Клініка кітайскага дантыста. Сынтэз паганства і хрысьціянства

Алесь Юркойць

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

«ВЫ ТОЙ САМЫ БАРТОСІК?»

Казімер Сваяк, Клюшчаны, 1920

Гэтая гісторыя пачыналася для мяне зь непрыемнасьці. Улетку 1998-га, едучы на сваім «Запарожцы» зь Вільні ў Менск, я перасякаў мяжу ў Каменным Лагу. Акуратна запоўніўшы мытную дэклярацыю на мове арыгіналу, я аддаў яе самавітаму маладому інспэктару ў сінім кіцелі. Прыгажун-мужчына ўзяў маю паперку, але пячатку ставіць не сьпяшаўся. «Вы Бартосік?» — зь ле­дзь прыхаванай усьмешкай спытаў ён. — Так, — раздражнёна адказаў я. — І я ня маю ні лішніх грошай, ні зброі, ні наркатычных рэчываў. — «Вы той самы Зьміцер Бартосік, які ў „Нашай Ніве“ і на Радыё Свабода апантана змагаецца за беларушчыну?» — Т-так, — мой адказ прагучаў ужо ня так звонка. — «А гэта ваша дэклярацыя?» — Так, — упалым голасам двоечніка, які ня вывучыў уроку, прамямліў я.

Я не ўпершыню быў злоўлены сваім чытачом і слухачом на «моўнай няшчырасьці». Аднойчы мне ўжо прыхо­дзілася чырванець у кабінэце акуліста. Іншым разам у аўтамайстэрні я клікаў на дапамогу сваіх расейскіх продкаў. Але з чытачом у форме сутыкнуўся ўпершыню. «Колькі ж нас многа», — думаў я, перапісваючы дэклярацыю і ўнутрана даючы ўрачыстае абяцаньне больш ніколі не запляміць сваё сьветлае беларускае імя.

Так я пазнаёміўся з Алесем Юркойцем. Краязнаўцам ды ініцыятарам шматлікіх культурных імпрэзаў на Астравеччыне. Менавіта Алесь распавёў мне пра яшчэ а­дзін забыты адрас нашай культуры — капліцу Казімера Сваяка.

Не­дзе ў памежным лесе, удалечыні ад асноўных трасаў і буйных паселішчаў, там, куды немагчыма дабрацца аўтамабілем, стаіць разбураная шляхоцкая ся­дзіба з радавой капліцай. Падчас Першай усясьветнай вайны яна належала да парахвіі Клюшчаны, і служыў у ёй ксён­дз Кастусь Стаповіч. Паэт Казімер Сваяк.

У Клюшчаны мы з Алесем выправіліся сьнеж­ным адвячоркам. Да ягонага сябра й цёзкі лесьніка Алеся Марозіка, які зга­дзіўся давесьці нас да той закінутай у лесе капліцы.

Дарога на Клюшчаны з кожным кілямэтрам губляе прыкметы цывілізацыі. Асфальт саступае месца грунтоўцы. Вёскі драбнеюць. Сустрэчных машын няма. Кожны ўбачаны чалавек на глухой дарозе становіцца выразным, быццам кінагерой, узяты буйным плянам. Клюшчаны — апошні населены пункт. Далей дарогі няма. Тупік. Мяжа. Лес. У лесе цяпер разьбіраюць чыгунку, што ле­дзь ня сто гадоў зьвязвала Вільню з Полацкам.

«ОЙ, ЦЯЖКА, ЦЯЖКА!»

Лясьнік Марозік прыватызаваў палову колішняй школы, адкрытай за Пілсу­дзкім і закрытай за Лукашэнкам, ды некалькі гектараў зямлі навокал. Грунтоўны драўляны будынак рупнасьцю гаспадара ператвараецца ў сапраўдны маёнтак з усімі выгодамі. Былая школа стаіць на ўзвышшы, і краявіды зь яе вокнаў такія, што не прысьніш. А яшчэ — гаспадарка: ад казьлянятаў да машын. Ці ня гэта нараджэньне новых арыстакратычных дамоў? Зь­дзейсьненая мара аб Новай зямлі? Адказ дадуць лесьніковыя дзеці, Адась і Наста, якія ўжо ведаюць пра сваю зямлю болей за дарослых дзя­дзькоў у далёкім Менску.

Клюшчаны, касьцёл Сьвятога Яўхіма

Шпацыруючы па вёсцы, Марозік паказаў насупраць утульнага касьцёлу, дзе маліўся ксён­дз і паэт Стаповіч-Сваяк, руіны немалой ся­дзібы. Менавіта тут, у хаце Віктара Смаленскага, зьбі­раўся колішні «Хаўрус сваякоў», слава пра які йшла па навакольлі. Зараз шмат хто вам давя­дзе, што менавіта тут адбылася першая пастаноўка Купалавай «Паўлінкі». Сам Сваяк пісаў пра гэта наступнае:

«Новы 1916 год. Адбыўся сягоньня так званы „літаратурны вечар“ нашага хору. Усе дэклямацыі павяліся як найлепей. Найвыбітнейшыя песьняры Беларусі знайшлі тут дастойнае месца. Найболей падабаецца ўсім наш стары Багушэвіч. Яго „Праўда“ пакінула на ўсіх тварах сьлед глыбокага задуменьня. „Ой, цяжка, цяжка!“ — словы гэтыя ўзятыя з-пад сэрца беларуса».

Вайна, тыфус, сьмерць. Бясконцыя службы за супакой душы, перадсьмяротныя спове­дзі, пахаваньні дзяцей… І ў той самы час — літаратурныя вечары. Каб гэта зразумець, напэўна, трэба добра ўсьведамляць сэнс таго «Ой, цяжка, цяжка». Каб мець права казаць тое беларускае «цяжка»…

МУМІЯ РУДОГА ПАНІЧА

На Клюшчанскіх могілках усё, як у Сваяковых запісах:

Казімер Сваяк

«Адчыніў я шырокую браму магільніка. Простая палісада дзеліць яго напал. На ўзгорку статуя Маткі Божай з скрыжаванымі рукамі на гру­дзёх. Дрэў і дрэўцаў галіны прысланяюць рады крыжоў, драўляных, простых. З мокрых пажаўцелых лістоў спадаюць каплі нябеснай расы. Між дрэў найстаршы — клён, пасярэ­дзіне магільніка. Пад ім яшчэ ніхто не ляжыць. Там месца для мяне…»

Мае праваднікі зьвярнулі ўвагу на адно надмагільле. «Інжынер Адольф Клімовіч. 1900–1970. Беларускі дзяяч-патрыёт. У Табе Божа паклаў я на­дзею. Хай ня буду адкінуты навекі. Тe Deum laudamus». Як патлумачылі мае спадарожнікі, рэдагаваны Клімовічам агранамічны часопіс «Самапомач» да гэтае пары ў пашане сярод старых лю­дзей…

Мы ехалі ў лес да таямнічай капліцы. Конь Чучмек бег па мокрым сьнезе, зь цяжкасьцю цягнучы нашыя санкі. Лежачы на сене ды аглядаючы палі і пагоркі, блізкі лес, я, гара­дзкі жыхар, пачуваўся быццам на здымках прыгодніцкага кіно пра партызанаў. Пад шоргат палазоў я слухаў сваіх новых сяброў. Гаварыў Алесь Юркойць:

Капліца Сволькенаў

— Пад’яжджаем да месца, якое называецца Шайкуны. Некалі было ўладаньне паноў Сволькенаў, дальнія ро­дзічы якіх пахо­дзяць са Швэцыі. Мы праехалі палісаду, каля трох кілямэтраў прыблізна, яна злучала некалі Клюшчаны, парахвіяльны касьцёл зь ся­дзібай Сволькенаў. Ад маёнтку нічога не засталося. Засталіся толькі рэшткі ад парку, рэшткі ад сажалкаў, ад мастоў, ад гаспадарчых пабудоваў. І рэшткі ад адной студні. Усё. Ад палацу нават падмуркаў няма на сёньняшні дзень. Толькі ў лесе фамільная капліца Сволькенаў. У той час, як Казімер Сваяк быў пробашчам у Клюшчанскім касьцёле, ён быў парахвіяльным ксян­дзом, і ў той капліцы таксама адпраўляў імшу. Сёньня капліца разрабаваная, знахо­дзіцца ў вельмі непрыглядным стане, бяз столі, бяз даху. Толькі сьцены стаяць і рэшткі ад надмагільляў застаўшыся. Некалі за савецкім часам, распавядалі мясцовыя жыхары, прыяжджалі савецкія вайскоўцы на бульбакапаньне. Разрабавалі фамільны склеп, павыцягвалі грабы, і такі жарт яшчэ ў іх быў вельмі папулярны. Дасталі маладога пана з дамавіны. У яго рудыя валасы былі. Ставілі да дрэва. Увечары хто-небу­дзь па дарозе ішоў, тут якраз дарога прахо­дзіла, і так палохалі. Многія жыхары яшчэ памяталі і нават пазнавалі паніча маладога. І здавалася — як здань стаіць гэтая ягоная мумія…

