Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны вырашыў правесьці кампанію прэзэнтацыі краіны для турыстаў, якія прыедуць на Другія Эўрапейскія гульні ў Беларусь 21–30 чэрвеня наступнага году. Пра гэта сказала Радыё Свабода старшыня ТБМ Алена Анісім.
Пачынаецца кампанія са стварэньня «сіламі грамадзтва» буклетаў з краязнаўчай інфармацыяй пра рэгіёны краіны. Тэкст плянуюць выдаць па-беларуску і яшчэ на шасьці замежных мовах: ангельскай, гішпанскай, італьянскай, нямецкай, польскай, францускай.
«Наша задача — прэзэнтаваць Беларусь як краіну са сваёй адметнай мовай. Мы распавядзём пра найцікавейшыя гістарычныя мясьціны, храмы, помнікі, аграсядзібы, кавярні, дзе можна паспытаць стравы беларускай кухні. Гэта будзе сумесь краязнаўчай і турыстычнай інфармацыі. Заўзятары ж ня будуць абсалютна ўвесь час сядзець на трыбунах. Няхай праедуцца, пабачаць, якая яна, наша Беларусь», — кажа пра задуму Алена Анісім.