Як беларус знайшоў Тыбэт на менскім сьметніку

Аднаго разу беларус ехаў таксоўкай па начной Варшаве. — Адкуль пан едзе такою парою? — спытаў таксіст. — З працы, — адказаў пасажыр. — Божа, а як пан ад такой працы расслабляецца? — пацікавіўся кіроўца. — А я не напружваюся, — прамовіў Міхал Залескі. Сваім уменьнем ён падзяліўся са Свабодай.

Спадар Міхал — вядомы сацыёляг, эканаміст, сузаснавальнік Беларускага сялянскага саюзу, былы выкладчык. Сёньня яго можна пабачыць на тэлеканале «Белсат», дзе ён выступае экспэртам у адной зь перадачаў. Або ў Фэйсбуку. Калі б у Беларусі абіралі ідэоляга руху slow life — за павольнае жыцьцё — то Залескі, бясспрэчна, дзякуючы свайму Фэйсбуку быў бы ў топе такога сьпісу.

Міхал Залескі

​У інтэрвію Свабодзе ён распавёў, як можна жыць спакойна і ў 2-мільённым горадзе, не выяжджаючы ў кляштары Тыбэту.

Не сядзець

​Штодзень, як толькі ўзыходзіць сонца, Міхал Залескі выпраўляецца на трохгадзінны шпацыр. І так ужо 25 гадоў. Падчас кожнай прагулкі ён робіць каля 100 фатаздымкаў. Адбірае зь іх пасьля дзясятак, а зь дзясятка 1–2 выстаўляе ў Фэйсбук. На здымках Залескага можна пабачыць занесеных у Чырвоную кнігу жывёлаў, рознае птаства, пасадкі канадзкага дуба, маньчжурскі арэх, акацыі, маляўнічыя пэйзажы і каляровыя замалёўкі. Усё гэта Міхал Залескі здымае не ў батанічным садзе ці запаведнай зоне, а на закінутым сьметніку паміж Мядзьвежынам і Міхаловам. Пасьля будаўніцтва раёну Паўднёвы Захад у 1970-я гады там утварыўся нечапаны анкляў.

​Разглядаючы здымкі Залескага, цяжка даць веры, што ўсё гэта ў межах гораду, за 4 кілямэтры ад рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

У маладым веку, жывучы ў цэнтры, ён штодня бегаў па 20 кілямэтраў. Апошнія 25 гадоў Залескі ходзіць.

Манеру пачынаць дзень ад шпацыру ён пераняў ад дзеда Стэфана, які пасьля вайны асеў на мяжы Бранскай і Калускай абласьцей у Расеі.

​«Калі я быў зусім маленькі, то мяне вазілі да дзеда, і ён мяне гадаваў. Ён быў вэтэран вайны, ваяваў 17 гадоў: з 1914 па 1924 і з 1939 па 1946. І ў яго быў клясычны сындром вэтэрана. Баявы посттраўматычны шок на ўсё жыцьцё. Ён уладкаваўся лясным даглядчыкам і браў мяне з сабою. Каб нікога не забіваць, ён схаваўся і жыў сабе спакойна. Гэта глухі лес. Крайняе месца, дзе жылі беларусы».

Свае ж шпацыры Залескі абгрунтоўвае ідэалягічна. Ён цытуе кітайскага філёзафа Лао Цзы, які казаў, што трэба жыць бліжэй да зямлі і сузіраць перамены, і Веды, дзе сказана, што пустэльнікам прасьцей за ўсё быць у вялікім горадзе. Ён падсьмейваецца з даўншыфтэраў, якія шукаюць спакою ў вёсцы і «не разумеюць, што такое вёска» — бо ў вёсцы, кажа, «усё як пад мікраскопам».

«Але жывучы ў горадзе, чалавек мае недастаткова руху і мусіць крыху рухацца. Даўнейшыя людзі ўвесь часта нешта рабілі. Была гаспадарка нейкая, ці людзі па найме працавалі, яны ўвесь час нешта соваліся, туды-сюды, ці то на заводзе, ці на полі сваім, хлявах і сьвірнах. Цяпер людзям не хапае руху, і яны праз тое робяцца злыя. На сябе, навакольны сьвет і ўсё», — кажа Залескі.

Быць уважлівым

​У мясьцінах, дзе шпацыруе Залескі, ён рэдка сустракае людзей. Часьцей жывёл. Паколькі антрапагенная нагрузка там малая, то разьвялося ўсяго што хочаш, кажа Залескі. Здымае ён звычайным апаратам зблізку. Часам удаецца падысьці да жывёл нават да двух мэтраў.

«Іншыя людзі там увогуле ня бачаць жывёл. Трэба ж ведаць, як да іх падысьці. Я не куру, ад мяне ня пахне. Хаджу я ціха, спакойна. А гарадзкія сучасныя людзі ж бегаюць, а ня ходзяць. Бывае, сустрэну людзей на прабежцы ці гімнастыцы, і старэйшы за мяне мокры бяжыць, задыханы. Што гэта яму дае? Ён жа ўцякае ад сьмерці, але ці ўцячэ? Ніколі не ўцячэ».

Залескі кажа, што лёгка адрозьнівае людзей, якія адарваліся ад гораду. Яны ходзяць спакойна, нікуды не сьпяшаюцца. Сустрэць там чалавека можна ня часта, а каб пазнаёміцца, то і пару гадоў міне, кажа Залескі і дадае: «Там жа жывуць беларусы, а яны адзін з адным не размаўляюць. Гадоў сем яны прыглядаюцца».

Ня нішчыць

​І ў такім вялікім горадзе, лічыць Залескі, людзі могуць быць блізка да зямлі. Могуць паўсюль там, дзе хочуць. Там, дзе засталася культура.

«Справа ў тым, што беларуская культура не дазваляе разбураць і паводзіць сябе дзіка ў лесе. Я бачу людзей, якія ставяць сталёвыя петлі на зайцоў, рыбу ловяць сеткамі. Зараз дзясяткі тонаў садавіны і гародніны ў тых пустках. Дык і што, я павінен штодня ісьці з торбаю, набітаю грушамі і яблыкамі, ці вінаградам? Хто хоча, той знойдзе спосаб знайсьці сваё і не перашкодзіць, і не паламаць».

Як прыклад суіснаваньня з прыродай ён прывёў чорнае балота ў Японіі, якое штогод наведвае 1,5 мільёна чалавек. Да нядаўна такое ж балота было і ў расейскай Карэліі. Але пасьля візыту 15 ліхіх турыстаў яго экасыстэма цалкам парушылася.

​«Ёсьць людзі, якія ходзяць зь сякерамі і сякуць пладовыя дрэвы. Нядаўна прыйшоў рэканструктар зь мечам. І ён там скакаў, сек. А такая б яблыня была харошая, белы наліў, і сьліва багатая. Пакрышыў усё ў капусту. Бегаюць розныя маньякі ў камуфляжнай форме, сякеры кідаюць, кінжалы. Рыхтуюцца да вайны. Хай бы паставіў сабе бервяно — і хоць ты галавой аб яго калаціся. Можна ж зрабіць усё культурна. Але яно ніколі ня будзе так зроблена, бо самае галоўнае — расьпілаваць бюджэт. А чым таўсьцейшае бервяно, тым больш пілавіньня. І таму будзе ставіцца задача з прыцягненьнем тэхнікі і батальёну людзей».

Залескі перакананы, што калі б справай заняліся нармальныя людзі, а не «создатели экологических троп», то яны б падышлі да прыроды з разуменьнем, і ў выніку гэтая тэрыторыя магла б прыняць вялізарную колькасьць людзей.

«Але, як любая ідэя, якая трапіла ў рукі лукашысцкіх бюракратаў, яна спляжаная і выкручаная», — падсумоўвае Залескі.

«Сучасны сьвет такі, што калі пра гэтае месца даведаюцца іншыя, то туды нагоняць усялякага народу. Яны ўсё там зьнішчаць. Там ёсьць прыгожае возера, і там водзіцца ўсякая харошая рыба. І вось цяпер там "благоустраивают". У тых месцах, дзе гнездаваліся чаплі-бугаі, занесеныя ў Чырвоную кнігу, ці белыя чаплі жылі, насыпалі шасьцімэтровую дамбу. "Зелянбуд" пасадзіў там 5 гадоў таму ясені. Дык бульдозэры грабуць зямлю проста на той парк. Яны толькі танкамі могуць рабіць. Каля ракі Мышкі, куды я таксама хаджу, зрабілі "экологическую тропу Московского района". Зьнішчылі ўсё жывое, што было, і зрабілі мёртвую зону. Ідыёты, што зь іх возьмеш. Камуністы», — кажа Залескі.

Знайсьці час на занятак

​У раёне, дзе жыве Залескі, паўмільёна чалавек. Узімку ж на лыжах тут катаюцца адзінкі: ён, ягоная жонка і яшчэ некалькі асобаў.

Самая вялікая праблема грамадзтва, на думку Залескага, — адсутнасьць занятку. У Эўропе, як падлічылі сацыёлягі, на гэта цярпіць да 40% людзей. У выходныя дні ім проста няма чым заняцца. І тады яны пачынаюць піць, курыць і есьці.

Пра сябе Залескі кажа, што знайшоў бы цікавы занятак і дома, не выходзячы ў кепскае надвор’е на шпацыр.

«У мяне часу заўсёды хапала. Я ніколі ня ведаў, што людзі робяць з тым часам. Хоць чалавек я абцяжараны вялікай сям’ёю і мусіў дзеля сям’і шмат працаваць. Тут няма ніякага сакрэту. Я трымаюся не сучаснай канцэпцыі жыцьця, а даўнейшай. Я жыву так, нібыта я зьбіраюся жыць вечна».

