Ян Дзяржаўцаў, заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», атрымаў адказ зь Віцебскага райвыканкаму пра пахаваньне чалавечых парэшткаў, эксгумаваных у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле.
15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму
Дату і месца перапахаваньня актывістам ня кажуць
Як вынікае з адказу чыноўнікаў, лёсам парэшткаў, эксгумаваных 52-м спэцыяльным батальёнам, займаецца Ўпраўленьне ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Пахаваць парэшткі 302 чалавек плянуецца сёлета ў жніўні на могілках у Віцебскім раёне. На якіх канкрэтна і калі, актывістам ня кажуць. Заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» лічыць, што гэта невыпадкова.
«На падставе сьведчаньняў мясцовых жыхароў мы сьцьвярджаем, што ў лесе каля Хайсоў расстрэльвалі людзей у 1937-1938 гадах. Сьведчаньні старажылаў зафіксаваныя на відэа і перададзеныя ўладам, але тыя ігнаруюць паказаньні людзей. Ігнаруюцца і высновы дасьледніка Алега Іова, які зрабіў высновы пра падабенства пахаваньняў у менскіх Курапатах і віцебскіх. Абапіраюцца ж чыноўнікі выключна на высновы археолягаў 52-га спэцыяльнага батальёну, якія мэтанакіравана шукаюць артэфакты, зьвязаныя зь мінулай вайной», — кажа Ян Дзяржаўцаў.
Паводле знойдзеных фрагмэнтаў абутку нямецкага жаўнера і байца Чырвонай арміі была зроблена выснова пра відавочную сувязь гэтага пахаваньня з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны. Вайсковыя дзеяньні тут сапраўды адбываліся, і матэрыяльныя сьведчаньні гэтага маглі захавацца ў зямлі. Але не яны вызначальныя, лічыць актывіст.
Сьледчы камітэт знайшоў «іншую Вольгу Данцыт»
Актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» правялі ўласныя дасьледаваньні артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак. Яны ўстанавілі прозьвішча імавернай гаспадыні грабенчыка, на якім была надрапана імя «Оля» і частка прозьвішча, ідэнтыфікаванага як «Данцыт». Паводле сьпісаў ахвяру сталінізму, настаўніца Вольга Аляксандраўна Данцыт была расстраляная ў Віцебску 30 красавіка 1938 году.
Аднак Сьледчы камітэт знайшоў іншую жыхарку Віцебску з такім самым імем і прозьвішчам — Данцыт Вольгу Пятроўну. Апошнія архіўныя зьвесткі пра яе датаваны 1942 годам. На думку Яна Дзяржаўцава, нават гэта ня можа быць падставай, каб лічыць загінулых у Хайсах ахвярамі фашызму: у раскопках не было знойдзена ні куляў, ні гільзаў ад нямецкай зброі. Затое шмат — ад наганаў, пісталетаў «ТТ» і кольтаў, якія былі ва ўжытку НКУСаўцаў.
Так ужо рабілі ў 2015 годзе
Чалавечыя парэшткі, кулі, гільзы, фрагмэнты абутку і адзеньня знаходзяць у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле з восені 2014 году.
Your browser doesn’t support HTML5
Выкліканы ўладамі 52-і батальён знайшоў у зямлі ня толькі косьці, але й «фрагмэнт тканіны, ідэнтычны матэрыялу, зь якога выраблялі нямецкія кіцелі». На падставе гэтага зрабілі выснову, што ў зямлі ляжаць парэшткі мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі. І сабраныя косьці ў 2015 годзе цішком пахавалі на вайсковым мэмарыяле — у брацкай магіле каля станцыі «Лужасна». Актывісты даведаліся пра гэта пастфактум — зь мясцовай раёнкі.
Падобны сцэнар можа паўтарыцца і зараз. Адкрывальнікаў невядомых могілак у лесе, знойдзеных у 2017 годзе, на перапахаваньне зноўку не запрашаюць. Актывісты прапаноўвалі мясцовым уладам прызнаць гэтую тэрыторыю мэмарыяльнай, была прапанова і наконт устаноўкі супольнага помніка — і ахвярам сталінізму, і палеглым падчас вайны.
Але выканкам не пагадзіўся. Віцебскія актывісты зрабілі каля Хайсоў мэмарыял — устанавілі каля трох дзясяткаў драўляных і жалезных крыжоў, шыльдаў і сымбалічных магілаў.