«Галоўнае — ня быць дурнем». Як сёньня працуецца тым, хто на ЦТ атрымаў 100 балаў

Свабода знайшла выдатнікаў, якія 5-6 гадоў таму здалі ЦТ лепш за іншых, і даведалася, ці не шкадуюць яны пра аддадзенае вучобе юнацтва.

Тацьцяна Бараноўская, 392 балы з 400 магчымых. Найлепшы вынік сярод выпускнікоў Беларусі ў 2012 годзе


Тацьцяна скончыла 11-ю менскую гімназію. У 2012 годзе толькі 123 тэсты атрымалі 100 балаў. Зьбіралася працягваць вучобу ў Літве, аднак пасьля перадумала і выбрала Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт. Здавала гісторыю Беларусі, расейскую і ангельскую мовы. Першыя два прадметы здала на 100, ангельскую на 98. Праз шэсьць гадоў пасьля заканчэньня гімназіі Тацьцяна жыве ў расейскім Санкт-Пецярбургу.


«Унівэрсытэт значна адрозьніваўся ад школы. Гэта больш самаадукацыя. Калі ёсьць жаданьне нечага дасягнуць, то можна. Калі не, то застаецца проста наведваць пары, дзе цябе ніхто не прымушае, ніхто не стаіць над галавой.

Увогуле на апошніх курсах зразумела, што выбраная мной прафэсія — ня тое, чым бы хацелася займацца ў жыцьці. Таму пераехала ў Расею, цяпер вучуся на тэлежурналіста. Перакладамі таксама займаюся, але зразумела, што гэта ня тая прафэсія. Зь дзяцінства цягнула ў журналістыку. Таму не пляную разьвівацца як перакладчык. Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Аддаю гэтаму нашмат больш часу, чым гэта было падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ў Менску. Я ўся ў гэтым. Ня ведаю, як складзецца далей, але думаю разьвівацца ў гэтым кірунку.

Ня думаю, што я пасьпяховая цяпер. А вось жыцьцём задаволеная


Ці шкадую, што так шмат часу аддавала вучобе ў школе? Калі б сёньня мяне вярнуць зноў у 11-ю клясу, то я б зрабіла ўсё гэтаксама. Тады была мэта — паступіць на бюджэт. Праўда, я крыху перавыканала плян. Але ўдзячная сабе, сваім здольнасьцям і таму, што ўсё атрымалася.

Ня думаю, што я пасьпяховая цяпер. Перакладамі займаюся пэрыядычна, посьпеху хацела б дамагчыся ў сваёй новай прафэсіі. А вось жыцьцём задаволеная, так. Яно ў мяне цяпер насычанае і шматбаковае. Вучоба, сацыяльныя стасункі. Тут у Расеі ўсё па-іншаму складваецца. Тут іншы рытм жыцьця. Не такі, як у Беларусі. У мяне новыя пляны, новыя мэты».


Вольга Тугай, 399 балаў з 400 магчымых. Найлепшы вынік 2013 году


Вольга скончыла Мазырскі абласны ліцэй, да яго вучылася ў гімназіі. 100 балаў на ЦТ па хіміі атрымала за перамогу ў абласной алімпіядзе, матэматыку і расейскую мову здала таксама на 100. Яшчэ 99 балаў даў атэстат. Падала дакумэнты на хімфак БДУ. Вольга набрала на 150 балаў больш, чым было трэба для залічэньня на «бюджэт».


«Ва ўнівэрсытэце было складаней вучыцца, чым у школе. Але я ўсё адно скончыла ВНУ зь сярэднім балам 9,9. Хоць ва ўнівэрсытэце адзнакі не галоўнае.

Ці я шкадую, што выбрала хімфак? Ну вядома, я магла выбраць любы ўнівэрсытэт у Беларусі і любы факультэт. І часам бывала адчуваньне, што я памылілася. „Божа, куды я пайшла?“ — такія думкі. Але потым усё праходзіла. Таму я задаволеная сваім выбарам і не шкадую. Зараз вучуся ў магістратуры, працую ў Цэнтры пазытронна-эмісійнай тамаграфіі ў РНПЦ, жыву ў Бараўлянах.

Я задаволеная тым, што ў мяне атрымліваецца дасягнуць. Вось нядаўна мяне запрасілі на ўрачысты баль выпускнікоў. Было вельмі прыемна, прыгожа. Хоць я, вядома, працягваю шукаць сябе. Тое, што маю сёньня, гэта яшчэ не канец. Думаю, наперадзе шмат цікавага.

Калі б была магчымасьць вярнуцца ў 10-11 клясы, то я б крыху зьмяніла сваё стаўленьне да вучобы

Калі б сёньня была магчымасьць вярнуцца ў 10-11 клясы, то я б крыху зьмяніла сваё стаўленьне да вучобы. Не прыкладала б столькі намаганьняў, як тады. А з другога боку, я не магу сказаць, што той этап жыцьця патрабаваў ад мяне неймаверных высілкаў. Я ж не зубрыла ўсё запар. Проста разумела тое, што трэба было вывучыць. Калі разумееш, то ўсё даецца проста. Праўда, і ўдача, відаць, таксама была. Калі б яшчэ раз давялося здаць тыя тэсты, то такіх высокіх балаў магло б ужо і ня быць».


Павел Касач, 370 балаў з 400 магчымых. Праходзіў ЦТ у 2013 годзе

​Павел вучыўся ў менскай школе № 12, да цэнтралізаванага тэставаньня рыхтаваўся з дапамогай вядомага сталічнага рэпэтытара Яўгена Лівянта. Для паступленьня на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ трэба было прайсьці ЦТ па матэматыцы, расейскай мове і фізыцы. У выніку першыя два прадметы ён здаў на 100 і 93 балы адпаведна, за тэст па фізыцы атрымаў 82 балы.


«Мая вучоба ва ўнівэрсытэце праходзіла добра. Нездарма кажуць, што ўнівэрсытэцкія гады — найлепшы час жыцьця. Што тычыцца адзнак, то амаль кожную сэсію я здаваў зь сярэднім балам 7.

Я прыйшоў вучыцца ва ўнівэрсытэт з самай звычайнай школы, і напачатку мне было вельмі цяжка, хоць сумай балаў на ЦТ я быў у групе ці не самым лепшым. Вялікая частка людзей на маім факультэце скончыла гімназіі і ліцэі. Былі пераможцы алімпіяд. Дзе больш падабалася вучыцца? У школе, відаць. Бо там усё давалася значна лягчэй.

Працую „айцішнікам“, паралельна вучуся ў магістратуры


ВНУ я скончыў год таму, цяпер працую „айцішнікам“. Паралельна вучуся ў магістратуры. Я задаволены тым, чаго дасягнуў на гэты момант. Мне не шкада таго часу, які патраціў на вучобу ў школе, бо я не магу сказаць, што патраціў яго занадта шмат. У мяне была і вучоба, і выдатнае „дзяцінства“. Бацькі раілі вучыцца і не запускаць з самых першых клясаў. Таму ў старшых было прасьцей.

Ці лічу сябе пасьпяховым? Лічу — як у жыцьці, так і ў прафэсіі. Але ж заўсёды ёсьць да чаго імкнуцца».


Цімафей Маркусенка, выпускнік 2012 году. 383 балы з 400 магчымых

​Цімафей вучыўся ў Сьветлагорску ў мясцовай гімназіі. Паслугамі рэпэтытараў не карыстаўся. Пасьля 11-й клясы вырашыў паступаць у БДУІР. Цэнтралізаванае тэставаньне па матэматыцы прайшоў з вынікам 100 балаў, за расейскую мову атрымаў 98, за фізыку — 88.


«Пра вучобу ў БДУІР першы год думаў: што я тут раблю, я ніколі не змагу працаваць праграмістам, гэта вельмі складана! Але потым неяк прызвычаіўся, пачало атрымлівацца. У выніку ўнівэрсытэт скончыў з чырвоным дыплёмам, хоць і не скажу, што займаўся толькі вучобай. З трэцяга курсу пайшоў працаваць у EPAM. Цяжка было спалучаць працу і вучобу. Але цяпер працую ў іншай кампаніі, жыву ў Менску. Зьяжджаць не зьбіраюся, нядаўна ажаніўся, набыў кватэру.

Ва ўнівэрсытэце вучыцца было ў нечым складаней, а ў нечым прасьцей. Прасьцей у тым, што я быў сам па сабе. Толькі я адказваў за тое, што зрабіў альбо не зрабіў. У школе настаўнікі стаяць над табой, сочаць, каб ты вучыў, займаўся. Там, калі ёсьць галава на плячах, то табе ў яе абавязкова нешта ўкладуць, і ўсё будзе добра.

Дзякуючы прафэсіі матэрыяльнае становішча выдатнае

Пасьля школы са сваімі баламі мог выбраць любы ўнівэрсытэт і факультэт. Але ў выніку не шкадую. Прафэсіяй, дасягненьнямі, усім задаволены. Думаю, што атрымалася стаць даволі пасьпяховым. Дзякуючы прафэсіі матэрыяльнае становішча выдатнае. Ды і ўвогуле.

Каб ня тыя 383 балы, то гэтага не было б. Яны дапамаглі мне паступіць ва ўнівэрсытэт на бюджэт. Бацькі не змаглі б мне забясьпечыць платную адукацыю. Гэта быў вялізны плюс. Хаця я думаю, што ў жыцьці ня толькі высокія балы важныя. Галоўнае — ня быць дурнем. Гэтаму павінны навучыць у школе таксама».