Але ніякіх цэркваў Залескі не наведвае і нават ня любіць, калі людзі «носяцца з рэлігіяй як дурань з торбай».

«Хочаш верыць — вер, гэта асабістая справа. Ісус казаў: замкніся ў пакоі сваім і маліся. Вось абсалютна дакладная інструкцыя ад заснавальніка хрысьціянства».

Гаварыць па-беларуску і не ваяваць

«Я ў сваім жыцьці многа чаго нарабіў. Напрыклад, я сузаснавальнік Беларускага сялянскага саюзу. Ну і што з гэтага сталася? Ды нічога. Як было 2 тысячы незалежных сялян, так і ёсьць», — кажа Залескі. — Ёсьць два варыянты: або ваяваць па-сапраўднаму, або не ваяваць. Сярэдзіны тут проста няма. Гэта ілюзія, што ты чагосьці даможасься. Лукашэнку абсалютна начхаць на ўсе гэтыя пэтыцыі і ўсю апазыцыю. Ён цьвёрда ведае, што ёсьць людзі, каторыя па ягоным загадзе будуць забіваць. А вось людзей, каторыя будуць забіваць ягоных людзей, такіх няма. Ён займаецца рэальнай палітыкай. Гуляцца ва ўсе гэтыя гульні няма ніякага сэнсу».

Сябе Залескі называе чалавекам, які не спрабуе што-небудзь зьмяніць, зь некім ваяваць або некага на нечым падпільнаваць. Ён перакананы, што ёсьць значна прасьцейшыя рэчы, чым барацьба — трымацца таго, што рабілі дзяды-бацькі.

«Перастань дома гаварыць па-расейску. Што ты мне балбочаш пра Адраджэньне, пэтыцыі. Ты з жонкай на якой мове размаўляеш? А вот, панімаеце, эта, то... Дык няма чаго тады балбатаць. Пачні зь сябе. Ня ў тым сэнсе, што рабі нешта за ўладу, а рабі за сябе. Рабі тое, што сам можаш», — кажа спадар Міхал.

Паводле Залескага, сем’яў, у якіх дзяцей гадуюць на беларускай мове, засталося прыкладна 20 тысяч. Праз 20 год будзе пяць тысяч такіх сем’яў. Яшчэ праз 20 год іх застанецца тысяча. А яшчэ праз 20 год ня будзе ніякіх беларускамоўных сем’яў.

«Вось такой будзе гісторыя Беларусі. Самі вінаватыя. Чалавек сам вызначаецца. Быў перапіс 1959 году. Прыйшла кабета і кажа мне: "Мальчик, ну ты же русский?" А я кажу: "Не, я беларус". Ня той беларус, у каго дзед па-беларуску размаўляў, а той, у каго ўнукі па-беларуску размаўляюць».

У Міхала Залескага вялікая сям’я — пяцёра дзяцей і чацьвёра ўнукаў. Але сам пра сябе ён кажа, што ніколі не займаўся прышчапленьнем беларускай мовы ці выхаваньнем сямейнікаў.

«Мае абодва дзяды вучыліся ў рускай царкоўнапрыходзкай школе. Мой бацька і ягоныя браты — у польскай. Я вучыўся ў беларускай школе. Яе зачынілі, і пазьней вучыўся ў рускай. Дзеці вучыліся ў розных школах. Але яны бачаць і чуюць мяне, а я раблю як мой бацька, каторы ніколі дома па-руску не размаўляў. Ані дзед, ані прадзед. Я ніколі не размаўляю па-руску. У выніку мае дзеці з маімі ўнукамі размаўляюць па-беларуску. Гэта непазьбежна. І такім чынам яна захоўваецца».

Правільна ставіць мэты

​«Калі мой дзед рабіў хамут, то даваў 15 гадоў гарантыі. Так паціху трэба ўсё рабіць. А цяпер усё арыентавана на хуткі вынік. А на хуткі вынік можна працаваць толькі ў крэдыт, — кажа Залескі. — І трэба правільна ставіць сабе мэты. Кожны чалавек жыве і ня ведае, колькі ён пражыве. Кожны чалавек можа заўтра і сонца ня ўбачыць. Кожны дзень трэба жыць так, як быццам ты вечна зьбіраесься жыць. Так мяне дзед Стэфан вучыў: "Людзі ведаюць, што ёсьць вечнае жыцьцё, а яны да яго не рыхтуюцца, жывуць адным днём. Як жа ім цяжка будзе там жыць, калі яны жывуць адным днём. Дык трэба адразу пачаць рыхтавацца". От, многія злаваліся на гэтыя ягоныя словы. Таму самае галоўнае — не хвалявацца і не нэрвавацца».