Беларусь ня згодная на бязьвізавы транзыт у Расею да канца гэтага года футбольных заўзятараў, якія раней атрымалі пашпарт заўзятара (Fan ID) на Чэмпіянат сьвету па футболе.
Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Фісенка.
Уладальнікам пашпарта заўзятара дазволілі бязьвіз у Расею да канца года
Расейская Дзярждума прыняла ў трэцім чытаньні закон аб бязьвізавым уезьдзе ў Расею да канца 2018 года для ўладальнікаў пашпарта заўзятара (Fan ID) на Чэмпіянат сьвету па футболе, які прайшоў у Расеі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня, паведамляе ТАСС.
Замежныя заўзятары, якія аформілі Fan ID і набылі квіткі на матчы, маглі прыехаць у Расею бяз візы.
Пасьля завяршэньня чэмпіянату прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвясьціў, што ўладальнікі пашпартоў заўзятара атрымаюць права бязьвізавага шматразовага наведваньня Расеі да канца 2018 года.
Беларусь прапусьціць заўзятараў толькі па транзытных візах
Паводле Ігара Фісенкі, Беларусь можа забясьпечыць праезд заўзятараў толькі па транзытных візах.
Прадстаўнік МЗС сказаў, што 25 ліпеня скончылася дзеяньне беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб бязьвізавым ўезьдзе замежных заўзятараў на Чэмпіянат сьвету па футболе, які прайшоў у Расеі.
Паводле Фісенкі, расейскі бок не зьвяртаўся да Беларусі з тым, каб падоўжыць бязьвізавы ўезд заўзятараў у Расею да канца гэтага года. Паводле Фісенкі, такіх кансультацый не было.
29 траўня ў Менску было падпісана беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне, згодна зь якім замежныя грамадзяне, якія маюць пашпарт заўзятара (FAN ID), змогуць уяжджаць, часова знаходзіцца і перамяшчацца транзытам праз Беларусь бяз візы ў Расею на чэмпіянат сьвету па футболе з 4 чэрвеня па 25 ліпеня.
Паводле гэтай жа «спартовай дамоўленасьці» з Расеяй, замежныя заўзятары змогуць накіроўвацца бязь візы праз расейскую тэрыторыю ў Беларусь на Эўрапейскія гульні.
Паводле ўказу кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, устаноўлены бязьвізавы ўезд удзельнікам і гледачам II Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
Бязьвізавы ўезд у Беларусь прадстаўляецца для ўдзельнікаў, афіцыйных прадстаўнікоў, арганізатараў гульняў, іншых спэцыялістаў з 20 траўня па 10 ліпеня 2019 году, а таксама для замежных турыстаў з 10 чэрвеня па 10 ліпеня па акрэдытацыйных картках або квітках на спартовыя спаборніцтвы.