Клініка кітайскага дантыста. Дзе закапанае панскае золата

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

ХТО, ДЗЕ Й КАЛІ ЗАКАПАЎ ПАНСКАЕ ЗОЛАТА

Ядвігін Ш., Карпілаўка, 1920

Як ні намагалася ўлада бальшавікоў учыніць вайну палацам ды зьнішчыць дазваньня шляхоцкія ся­дзібы, а яны ўсё роўна працягваюць жыць. І хоць ад будынкаў не засталося і знаку, але палацы існуюць у краявідах. То па-над калгаснымі хатамі раскіне старыя галіны магутны дуб, пасаджаны ле­дзь не за Ягайлам. То перад сельсаветам намалюецца акуратная сажалка, зладжаная яўна не камбедаўцамі. То мільгануць сярод поля былыя прысады. Такімі прысадамі з высокіх лістоўніц зьвяртае на сябе ўвагу вёска Малыя Бясяды. Гэта старая дарога зь Менску на Радашкавічы.

Янка Купала

Але давайце падымемся на пагорак, дзе стаяць разбураныя бунгала колішняй базы адпачынку трактарнага заводу. Сёньня тут, акрамя тых лістоўніц, нічога не нагадвае пра панскі двор. Але, магчыма, якраз тут нікому не вядомы чалавек Ясь Луцэвіч пачаў ператварацца ў паэта Янку Купалу. Тут стаяла ся­дзіба паўстанца 1863 году Зыгмунта Чаховіча, чыю бібліятэку наведваў будучы беларускі клясык, які праз гады напіша: «Вось тут мне і адкрыўся, што называецца, скарб!..»

За тры кілямэтры на поў­дзень па Даўгінаўскім тракце ў Лагойскім раёне знахо­дзіцца вёска Карпілаўка, дзе калісьці была ся­дзіба Купалавага сябра Антона Лявіцкага, больш вядомага як Ядвігін Ш.

Празь невялiчкую, на дзесяць двароў, вёску пралёг белы шлях, ахайна выкла­дзены бэтоннымi плiтамi. Старыя жылыя хаты абапал гэтай узьлётнай паласы гля­дзелiся амаль недарэчна. Узьнiкалi асацыяцыi з Хатыньню.

Невысокая ху­дзенькая жанчына, некага нягучна праклінаючы, палола гарод. Гэта найстарэйшая жыхарка Карпілаўкі, 90-гадовая На­дзея Левандоўская. Да яе я й зьвярнуўся са сваiм трывіяльным пытаньнем: чым славутая ваша вёска? На што старая адразу ж выдала вычарпальны адказ: «Дык вунь, хлопча, лiпы бачыш? Там Лявiцкiя жылi».

Надзея Левандоўская

Творы Ядвiгiна Ш. — Антона Лявiцкага — я чытаў. Невялiкiя вясёлыя байкi, у якiх няхiтрыя беларускiя дзя­дзькi становяцца ахвярамi анэкдатычных махлярстваў. Асаблiва запомнiлася мова гэтых анэкдотаў, яшчэ не ўнармаваная правiламi, жывая.

«КУПАЛА НЕКРАСІВЫ БЫЎ»

Спадарыня На­дзея паскар­дзiлася мне на нейкую менскую прай­дзiсьветку, што пад выглядам чагосьці каштоўнага за вялiкiя грошы прадала ёй амэрыканскае насеньне. А яно прарасло нянаскай прыгажосьцi жоўтымi кветкамi заморскага пустазельля, над якiм бабка ўжо трэцiя суткi гнула сьпiну, праклiнаючы тую Амэрыку, што спачатку абдаравала нас каля­ра­дзкiмi жукамi, а цяпер «гэтай жоўтай трасцай». Я ж, удаючы спачуваньне, з насалодаю слухаў яе мову, дзiвячыся, што першая пачутая мной карпiлаўская гiсторыя была нiбы зь ядвiгiнскага рэпэртуару.

«А дому даўно, хлопец, няма. Як удаву ягоную з сынамi НКВД забрала, так i стаяў. Пакуль калхоз некуды яго не прадаў. А дом прыгожы быў, з бальконам i рознакаляровымi вакенцамi. А пасьля яшчэ доўга нашы мужыкi падмуркi рылi. Усё нейкае золата шукалi», — распавядала бабулька. А я чарговы раз схамянуўся ад супа­дзеньня. «Золата». Менавiта так называўся першы беларускi раман, напiсаны гаспадаром зруйнаванай ся­дзiбы ў 1920 го­дзе. I што, няўжо знайшлi? — пацiкавiўся я. — «А, — махнула яна рукой, — ня там, вiдаць, шукалi».

Дуб і прысады, в. Карпілаўка

— Яе выслалі, і два сыны былі, Славік і Казік, — працягвала старая На­дзея. — Я помню іх. Высокія. Бачыце, стаяць дрэвы? Гэта ліпы стаяць. Гэта іхны сад быў. Яблыкаў было! Такія прыгожыя! Папяроўкі. Кіслых зімовых у іх не было. Ігрушы былі. Яшчэ мой бацька вартаваў. Вазілі гэтыя яблыкі ў Менск прадаваць. Я езь­дзіла. Вялікія-вялікія, салодкія. А ў 1939 го­дзе мароз як даў, сады ўсе памерзьлі. Ні ў кога не засталося.

