«Фармат Менску» не працуе: Масква ігнаруе патрабаваньні вызваліць Сянцова

Пікет з патрабаваньнем вызваленьня Алега Сянцова ў Кіеве

У Менску прайшло пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе. Перамовы прайшлі безь Леаніда Кучмы і Барыса Грызлова, кіраўнікоў дэлегацый Украіны і Расеі адпаведна.

Адвакаты ўкраінскага палітвязьня, рэжысэра Алега Сянцова, выказвалі надзею, што 25 ліпеня ў Менску будуць абмяркоўваць і ягоны лёс. Сянцоў трымае галадоўку пратэсту 74-ы дзень і спыняць яе не зьбіраецца.

Ад адвакатаў вядома, што стан яго здароўя пагоршыўся, узьніклі праблемы з сэрцам.


Прадстаўніца Ўкраіны ў гуманітарнай падгрупе Ірына Герашчанка падчас учорашняга паседжання ў Менску выступіла за вызваленьне Алега Сянцова.

«Я ўздымала гэтае пытаньне, але мне адказалі, што яно не адпавядае мандату перамоваў у Менску», — сказала Ірына Герашчанка Радыё Свабода.

Менск зьяўляецца адной зь нешматлікіх пляцовак, дзе непасрэдна сустракаюцца прадстаўнікі Кіева і Масквы, таму на яго ўскладаюць пэўныя надзеі і ў справе выратаваньня Алега Сянцова.

Пасярэднік на перамовах у Менску ад АБСЭ амбасадар Марцін Сайдык адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды пра перамовы аб вызваленьні Алега Сянцова.

«Вядома, я ведаю пра гэтыя сумныя акалічнасьці. Але тут мы абмяркоўваем толькі пытаньні абмену зьняволенымі ў сувязі з канфліктам на Данбасе», — падкрэсьліў аўстрыйскі дыплямат.

На сваёй старонцы ў Facebook Ірына Герашчанка паведаміла, што Расея чарговым разам не дала адказу на прапанову Ўкраіны наконт абмену 36 расейцаў на ўкраінскіх палітвязьняў — ні вуснага, ні пісьмовага.

У Расеі і анэксаваным ёю Крыме, паводле праваабаронцаў, утрымліваюцца каля 70 украінскіх палітвязьняў. Адзін зь іх, Алег Сянцоў, у жніўні 2015 году быў пакараны 20 гадамі калёніі строгага рэжыму нібыта за плянаваньне тэрактаў у Крыме.

Сам ён віну не прызнае і 14 траўня абвясьціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызваленьня ўсіх ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі.