На Магілёўшчыне ў райцэнтры Быхаў на сродкі з брытанскага фонду імя Саймана Лазаруса паставілі два памятныя знакі ахвярам Галакосту. Іх усталявалі на магілах, у якіх па сканчэньні Другой сусьветнай вайны былі пахаваныя парэшткі мужчын і жанчын, адшуканых сваякамі на месцах масавых расстрэлаў у ваколіцах гораду.
Гэты трэці помнік ахвярам Галакосту на Быхаўшчыне, усталяваньне якога фінансуецца брытанскім фондам.
Прадстаўніца фонду: «Мы хочам, каб магілы нашых продкаў былі ў добрым стане»
У Быхаве нацысты ў 1941 годзе забілі больш за 4,5 тысячы габрэяў. Значную частку парэштак у 1943 годзе яны выкапалі і зьнішчылі. Да расстрэлу палонных габрэяў утрымлівалі ў быхаўскім замку.
Першыя помнікі на магілах ахвяраў Галакосту ў Быхаве паставілі мясцовыя габрэі ў 1948 годзе. У 1960-х гэтыя памятныя знакі замянілі. Больш чым за палову стагодзьдзя разбурыліся і яны. За сродкі з фонду Лазаруса ў 2017 годзе паставілі новыя з надпісам на трох мовах: беларускай, ангельскай і ідыш.
На адкрыцьцё помнікаў 29 ліпеня сабраліся прадстаўнікі фонду, габрэйскіх арганізацыяў, мясцовай улады ды жыхары райцэнтру.
«Мы хочам, каб магілы нашых продкаў былі ў добрым стане і хочам гэта рабіць паводле габрэйскіх традыцыяў», — адзначыла ў сваім выступе на ўрачыстасьці адкрыцьця прадстаўніца фонду з Злучаных Штатаў Амэрыкі Джоні Клетар.
Заснавальнік фонду: Гатовыя ўсталяваць на магілах ахвяраў Галакосту 400 помнікаў
Фонд імя Саймана Лазаруса дзеіць у Беларусі ад 2003 году. Ініцыятарам стварэньня была сямейная пара зь Вялікай Брытаніі Дыяна і Майкл Лазарусы. Яны захацелі ўкласьці свае сродкі ў захаваньне і ўвекавечваньне месцаў зьнішчэньня габрэяў. Пазьней да сям’і Лазарусаў далучыліся дзьве сям’і з ЗША — Ўорана Гейслэра і Клетараў.
Для рэалізацыі праекту фонд стварыў камісію з прадстаўнікоў розных габрэйскіх арганізацыяў.
На сродкі брытанскага фонду ў Беларусі ўсталявана 112 памятных знакаў на магілах габрэяў, забітых нацыстамі. Першы ўсталявалі ў 2004-м на Гарадзеншчыне.
У інтэрвію Свабодзе Майкл Лазарус сказаў: калі ён упершыню прыехаў у Беларусь, яго ўразіла, што тут няшмат было адзначана мясьцін, зьвязаных з Галакостам. Паводле яго, фонд зьбіраецца прафінансаваць усталяваньне прынамсі яшчэ трохсот помнікаў.
«Мы прыйшлі сюды таму, што перакананыя ў неабходнасьці адзначыць усе мясьціны, дзе былі забітыя людзі, — кажа ён. — Тут жа амаль нічога не было, а цяпер мы бачым, што зьявілася тое, што ўвекавечвае памяць ахвяраў Галакосту».
«Паводле габрэйскай традыцыі, — дадае суразмоўца, — мы не забываем тых хто памёр. А ў тых абставінах, калі людзей забілі толькі таму, што яны былі габрэямі наш абавязак і адказнасьць памятаць пра іх асабліва».
Тры дзясяткі габрэяў, 200 магіл і сынагога бяз даху
Летась актывісты габрэйскай грамады з Магілёва скончылі каталягізацыю пахаваньняў на габрэйскіх могілках у Быхаве. Яны падлічылі больш за 200 магілаў з чытэльнымі надпісамі на іх. Нямала старых тутэйшых надмагільляў пашкоджаныя і зарослыя кустоўем. Пляцоўка вакол магіл з усталяванымі сёньня помнікамі выкашаная і прыбраная ад сьмецьця.
Зь некалі шматтысячнай габрэйскай грамады Быхава засталося толькі тры дзясяткі габрэяў. Гэта пераважна людзі сталага веку. Як напамін пра былую габрэйскую прысутнасьць ацалеў унікальны будынак сынагогі, узьведзенай у XVII стагодзьдзі. Твор архітэктуры рэнэсансу абарончага тыпу разбураецца. Дах бажніцы абрынуўся. Непадалёк разбураецца i замак, у якім было гета.