Прапаганда!

Дый не пакідалі яго па-за ўвагай адпаведныя службы: сярод заказчыкаў пастаянна віжавалі асобы, якія цікавіліся яго намерамі, плянамі, поглядамі. Навучаны горкім вопытам, ён мусіў упісвацца ў пракрустава ложа сыстэмы. Памятаю, муж аднойчы прывёз яму часопісную публікацыю аповесьці Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Бацька даволі рэзка адмовіўся яе чытаць: «Я табе такога мог бы панарасказваць!..» Але так і не расказаў: баяўся ўжо, напэўна, не за сябе — за нас.

Ударнік камуністычнай працы

Адзінае, чаму бацька ніколі ня здраджваў, — гэта прафэсійная годнасьць, сфармаваная яшчэ ў эміграцыі. Працы ён заўсёды аддаваўся напоўніцу. Былы «зэк» быў ударнікам камуністычнай працы, меў значок выдатніка службы быту. І процьму заказчыкаў сярод абазнаных у модзе пінчукоў.

Міхаіл Усьцінавіч Моніт з дочкамі, зяцямі і ўнукам. Пінск, 1975 год

Мара дзяцінства

Прызнацца, я зь дзявочых гадоў марыла трапіць у горад, дзе нарадзілася, — Эрыманкур, пабачыць казачна-загадкавы, як я ўяўляю, Парыж. Але, пакуль жыў бацька, атрымаць візу было нерэальна: нават мужа-журналіста ня выпусьцілі ў Францыю па турпуцёўцы. А пасьля пачалося перабудовачнае безграшоўе, інфляцыя і бязладзьдзе 90-х... Не разагнацца было на настаўніцкую пэнсію і ў новым тысячагодзьдзі. Праўда, наведаў Эрыманкур мой старэйшы сын — падчас фальклёрнага фэсту ў Францыі. І нават спрабаваў адшукаць-уявіць сярод даваенных дамкоў дзедаў двухпавярховік...

Усё жыцьцё — і пры бацьках, і калі іх ня стала — мяне не пакідае адно пытаньне: навошта патрэбна было тагачаснаму савецкаму кіраўніцтву завабліваць беларусаў-эмігрантаў казкамі пра заможнае жыцьцё ў разбуранай вайной краіне? У імя чаго праводзілася гэтая, не магу падабраць іншага слова, езуіцкая палітыка — пазбавіць людзей усяго, што змаглі яны набыць цяжкай працай? Клясавая нянавісьць да тых, каму, насуперак усім камуністычным тэорыям, жывецца лепей і вальней, чым за жалезнай заслонай?

Але ж ці можна зразумець нармальнай чалавечай лёгікай жахлівыя рэпрэсіі 30-х, пабудову мітычнага камунізму ў напаўгалодных і напаўадзетых 60-х? Як і ўпартае жаданьне сёньняшняга кіраўніцтва захаваць рэшткі таго ўяўна-бязвоблачнага жыцьця, якога папраўдзе ніколі і не было».

Сямʼя Пракаповічаў: Ліліян, Віталь, Ільля, Мікола. 1983 год

Дзеці Францыі

Іх называюць «дзецьмі Францыі», хоць у іх ужо свае ўнукі і праўнукі. 7 ліпеня 2018 году ў рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса ўпершыню сабралася каля дзесяці чалавек, што нарадзіліся ў Францыі ў 20–40-х гадах мінулага стагодзьдзя, тыя, хто выжыў і каго ўдалося знайсьці францускім консулам у беларускіх гарадах і вёсках.

Сустрэча дзяцей Францыі і іх нашчадкаў у амбасадара Францыі ў Менску ДЗідзье Канэса, 7 ліпеня 2018 году.

Паводле зьвестак расейскага гісторыка Віктара Зямскова, па стане на чэрвень 1948 году з Францыі ў СССР рэпатрыяваўся 6991 чалавек. У розныя гады яны эмігравалі з Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Польшчы. Сярод іх было 1420 расейцаў і 5471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжаньня».