45 беларускіх турагенцтваў заявілі, што трапілі ў «варты жалю» стан, і просяць ад ураду падтрымкі

Адпачынак на моры

Кіраўнікі беларускіх турыстычных агенцтваў вядуць збор подпісаў пад лістом да міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука.

У звароце апісваецца цяперашні «варты жалю стан» турфірмаў і гучаць просьбы аб ўнясеньні зьменаў у заканадаўства.

Як расказала парталу Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый дырэктарка турагенцтва «А» Алена Кудлакова, подпісы зьбіраюцца ня толькі ў Менску, а і ў Гомлі, Пінску, Жлобіне, Віцебску, Магілёве.

«Натали Турс» можа страціць у Беларусі паўмільёна даляраў, у сотняў беларусаў сапсаваны адпачынак

«Турыстычныя агенцтвы ў Беларусі сутыкнуліся з эканамічнымі цяжкасьцямі праз адмену чартэрных рэйсаў турапэратарам „Наталі Турс“, адмовай ад аплаты месцаў пражываньня, трансфэраў і страхаваньня, — гаворыцца ў лісьце. — На жаль, гэта не адзіны турапэратар, які спыніў сваю дзейнасьць і ня можа даць 100-працэнтную гарантыю таго, што ў неўзабаве ня стане банкрутам».

Адпачынак на моры

На перакананьне ўдзельнікаў рынку, у такой сытуацыі агенцтвы апынуліся праз прабелы ў заканадаўстве, а менавіта — у законе «Аб турызьме». У сувязі з гэтым падпісанты лічаць, што насьпеў час унесьці ў заканадаўства дапаўненьні і зьмены, якія дазволілі б абараніць ад нядобрасумленных турапэратараў як спажыўцоў, так і мясцовыя кампаніі.

Што важна зрабіць найхутчэйшым часам

  • Увядзеньне мэханізмаў абавязковага страхаваньня адказнасьці турапэратараў, а таксама дзяржаўнага страхавога фонду.
  • Дыфэрэнцыяцыя памераў страхавых унёскаў для турапэратараў, каб сума пакрыцьця цалкам пакрывала страты ў выпадку банкруцтва.
  • Разьмежаваць адказнасьць турапэратараў і турагенцтваў перад трэцімі асобамі.
  • Адрэгуляваць адказнасьць замежнага турапэратара праз падпісаньне дамовы адказнасці зь Міністэрствам спорту і турызму Беларусі.
  • Пашырыць паўнамоцтвы профільнага ведамства праз праверку наяўнасьці страхавога фонду турапэратара.

Свае подпісы пад лістом ужо паставілі кіраўнікі шэрагу агенцтваў, сярод якіх «Трэвэл Бокс», «Энівэй Трэвел Плюс», «Тэхнастар Трэвэл», «Экваторыял-Тур», «Кроал-Тур», «МагАвія-Сэрвіс», «Пэнтатур», «Туртэс Трэвэл», «Маяктур», «Тайм Ваяж», «Магазін падарожжаў», усяго 45 па ўсёй краіне.

Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый запрасіў удзельнікаў ініцыятыўнай групы на паседжаньне рады 31 ліпеня. Турапэратары і турагенты разьлічваюць, што разам удасца дамовіцца, як зрабіць беларускі турыстычны рынак бясьпечным і прадказальным.