Клініка кітайскага дантыста. Гадаваўся «пры гарэлцы»

Будынак колішняй манаполькі, у якім нарадзіўся паэт Уладзімер Жылка

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

ГАДАВАЎСЯ Ў МАНАПОЛЬЦЫ, «ПРЫ ГАРЭЛЦЫ»

Ула­дзімер Жылка, Макашы, 1900

У­дзячная гэта справа — знаёміцца з паэтам завочна. Не тады, калі бярэш кніжку з гучным прозьвішчам аўтара, а тады, калі даведваесься пра аўтарства ўпадабанага раней твору. Менавіта такое знаёмства адбылося ў мяне з творчасьцю Ўла­дзiмера Жылкi. У пачатку 1990-х я пачаў слухаць беларускае. Слухаў усё запар — ад афіцыйнай эстрады да андэрграўнду. Але найбольшае задавальненьне прыносіла мне перазапісаная дзясяткi разоў аўтарская песьня. I неяк прывязалася да душы адна прыгожая песенька Вольгi Цярэшчанкi — «Шлях да Бога». Я мiжволi вывучыў яе на памяць. Як пазьней высьветлілася, я вывучыў верш Ула­дзiмера Жылкi.

Напяваючы гэтую песьню, я ехаў у вёску Макашы Нясьвіскага раёну, дзе сто гадоў таму нара­дзiўся паэт. Ехаў па банальны сюжэт «да сотых угодкаў». Я не спа­дзяваўся знайсьцi лю­дзей, што маглi ўспомніць равесьнiка ста­го­дзь­дзя, які пакiнуў родную вёску яшчэ ў 1914 го­дзе. Адно думаў пабачыць родны дом паэта і, магчыма, запытацца ў тамтэйшых дзяцей, цi кажа iм нешта гэтае прозьвiшча — Жылка.

Уладзімер Жылка

Макашоў у дарожным атлясе няма. Можа там калі што й засталося, дык якія два-тры двары? Насамрэч памiж прыгожым лесам i рэчкаю Ўшой раскiнулася даволi вялiкае сяло. Старыя драўляныя дамкi перамяжоўваюцца з дыхтоўнымi мураванкамi. Сумным сымбалем прамінулага стаго­дзь­дзя гля­дзяцца руiны калгаснага мэхдвара з iржавымi шкiлетамi камбайнаў. Некалькi вузкiх вулачак зьбягаюцца да немалога пляцу. На ўзгорку разьлеглiся вясковыя могiлкi, а ў самым цэнтры гэтай зялёнай плошчы — ахайна абгароджаная пляцоўка зь невялiчкiм помнiкам. На мармуровай плiце выгравэраваны знаёмы партрэт. Надпiс паведамляе, што тут, у вёсцы Макашы, нара­дзiўся «беларускi савецкi паэт Ула­дзiмір Жылка».

​Пакуль я вывучаў помнiк, да мяне падышла сямейная пара. Ён, п’янтос гадоў 30 у бруднай цяльняшцы й з дурнаватай усьмешкай на малiнавым твары; яна, кабета з хiтраватым позiркам і памятым абліччам. На руках у яе — замурзанае трохгадовае дзяўчо. «А вы дзедам iнцярасуецеся?» — запыталася кабета. — Як вы яго назвалi? — перапытаў я. — «Ну, гэтым, Жылко, пiсацелем». Далей маёй асьветаю заняўся муж. Ён паведаміў, што Жылко «напiсаў нейкi вершык, за што яго паса­дзiлi ў Сiбiр». А дом паэта, як высьветлiлася, купiў нейкi дачнiк зь Менску. Дом, дарэчы, дзякуючы таму загадкаваму дачнiку выглядае як нядаўна пабудаваны. Новая шалёўка, новая бляха.

«А вунь там, — паведамiла кабета, — жыве стары дзед, якi хрысьцiў таго паэта». Можа, я чаго не дачуў, але да паказанага кабетаю дому пайшоў зь вялiкай цiкавасьцю.

«ЖАЛЬ МНЕ ЯГО!»

У даволi яшчэ моцнай, але недагледжанай хаце, на кухнi, за сталом ся­дзелi трое дзядоў i пiлi мутны самагон з клясычнай здаравеннай бутлi. Вызначыць узрост найстарэйшага было амаль немагчыма. Сказалi б «сто сямнаццаць», паверыў бы. Але гэты маленькi ўсохлы дзядок быў у кампанii за каман­дзера. Другi стары, рахманы й памяркоўны, цiхенька прытуліўся ў куточку. Трэцi на тле астатнiх двух выглядаў проста мала­дзёнам. Як высьветлiлася, сын (гэта той, што мала­дзейшы) з бацькам (гэта той, што найстарэйшы) прыехалi з Баранавiчаў адведаць свайго дзя­дзьку й брата (таго, што ся­дзеў цiхенька). Выпiта, мяркуючы з ажыўленай гамонкі, было нямала. Не пасьпеў я адрэкамэндавацца й дастаць мiкрафон, як перада мною ўжо стаяў напоўнены кілішак. Я зьвярнуўся да самага старога, Iвана Абрамовiча, народжанага ў Макашах праз два гады пасьля зьяўленьня на сьвет знакамітага земляка — у 1902-м, і пачуў у адказ трасянку мовы і фактаў:

— Он с тысяча дзевяцьсотага года. Я с тысяча дзевяцьсот утарога. Ацец яго хрысьцiў мяне. А ацец яго родам з-пад Слуцка. А он у нашай дзярэўнi… пры царызьме былi манаполькi созданы… Вы гэтага ўжо ня помнiце… I он пры Польшчы быў у Вiльнюсе рэдактарам газэты «Зьвязда». Гэты Жылка рэдактарам быў. Патом яго пры… ня буду гаварыць, пры дыктатары, проста скажу… Паскольку я панімаю, што сказаць…

Я ўжо ведаў, што бацька паэта сапраўды быў ся­дзельцам манаполькі, якая стаяла каля самага млына, дзе ўвесь час у чарзе ну­дзіліся завозьнікі — на­дзейныя кліенты ў «бары» Адама Жылкі. Дасьледнік Ула­дзімер Калесьнік пісаў:

«Казённая хата Жылкі была вялікая, на два канцы, з ганкам і белымі аканіцамі, зацененымі шырокім саламяным капяжом. У пярэднім канцы ся­дзелец кватараваўся, у заднім — гандляваў. Вось у такой з выгляду сялянскай, ды не сялянскай хаце давялося прыйсьці на сьвет і правесьці дзяцінства будучаму паэту».

Гэта значыць, што нара­дзіўся паэт фактычна ў манапольцы, «пры гарэлцы». У антуражы, падобным на той, у якім цяпер успамінаюць пра яго землякі.

Я ведаў таксама, што «Зьвязда» выхо­дзіла ня ў Вільні, а ў Менску, Жылка сапраўды быў там супрацоўнікам, але не рэдактарам, калі ў 1926 го­дзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Але ўсе гэтыя дакладныя і недакладныя факты падаваліся мне мала істотнымі на цяперашнім застольлі. Да мяне пакрысе пачынала дахо­дзіць, што перад мною бяз двух гадоў раўналетак толькі што прамінулага стаго­дзь­дзя. Але ўсьвядоміць гэта цалкам на цьвярозую маю галаву было цяжкавата. Пагатоў дзядуля, як я зразумеў, толькі пачынаў хмялець.

— Мікалай, брацішка ты мой, мне ня трэба займацца балталогіяй. Я должан гаварыць праўду. Чэсна i благародна! Сягоньня, можа быць, адна мінута, i канец маей жызьнi! Дай мне сказаць, а ты потым бу­дзеш гаварыць!.. Далi яму пяць гадоў турэмнага заключэньня. За што, я не магу вам сказаць. Потым ён папаў у Прагу. Прага вы знаеце чыя сталіца… Як ён памёр, якая яго апошняя су­дзьба пасьцiгла — я не магу вам сказаць. Патрыёт быў ро­дзiны! А вместа отдыха далi яму пяць лет турмы. Во як! Жылі яны небагата. Памятнiк яму ў нашай дзярэўнi пастаўлены два-тры гады таму. (Скрозь плач.) Жаль мне яго! Жаль мне яго! Жаль мне яго!..

Стары Абрамовiч закурыў «Прыму» й зайшоўся такімі рыданьнямi, быц­цам пахаваў самага блiзкага сябра. Пару дзён таму. Зрэшты, з вышынi дзевяноста васьмi гадоў, напэўна, кожная перажытая эпоха бачыцца як нешта зусім нядаўняе.

Я ня стаў болей турбаваць старых лю­дзей, пакiнуўшы iх далей расьпiваць сваю пляшку. Няцяжка нават уявіць, як гэтая тройца п’е на працягу стаго­дзь­дзя. Ад самага нараджэньня. За пыльным акном мяняюцца рэжымы і ўлады. Па дарозе на Iшкал­дзь прахо­дзяць арміі ў самых разнастайных уніформах. Радыё балбоча на розных мовах. А тут усё той жа стол. Усё той жа самагон. I ўсё тыя ж тосты за здароўе й доўгае жыцьцё! Там Расейская імпэрыя i Другая Польская рэспубліка, Трэцi райх i СССР! I як тут не дапiцца да беларускай незалежнасьцi!

Уявiць за гэтым сталом Жылку я ня здолеў. Ня тое што ў якой вiленскай кавярнi цi на вулiцы ў Празе. Адкуль, зрэшты, малады невылечна хворы i незвычайна таленавiты чалавек вырашыў ехаць у чырвоны Менск. Абмяняць жыхарства ў Чэхіі на савецкi пашпарт сталiнскага ўзору. Якi неразумны ўчынак зь сёньняшняга гле­дзішча! Калi ўсё часьцей мяняюцца пашпарты незалежнай Беларусi ў адваротным кiрунку.

2000, травень

P. S. Дзед Жылкі па маці, Анупрэй, пражыў 112 гадоў. З такой моцнай генэтыкай і сам паэт мог ся­дзець за тым адвечным сталом амаль што да нашых дзён. І не было б сухотаў, на якія захварэў у Менску, не было б Вільні і Прагі. І сьмерці на чужыне. Але не было б і вершаў. Пытаньне пра тое, які б варыянт уласнага жыцьця выбраў ён сам, надоўга заглыбіла мяне ў філязофскі роздум…

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата

Сынтэз паганства і хрысьціянства

Асілак на дрэве