Фядыніча і Комліка судзяць у «справе РЭП». Рэпартаж з суду

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч (зьлева) і бухгальтар прафсаюзу Ігар Комлік (стаіць) з адвакаткамі ў судзе

30 ліпеня ў 11.30 суд Савецкага раёну Менску пачынае разгляд крымінальнай справы лідэраў незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік прыйшлі на суд у вышыванках.

Чарга ў залю, месца не хапае

11:30. Чарга на дагляд, каб прайсьці ў залю суду, складае каля 50 чалавек — у залю на 11:30 прапусьцілі далёка ня ўсіх ахвочых прысутнічаць.

Правацэнтрысцкая кааліцыя разам з БСДП (Грамада) у дзень суду выдалі заяву, у якой назвалі абвінавачаньні супраць лідэраў РЭП «надуманымі», а саму справу «палітычнай» і «замоўленай», такі перасьлед — «недапушчальным». Справу патрабуюць неадкладна спыніць, правы Фядыніча і Комліка аднавіць у поўным аб’ёме, а «асобаў, вінаватых у неправавых дзеяньнях па перасьледу лідэраў незалежнага прафсаюзу», прыцягнуць да адказнасьці.

Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Станіслаў Шушкевіч на судзе

11:45. У залі лідэры палітычных партыяў, грамадзянскія актывісты, праваабаронцы, шмат дыпляматаў. Памяшканьне ня можа ўмясьціць усіх жадаючых, спрабуюць дамагчыся паставіць дадатковыя лаўкі. Судзьдзя Марына Фёдарава забараняе весьці фота- і відэаздымкі.

11:55. Фядыніч расказаў, што ягонае хадайніцтва аб прадастаўленьні вялікай залі, якая магла б умясьціць усіх ахвочых, не задаволенае. Вялікая колькасьць людзей застаецца ў вэстыбюлі. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва, суд працягваецца ў залі ўмяшчальнасьцю 50 чалавек.

Дзяржаўныя абвінаваўцы Вадзім Казей і Ірына Арлоўская

​Пракурор чытае абвінавачваньне: па папярэдняй змове з карысных намераў Фядыніч адкрыў рахунак у Вільні ў замежнай валюце, не зарэгістраваў як замежную бязвыплатную дапамогу каля 140 тысячаў эўра. Ухіліліся ад сплаты падаткаў (ч.2 арт. 243 КК РБ) — каля 22 800 рублёў.

Комлік зь Фядынічам таксама абвінавачваецца ў адкрыцьці рахунку ў літоўскім банку па папярэдняй змове, зьняцьці сродкаў у валюце і не рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі — больш за 17 тысяч даляраў.

Генадзь Фядыніч

Падсудныя віну не прызнаюць

12:10. Абвінавачваньне зьяўляецца некарэктным і незразумелым, заявіў суду падсудны Фядыніч.

«Якім чынам я, знаходзячыся на тэрыторыі РБ, забясьпечыў адкрыцьцё рахунку? — пытаецца Фядыніч.— Вінаватым я сябе не прызнаю».

Комлік таксама абвінавачваньне не прызнаў.

Пасьля зачытваньня абвінавачваньня ў судзе абвешчаны перапынак, разгляд справы мае аднавіцца а 14:30.

Ігар Комлік

14:40. Працэс аднавіўся. Фядыніч запатрабаваў прадаставіць іншую залю і забясьпечыць працу мікрафонаў, а таксама апытаць у якасьці сьведкі юрыста РЭП Юрыя Белякова, паколькі ад заўтра ён у адпачынку. Абарона падтрымала хадайніцтвы, судзьдзя абвесьціла зноў абвесьціла перапынак на 15 хвілін.

Былая бухгальтарка нічога пра валютныя рахункі ня ведае

16:15 Сьведка Валянціна Фядзько апавяла, што працавала ў прафсаюзе РЭП з 1992 года да 2005 году загадчыцай фінансавага аддзела. Прафсаюз існаваў за кошт сяброўскіх унёскаў, іншых прыбыткаў не было. У прафсаюза РЭП быў толькі адзін разьліковы рахунак – у Белінвэстбанку. Ігар Комлік стаў галоўным бухгальтарам пасьля яе сыходу, у 2005 годзе. Фядзько дапамагала рыхтаваць справаздачы і пасьля звальненьня — за разавыя ўзнагароджваньні, сумы былі невялікія, дакладныя лічбы ня памятае: 100–200 рублёў, альбо падарунак да дня народзінаў ці Новага году. Пра рахункі за мяжой яна нічога ня чула, пра замежныя камандзіроўкі таксама ня чула. Фядыніча як кіраўніка характарызуе станоўча, Комліка яна таксама называе «прыемным і добрым чалавекам».

