У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
БЫЦЬ ПАХАВАНЫМ У ВІЛЬНІ
Натальля Арсеньнева, Вільня, 1926
Я гэты горад знаю з даўных дзён.
I каб ня хвойны пах бацькоўскай хаты,
I каб не нарачанскай хвалі звон
Ля курганоў, ля сосен расахатых, —
Хацеў бы я, каб мой апошні сьпеў
Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,
Дзе ўпершыню ён гулка празьвінеў,
Знайшоў спакой і вечны свой прытулак.
Аўтар гэтых радкоў урэшце знайшоў свой спачын «ля курганоў, ля сосен расахатых». Але жаданьне быць пахаваным у Вільні выказваў ня толькі Максім Танк. Гэты матыў гучыць у вершах Натальлі Арсеньневай. Пра вечную Вільню мроіў і Ўладзімер Жылка. Толькі ўва ўсіх выйшла па-іншаму. Жылка ляжыць у далёкім Прыўральлі, а Арсеньнева ўвогуле за акіянам.
І што нам, чытачам, рабіць са сваёю патрэбаю наведаць магілу паэта? Каб успомніць, пачытаць вершы, ушанаваць. У арсеньнеўскай Вільні такая магіла ёсьць.
Як тут люблю я ўсё:
чырвоны вулак брук
і залатым пяском асыпаныя дахі…
Манюся тут сваю апошнюю зару
я сустракаць,
адсюль —
пайсьці адвечным шляхам.
Ва ўспамінах паэтка згадвае свайго бацьку Аляксея Арсеньнева, які памёр у Вільні ў 1926 годзе. Дадам, што сям’я была праваслаўнай. Гэтых зьвестак мне было дастаткова, каб адправіцца на віленскую Ліпоўку — старыя праваслаўныя могілкі паміж Вострай Брамай і Менскай шашой.
Ліпоўскія могілкі — месца, калі можна так сказаць, вельмі ўтульнае для вечнага спачыну. Узгоркі, парослыя векавымі дрэвамі, у нізінах акуратныя сьцежкі. На самай высокай гары пануе невялікая, але вельмі зграбная ратонда — храм Эўфрасіньні Полацкай. Сярод багатых чорнамармуровых надмагільляў расейскага чынавенства і сьціплых крыжоў тутэйшага люду вока парадавалі некалькі помнікаў зь беларускімі надпісамі. Рэха міжваеннай Вільні. Але магіла Арсеньневых нідзе не сустракалася.
Дагараюць, таюць сьвечкі ліпаў… Восень.
Кроплі воску — лісьце — ўслалі мох.
Хоць тугі у госьці мы ня просім,
тут яна…
і тужыцца само.
Зараз зноў рудое зрэб’е змроку
лістапад пачне вакол сьпяліць,
зноў успомнім мы (ня зьняць урокаў)
змагароў, што зьлеглі у зямлі.
БАЦЬКА АЛЯКСЕЙ І НЕВЯДОМАЯ НАДЗЕЯ
Па дапамогу я зьвярнуўся да настаяцеля царквы айца Ўладзімера. Сьвятар, дарэчы, беларус з Мастоў, да маёй справы паставіўся паважна. Адклаў свае гаспадарчыя клопаты і адшукаў кнігі з вопісам міжваенных пахаваньняў. Праглядаючы разам старонку за старонкай, мы ў разьдзеле, прысьвечаным 24-му ўчастку, неўзабаве знайшлі наступны запіс: «Алексей Арсеньев, 1926 год, Надежда Арсеньева, 1913 год». Побач давалася апісаньне магілы: «Камень, высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа». Невядома, праўда, было, хто гэтая жанчына. Надзея. Калі гэта маці, дык 1913 год — памылка, бо маці Натальлі Арсеньневай памерла ў 1939-м, пра што піша сама паэтка. А калі дата сьмерці сапраўдная?.. Можа бабка?
Яшчэ загадка заключалася ў тым, што ўчасткі з тых часоў даўно зьмянілі як нумарацыю, так і канфігурацыю. Але айцец Уладзімер загарэўся маёй ідэяй. Праз колькі хвілінаў перада мною ляжаў стары, царскіх часоў плян Ліпоўскіх могілак, зь якога вынікала, што ўчастак 24 знаходзіцца недзе паміж Лысаю гарой і Шкаплернай вуліцай. Сёньня гэта вуліца Дзуку. Захапіўшы з сабою той могілкавы фаліянт, сьвятар вырашыў асабіста паўдзельнічаць у пошуку магілы.
Недзе каля гадзіны мы з айцом Уладзімерам абыходзілі той колішні 24-ы ўчастак. Я, прызнацца, ужо згубіў надзею. Бо занадта шмат там было магілаў, пазначаных другой паловай мінулага стагодзьдзя. Былі нават нейкія Арсеньневы, пахаваныя ў 1970-х. Але сьвятар абнадзеіў тым, што нават калі самая магіла не захавалася, дык месца яе ўсё адно высьветліць удасца. Бо складальнік той кнігі натаваў усё, ідучы роўненька па радах, магіла за магілай. І арыентыраў пакінуў дастаткова.
І сапраўды, праз колькі часу мы пабачылі магілу Марыі Рыбнікавай, а поруч магілы сям’і Дзехцеравых. Згодна з кнігай, побач мела быць агароджа арсеньнеўскага помніка. І вось ён, зарослы травою грудок і камень пры самай сьцяжыне. На камені — сьлед ад крыжа, шыльда таксама сарваная. Але сумневаў у нас не было.
— Арсеньнева Надзея і Алексій. Год пахаваньня 1913, Аляксея — 1926. І што на гэтым месцы пахаваньня — камень плюс высокі мармуровы крыж, жалезная агароджа. Ну вось. Захавалася што? Захаваўся толькі камень. І бачна, што крыж тут быў. Месца для крыжа ёсьць, месца для шыльды ёсьць. Але крыжа і шыльды ўжо няма. І агароджы няма.
Зацерлі золь, слата
няўзнак
імёны, год.
Із наспай роўнае ўзьнялося пустазельле.
Ды запыні, спытай абы-каго.
«Жывыя, — скажа ён, — хай целы і сатлелі!»
…Ці йшлі яны у бой ізь песьняй маладой,
ці доўга несьлі боль, аж палі гэтта ніцма,
ці на Дзяды мядзяныя, увосені,
зь бядой
прыходзіць хто па іх паплакаць,
памаліцца?
Айцец Уладзімер пайшоў у сваіх справах, а я застаўся каля сямейнай магілы Арсеньневых. Той самай, дзе, павярніся гісторыя па-іншаму, магла б знайсьці свой спачын і паэтка. Гэта значыць, зьявіўся яшчэ адзін віленскі адрас. І тым, каму дарагая творчасьць Натальлі Арсеньневай, цяпер ёсьць куды прыйсьці, каб пакласьці кветкі.
2003, кастрычнік
P. S. Шукаючы выяву таго каменя ў сеціве, я з радасьцю даведаўся, што ў лістападзе 2015 году на магіле Аляксея Арсеньнева адбылося адкрыцьцё абноўленага помніка. З удзелам Зянона Пазьняка і Аляксея Марачкіна. На новым камені зьявіўся надпіс: «Арсеньеў Аляксей, сын Аляксандра. Начальнік управы Віленскай мытнай акругі, сапраўдны штацкі дараднік. Бацька беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай-Кушаль. Памёр у Вільні ў 1926 годзе». Стваральнікі БНФ схілілі галовы над магілай расейскага мытніка, які аднойчы аддаў дачку ў беларускую гімназію.
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу