Асуджаны на 4 гады «хіміі» за напад на міліцыянта журналіст Дзьмітры Галко падаў апэляцыйную скаргу на прысуд. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька журналіста Мікалай Галко. Калі будзе разгляд скаргі, яшчэ невядома.
Дзьмітрыя Галко, вядомага па супрацы зь «Беларускім партызанам» і іншымі выданьнямі, 17 ліпеня асудзілі на 4 гады абмежаваньня волі за «напад на міліцыянта». Сам Галко назваў прысуд палітычна матываваным, не прызнаў віны і заявіў, што ня біў міліцыянта, а толькі спрабаваў вывесьці яго з кватэры, у якую міліцыянт трапіў незаконна.
Шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі і Беларуская асацыяцыя журналістаў 26 ліпеня прынялі сумесную заяву аб справе Дзьмітрыя Галко.
Яны не выключаюць, што крымінальная справа супраць яго — помста органаў унутраных справаў за публічную крытыку.
На думку падпісантаў, у судзе не была даказаная законнасьць дзеяньняў міліцыі:
- уваходу міліцыянтаў у кватэру,
- відэаздыманьня ў кватэры,
- працяглага знаходжаньня там без працэсуальных дзеяньняў.
«Ёсць усе падставы меркаваць, што гэтыя дзеянні парушалі недатыкальнасць жылля і суправаджаліся ўмяшальніцтвам у асабістае жыццё. І расцэньваліся такімі Дзьмітрыем Галко», адзначаецца ў заяве.
Адпаведна і прысуд за перашкоду законнай дзейнасьці міліцыянтаў выглядае не абгрунтаваным, вынікае з тэксту заявы.
Аўтары заявы адзначаюць, што ў справах, зьвязаных з публічнай крытыкай прадстаўнікоў улады, расьсьледаваньне павінна быць бездакорным — як па працэдуры, так і па высновах.
«На нашу думку, у дадзеным выпадку яно такім не зьяўляецца. Многія пытаньні, істотныя для справы (і для далейшай практыкі ўзаемадачыненьняў грамадзян і супрацоўнікаў міліцыі), не былі вырашаныя судом», — сказана ў заяве.
25 лістапада 2017 году ў менскай кватэры сын журналіста зь сябрамі-падлеткамі адзначаў свой дзень народзінаў. У кватэры знаходзіўся і Дзьмітры Галко. Супрацоўнікі міліцыі, як мяркуе журналіст, незаконна ўварваліся ў кватэру, дзе без дазволу пачалі праводзіць відэаздымку і затрыманьні. Паводле міліцыянта Юрыя Чыркова, Дзьмітры Галко аказваў яму супраціў, разьбіў мабільны тэлефон і двойчы ўдарыў. Сам Дзьмітры Галко гэта адмаўляе.
Паводле сьведак, некаторыя ўдзельнікі адзначэньня дня народзінаў, у тым ліку непаўналетнія, былі нападпітку. Міліцыянты сьцьвярджалі, што нецьвярозы быў і Дзьмітры Галко, чаго сам ён у судзе не прызнаў.