16:30 Сьведка на працэсе лідэраў РЭП Юлія Юхнавец прызналася, што з 2015 году супрацоўнічала з КДБ

17:45 Сьведка Есіповіч заявіла, што падчас сьледзтва на яе ціснулі, запалохвалі канвоем. Адмаўлялася адказваць на пытаньні, на якія сродкі яна амаль штомесяц езьдзіла ў Вільню на пэнсію ў 311 рублёў у 2015–2016 гадах. Адвакатка адзначыла, што гэты пэрыяд не адносіцца да справы, што зараз разглядаецца ў судзе. Дзяржабвінаваўца зачытаў пісьмовыя паказаньні падчас папярэдняга расьсьледаваньня: раней яна прызнавалася ў перавозцы грошай па просьбе Фядыніча і Комліка ў 2015–2016 гадах. Есіповіч зноў паўтарыла, што на яе аказвалі ціск і запалохвалі канвоем.

Сьведка Жана Грынцэвіч апавяла, што часта ўдзельнічала ў сэмінарах за мяжой па прафсаюзнай тэматыцы, бо працуе ў Беларускім незалежным прафсаюзе. Але гэта дачыненьня да крымінальнай справы ня мае, падкрэсьліла Грынцэвіч. Пра адкрыцьцё валютных рахункаў яна нічога ня ведае, ні Фядыніч, ні Комлік ёй грошы не перадавалі. Ад сваіх ранейшых пісьмовых паказаньняў Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў 2 жніўня 2017 года яна адмовілася. У кожным кабінэце яна чула пагрозы, што сын яе не дачакаецца, што яе ўжо чакае канвой і турма. Грынцэвіч зачытала свае эмацыйныя нататкі пра допыты: як на яе ціснулі, як прымусілі пісаць у прыгнечаным псыхалягічным стане. Паабяцалі, што калі напіша, яе адпусьцяць дадому.

5 жніўня 2017 года Грынцэвіч дапыталі ў Сьледчым камітэце, дзе яна адмовілася ад сваіх паказаньняў, дадзеных УДФР. Дзяржабвінаваўца ўсе ж зачытвае паказаньні сьведкі, дзе тая прызнаецца, што адзін раз перавозіла грошы — 14 сьнежня 2016 года прыкладна 1-2 тысячы эўра. Дазнавацель настойваў менавіта на гэтай даце. Грынцэвіч падкрэсьліла, што пісала паказаньні пад ціскам, пад пагрозамі, калі была ў шокавым стане. Да таго ж, яе прымусілі даць падпіску аб неразгалошваньні, таму жанчына баялася паскардзіцца на ціск і пагрозы.

18:15 Сьведка Юры Белякоў працуе ў прафсаюзе прававым інспэктарам з 2015 году. Пра валютныя рахункі прафсаюзу нічога ня ведае. Адказваць на пытаньні пра падзеі 2016 году ён адмовіўся. Ня ведаў ён і пра тое, што Юлія Юхнавец — агент КДБ.

Падчас папярэдняга сьледзтва ён даваў паказаньні, што ведаў пра існаваньне рахунку ў замежным банку ў 2011 годзе, кажа пракурор. «Пра гэта шапталіся супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу ў офісе, што быў рахунак у 2011 годзе, і ён ужо закрыты», — адказаў Белякоў.


Дзяржабвінаваўца зачытвае перапіску Белякова і Юліі Юхнавец ад 7 жніўня 2017 году, дзе Юлія прызналася, што дала паказаньні пра перавозку грошай. А Белякоў ёй нагадаў, што магла не даваць паказаньні, бо не працавала ў 2011 — 2012 гадах. Скрыншоты перапіскі Юлія Юхнавец прадставіла па просьбе сьледзтва.

На гэтым паседжаньне скончылася. Працяг суду — заўтра, 31 ліпеня.

***

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Як лічыць сьледзтва, па віне сваіх лідэраў прафсаюз РЭП не сплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму 22 тысячы 867 рублёў 10 капеек. Абвінавачаньне падало пазоў аб спагнаньні маёмаснай шкоды на гэтую суму.

Лідэрам РЭП выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), ім пагражае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

«Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныя

Фядыніч і Комлік абвінавачаньні абвяргаюць. Яны заяўляюць, што працэс супраць іх — гэта рэакцыя ўладаў на актыўныя дзеяньні РЭП у справе абароны працоўных. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Паводле такога ж артыкулу ў 2011 годзе судзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Яго пакаралі 4,5 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а вызвалілі праз 3 гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным. Пра працэс падрабязна расказаў Валер Каліноўскі ў кнізе «Справа Бяляцкага» (PDF).

Сьведка на працэсе лідэраў РЭП прызналася, што з 2015 году супрацоўнічала з КДБ