Апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падрыхтавала зьмены і дапаўненьні ў «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі».
Яе падштурхнулі да гэтага шматлікія канфлікты паміж грамадзянамі, прадпрымальнікамі і дзяржавай, якія ўзьнікаюць з прычыны недасканаласьці зямельных праваадносін.
Свой законапраект Канапацкая накіравала ў розныя дзяржаўныя органы, навуковыя арганізацыі, бізнэс-саюзы, каб атрымаць іх экспэртныя заключэньні. Бяз гэтага, згодна з рэглямэнтам працы Палаты прадстаўнікоў, дакумэнт нельга выносіць на абмеркаваньне дэпутатаў.
Што прапануе Канапацкая
- ліквідаваць неабгрунтаваныя абмежаваньні ў выкарыстаньні зямельных участкаў;
- скараціць падставы для іх канфіскацыі;
- ліквідаваць няроўнасьць у правах розных землекарыстальнікаў пры ажыцьцяўленьні гаспадарчай і іншай дзейнасьці;
- выключыць выпадкі пазасудовай канфіскацыі зямельнага ўчастка дзяржавай у землекарыстальніка;
- выключыць нормы аб забароне дзяліць зямельны ўчастак;
- зьняць абмежаваньні на прызначэньні зямельнага ўчастка, якім можа валодаць грамадзянін на правах уласнасьці;
- выключыць плату за права заключэньня дамовы аб арэндзе;
- выкарыстоўваць маёмасныя падаткі і арэндную плату выключна на разьвіцьцё адпаведных тэрыторый.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі дзейнічае з 23 ліпеня 2008 году.
Ганна Канапацкая спадзяецца, што яе законапраект змогуць разгледзець падчас сэсіі, якая пачнецца 2 кастрычніка 2018 году.