Разрабаваная труна ў капліцы-пахавальні Сволькенаў

— Ці засталася памяць ад дзейнасьці «Хаўрусу сваякоў»? — спытаўся я.

— Старыя лю­дзі памятаюць, — адказаў Алесь-мытнік. — Той жа Хадорскі. Хадорскі расказваў, што іх вучылі беларускія песьні касьцельныя сьпяваць. Але ён згадваў не Сваяка, а Клімовіча. Ён, відаць, з гэтай мола­дзь­дзю болей працаваў… З такога маленькага кутка, пара хутароў, — дзясятак дзеячоў агульнабеларускага маштабу. Толькі «Сваякоў» былі чатыры ці пяць братоў. Затым Янка Быліна, псэўданім Івана Семашкевіча, ксян­дза. Пасьля Адольф Клімовіч… Гэта ўсё з маленькага кутка Клюшчанскага. Яны сюды багата літаратуры прывозілі. Прывозілі кніжкі, лацінкай друкаваныя, якіх я нават у Нацыянальнай бібліятэцы ня бачыў… Ну вось і капліца. Др-р-р.

Клюшчаны, капліца-пахавальня

Схаваная сярод ялін руіна паказваецца з дарогі нечакана. І здаецца ў гэтым глухім атачэньні вяршыняй архітэктурнай зграбнасьці. Пабудова аскетычная, сьціплая. Атынкаваныя сьцены вышынёй мэтраў пяць, гатычныя вокны, столь абваленая. Пазіраючы на капліцу з розных бакоў, я злавіў сябе на думцы, што ле­дзь не ва ўсіх беларускіх руінах не знаходжу прыгажосьці заняпаду. Усе нашыя разбураныя помнікі карціць прывесьці ў першапачатковы выгляд. У тым ліку і гэтую капліцу.

Пражыў Казімер Сваяк 35 гадоў. Выдаў некалькі кніг у розных жанрах. Доўга хварэў на сухоты. Памёр у Вільні. Пахаваны на славутых могілках Росы, на Літарацкай горцы, побач з Сыракомлем, Ядвігіным Ш., Аляхновічам…

СЫНТЭЗ ПАГАНСТВА І ХРЫСЬЦІЯНСТВА Ў БЕЛАРУСКУЮ ВЕРУ

Сяргей Дубавец выказаў думку, што ў часы нашаніўства, калі ўсё ў беларушчыне імкліва стваралася, калі Дубейкаўскі выпрацоўваў нацыянальны стыль у архітэктуры, калі Тарашкевіч складаў беларускую граматыку, а Ластоўскі рабіў канцэпцыю нацыянальнае гісторыі, рэлігіятворчасьцю выпала займацца Сваяку. Разумеючы патрэбу беларускага хрысь­ціянства, Сваяк інтуітыўна прыйшоў да сынтэзу яго з дахрысьціянскімі народнымі традыцыямі. Сваяк выступіў як архітэктар беларускае веры.

Сутнасьць ягонае ідэі ў тым, што Бог — а­дзін, а Дажбог, Сварог, Стрыбог — гэта ягоныя каляндарныя іпастасі. Праграмны верш зьявіўся ў «Нашай Ніве» 1 лістапада 1920 году.