Старая раптам зьмяніла тэму:

— А Паўлінка гэтая, купалаўская, жыла пад Сухой гарой. Яна звалася Ядвіся. Гэты Янка Купала ха­дзіў да яе. Ну вось і склалі гэту пастаноўку. Купала некрасівы быў. Статуя стаіць у Менску. Выліты. Некрасівы. А яна была красівая. А ён жа, кажуць, Янка Купала, у Маскве напіўся, зь лесьвіцы зваліўся і забіўся. Праўда ці не? П’яны забіўся. У нас так кажуць.

Пасьля такіх словаў міжволі адлятаеш кудысьці ў 1950 год, калі па навакольлі была пушчаная гэтая плётка пра п’янога Купалу, які скаціўся зь лесьвіцы.

Нiчога не мяняецца на гэтай зямлі, — думаў я, вырульваючы ў стары парк былой ся­дзiбы Лявiцкiх. Але карцiна, убачаная там, уразiла й пераканала ў адваротным. Сярод зь­дзiчэлых яблыняў i ружовага кустоўя закiнутага саду зеўрала залiтая застаялай зялёнай вадою яма, абкла­дзеная вялiкiмi шэрымi валунамi. Непадалёк мiрна застыў бэтонны дот першай абарончай лiнii савецкай мяжы 1939 году. Самае месца задумацца пра марнасьць чалавечага лёсу ў гэтай краiне.

Дот першай абарончай лiнii савецкай мяжы 1939 году, в. Карпілаўка

«ЗДЕСЬ ПРОЖИВАЛА ДОЛГОЖИТЕЛЬНИЦА»

Нара­дзiцца празь пяць гадоў пасьля вялiкага паўстаньня, вучыцца ў нелегальнай люцынскай школцы адной з дачок Дунiн-Марцiнкевiча, доўгiмi завейнымi вечарамi слухаць дзiўныя гiсторыi з вуснаў легендарнага гаспадара, паступiць у Маскоўскi ўнiвэрсытэт i быць адлiчаным за палiтыку, пачаць пiсаць па-беларуску ў Бутырскай турме, вярнуцца дахаты на папялiшча згарэлага дому да аўдавелай мацi. Ажанiцца, пабудаваць паводле ўласнага праекту новы дом з мансардаю i камiнам, абса­дзiць яго ружамi i садам, прайсьцi пешшу ад Вiльнi да Карпiлаўкi, зьбiраючы й друкуючы ў «Нашай Нiве» непрыдуманыя байкi яшчэ вясёлага люду, пачаць пiсаць першы нацыянальны раман, увайсьцi ў Раду БНР, паў­дзельнiчаць у паўднёвым пахо­дзе генэрала Булак-Балаховiча, адпачыць пасьля баёў у Варшаве, выдаць кнiжку ўспамiнаў i легчы на вечны спачын на вiленскiх могiлках Росы.

Магіла Ядвігіна Ш. на Росах у Вільні

​Як не вязаліся з такiм шляхам нi гэтая брыдкая зялёная яма, нi гэты дот, якi так нiкому нiколi й не спатрэбiўся. Але пачуцьцё вяртаньня дадому, выказанае Ядвігіным Ш. у нашанiўскiх «Лiстах з дарогi», ажыўляла пакiнутую ся­дзiбу.

«Ну, але го­дзе ўжо гэтай гутаркi: го­дзе гутаркi на сягоньня, а цяганiны на сёлета. Вось бо ўзгорак, а там — у долi векавыя дубы, лiпы стаяць — мае дубы, мае лiпы! Сад вiдаць — мой сад! А ўжо пры самым лесе памiж розных дрэў выглядае дамок — мой дамок! Мой! Апiсаць вам яго? Як жа я апiшу, калi ён мой?! Бягу, ляту да яго!.. Бывайце здаровы!!»

2008, сту­дзень

P. S. Едучы нядаўна каля Карпілаўкі, я захацеў збочыць, пагля­дзець на былыя краявіды. Колішнюю вёску ўжо не пазнаць. На месцы старых хат вырасьлі мураваныя катэджы.

Камень у памяць апошняй жыхаркі, в. Карпілаўкі

Велізарны валун з прымацаванай шыльдай на ўзбочыне вуліцы я заўважыў яшчэ здалёку. І зь­дзі­віўся. Каму ж магла прыйсьці ў галаву ідэя такім чынам ушанаваць памяць Ядвігіна Ш.? Ён жа ня ў вёсцы гэтай жыў. І вёскі тады ніякай не было. Я падышоў да каменя і аслупянеў. На мэталічнай шыль­дзе быў выбіты наступны тэкст: «Здесь проживала долгожительница и последняя жительница д. Карпиловка ЛЕВАНДОВСКАЯ Надежда Михайловна. 1920 г. р. умерла 19.05.2011 г.».

Я такое бачыў упершыню. Каб новыя жыхары, каляністы з гораду, ставілі помнік апошняму карэннаму жыхару. Тое, што ўшанавальнікі не абралі для памяткі мову шанаванага магіканіна, выглядае сымбалічна. Атрымаўся помнік той, для каго беларуская мова была матчынай і адзінай. Манумэнт апошняй сьведцы былога, дзе Паўлінка была не пэрсанажам, а суседкай. Чалавеку, безь якога навакольны краявід згубіў свой натуральны голас.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Паэт і вэтэран НКВД