Мянчук два гады хаваўся ў лесе пад Жодзінам ад міжнароднага вышуку. Апазналі «па манэры нашэньня кепкі»

Будан менчука ў лесе пад Жодзінам

Апэратыўнікі крымінальнага вышуку затрымалі 22 ліпеня 35-гадовага менчука, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку за махлярства ў асабліва буйным памеры, піша Міністэрства ўнутраных справаў.

Сьцьвярджаецца, што мужчыну затрымаў курсант 3-га курсу Акадэміі МУС Юры Чыжонкаў, які нібыта «апазнаў падазраванага па манэры нашэньня кепкі, хоць яна была іншая». Ён запомніў падазраванага са здымка, на якім кепка закрывала палову твару падазраванага.

Фота падазраванага, зь якога курсант нібыта запомніў «манэру нашэньня кепкі»

Падазраваны два гады жыў у лесе пад Жодзінам у самаробным будане, лавіў рыбу, зьбіраў грыбы і ягады, часам прадаваў чарніцы выпадковым людзям, браў сабе рэчы, якія пакідалі кіроўцы фураў на месцы адпачынку каля лесу.

Паводле міліцыі, праз гульнявую залежнасьць ён «пазбавіўся сям’і і сацыяльных сувязяў», ад яго сышла жонка зь дзіцём. Узяў крэдыт у банку, каб «адгуляцца», ды зноў прайграў і ня змог разьлічыцца. У выніку быў абвешчаны ў міжнародны вышук. У Беларусі яго абвінавачваюць таксама ў рабаваньні ў Жодзіне: вырваў торбу з рук мясцовай жыхаркі, спрабаваў зьняць грошы зь ейнай карткі ў банкамаце, камэра якога і зрабіла здымак.

«Самотніцтва было дабраахвотным: ён не хацеў турбаваць родных, — сьцьвярджае старшы апэрупаўнаважаны жодзінскага крымінальнага вышуку Аляксандар Міхіроў. — Галодным ня быў, на сьпіртное грошы не марнаваў, што значна адрозьніваецца ад людзей той катэгорыі, якая пражывае ў лесе і ў закінутых дамах».