У Маскве 27 ліпеня памёр пісьменьнік Уладзімір Войнавіч. Яму было 85 гадоў. Прычынай сьмерці стаў сардэчны прыступ.
Апошняе інтэрвію Войнавіча Радыё Свабода было зьвязана з пратэстамі супраць рэстарацыі «Поедим поедим» у менскіх Курапатах.
Сярод знакамітых твораў Войнавіча называюць антыўтопію «Масква 2042», аповесьці «Шляхам узаемнага ліставаньня», «Шапка» і «Манумэнтальная прапаганда». Раман «Жыцьцё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» пераклалі на дзясяткі моваў сьвету і двойчы экранізавалі.
Войнавіч неаднаразова крытыкаваў палітыку Уладзіміра Пуціна. На пачатку 2000-х пісьменьнік выступаў у абарону тэлеканала НТВ і супраць вайны ў Чачні. Апошнія гады Войнавіч падтрымоўваў расейскіх і ўкраінскіх палітвязьняў.
Уладзімір Войнавіч нарадзіўся 26 верасьня 1932 году ў Душанбэ. У 1956 годзе пісьменьнік пераехаў у Маскву. У 1960-х гадах ён прымаў актыўны ўдзел у руху з правы чалавека. У 1980 годзе Войнавіча праз яго творы пазбавілі савецкага грамадзянства і выслалі з краіны. Назад пісьменьнік вярнуўся толькі праз 10 гадоў.