Задушкі йдуць, самлела ўжо прырода,

Абмыў ўжо дошч васенну дамавіну,

Стрыбог узяў у рукі ўсё ад Рода,

А Мокша атрасла апошнюю галіну.

Чакае ўсё, калі Дажбог ўладарны

За­дзержыць рэкі ў сковы лядаваты,

Калі Пятро у небе гаспадарны

Для бедных душ зачыніць божы хаты.

Спачыне й сьмерць у зімку у марозну,

Заціхне зьвер, заглохне ў лесе птушка,

У цемру воўк завые так трывожна,

Як бы сканала гдзе ягоная дачушка.

На голас той Сварог пашлець прадвесьне

І першым Перуном разваліць моц Стрыбога:

Скрушэе лёд, зямлі пялёнка счэзьне,

І ўсё жывое зноў пагорнецца да Бога.

Гле­дзячы на двух моцных мужчын каля кап­ліцы Сваяка, я раптам зразумеў, чаму беларусаў называюць нацыяй паэтаў. Не вялікіх палітыкаў ды вайскаводаў, не навукоўцаў і не спартоўцаў. Яны, спартоўцы з палкаводцамі, безумоўна, былі, ёсьць і будуць. Але так выйшла, што калі па-сапраўднаму «цяжка», толькі на паэтаў апошняя беларуская на­дзея.

Сакавік 2002 г.

ГЕРОЙ У ТУРМЕ, КАСЬЦЁЛ ЗГАРЭЎ

Алесь Юркойць у турме

P. S. Тады, у 2002-м, Алесь Юркойць прасіў, каб у этэры Радыё Свабода не гучала ягонае імя. І каб ніякім чынам не фігуравала ягонае месца працы. Алесь перастрахоўваўся. Я разумеў, што пастаўленыя помнікі, адкрытыя музэі, зладжаныя пленэры, літаратурныя выступы ў школах ня могуць не прыцягваць увагі «органаў». У 2013-м Юркойць задумаў Касінерскі фэст да 150-х угодкаў паўстаньня Каліноўскага. Раённы кагэбіст Аляксандар Сухоцкі зрабіў усё, каб фэст не адбыўся. А праз два гады грымнула інсьпіраваная сталічным КГБ справа «арганізаванай злачыннай групы» мытнікаў, якія на Каменным Лагу нібыта атрымлівалі незаконныя даляры. Сярод 58 фігурантаў гэтай справы Юркойць вылучаўся ня толькі беларускай дзейнасьцю. Аляксандар Міхайлавіч Сухоцкі канваяваў яго ў сталіцу асабіста. Ня змог адмовіць сабе ў задавальненьні. Суд ня выявіў доказаў Алесевай віны. Толькі зацьвердзіў абвінавачаньне КГБ. Такі суд. Юркойцю далі сем гадоў турмы.

Калісьці расейскі пісьменьнік Варлам Шаламаў, згадваючы «свой» ГУЛАГ, сьцьвярджаў, што выпадковых людзей у лягерах не было. Абвінавачаньні маглі быць самымі абсурднымі. Але толькі не фігуранты. Вязень сумленьня Алесь Юркойць гадамі сваёй справы і сваёй няволі пацьвярджае шаламаўскаю праўду.

У чэрвені 2017-га драўляны Клюшчанскі касьцёл Сьвятога Яўхіма згарэў дашчэнту. Ён прастаяў блізу 300 гадоў — ад 1726-га. Казімер Сваяк, які служыў у гэтым касьцёле, пісаў:

Пажар у Клюшчанскім касьцёле

«Для Бога няма прошласьці ані будучыні, ёсьць толькі цяпершчына, што цягам сваім абымае тры эпохі часу… Чым жа ёсьць час, у каторым мы трываем? Гэта моманты, пералётныя для нас, нерухомыя для Бога… Чым жа ёсьць само жыцьцё чалавека? Гэта хвіліна нязначная ў вечнасьці… Пашто думаць аб мінуўшчыне або аб будучыні? Карыстай з тэй ласкі Божае, каторую цяперака маеш».

Але цяперака я маю калядную паштоўку, дасланую мне Алесем Юркойцем з «казачнага Пішчалаўскага замку». Ён і там не губляе гумору.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД

Дзе закапанае панскае золата