Што казалі ўдзельнікі круглага стала па рэстаўрацыі Старога замка ў Горадні.
На круглы стол 24 ліпеня сабралася каля сарака чалавек: архітэктары, гісторыкі, прадстаўнікі ўлады, грамадзкіх арганізацый, супрацоўнікі музэю, які месьціцца ў замку, журналісты.
Мэту сустрэчы агучыла прадстаўніца ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Горадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч: аб’ектыўна і з улікам усіх поглядаў данесьці ход рэканструкцыі Старога замка да грамадзкасьці. Паводле яе, на круглы стол запрасілі ўсіх зацікаўленых.
Прапануем шэсьць самых яскравых выказваньняў яго ўдзельнікаў.
Уладзімер Бачкоў, навуковы кіраўнік рэканструкцыі Старога замка: «Аднаўленьне дужа блізкае да спрадвечнага выгляду»
«Нам узгаднілі дакумэнтацыю, а на наступны дзень пачалі ўносіць зьмены. Гэта выбівае, гэта ўсё за наш кошт. Мы ўсё зьмяняем, прыстасоўваемся. Захоўваем сьцены ХІХ стагодзьдзя, пабудаваныя салдатамі, з жоўтай цэглы. Але праз гэта ня можам нармальна аднавіць галерэю ХVI стагодзьдзя. Выкручваемся. Атрымліваецца абы-што».
Навуковы кіраўнік шкадаваў, што яго прымусілі пакінуць кансэрвацыю польскага і савецкага пэрыядаў на сярэдняй вежы, «абсалютна нязначную». Гэта патрабуе ўстанавіць 12 жалезабэтонных калёнаў, 60×90 мілімэтраў, тры зь іх звонку, на фасадах. «Гэта можна гідрастанцыю пабудаваць».
«Нам Мінкульт дасылаў пытаньні Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Мы на іх адказалі. Напісалі пяць з паловай старонак тэксту».
«Зьмены ўжо ўносяцца пад ціскам Мінкульту: у мысавай частцы, па рускім пэрыядзе. Усё астатняе засталося ў сіле. Абгрунтаваньне інвэставаньня было ўзгоднена з адной агаворкай наконт формы купала. Навацыі не зьмяняюць прынцыповага рашэньня, яны накіраваныя на дэталі. У астатнім, я думаю, мы дзейнічаем цалкам пасьпяхова, абгрунтавана. Нашае аднаўленьне дужа блізка да спрадвечнага выгляду».
Галоўны архітэктар праектаў інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі: «Давялося перарабляць частку праекту»
«Усё зьмяняецца. Нам давялося перарабляць частку праекту. Казаць пра тое, што праект нязьменны з 1985 году, няправільна».
Архітэктар расказаў пра купал на вежы пры браме. Нядаўна былі распрацаваныя чарговыя тры яго варыянты: «шарападобнай формы зь перасячэньнем дыяганаляў», «прыплюснуты, акруглены шар» і «гранёны купал з гранямі, разьвёрнутымі на 45 градусаў». Спыніліся на апошнім, але ён яшчэ дапрацоўваецца.
Археоляг Натальля Кізюкевіч: «Плянуем пашырацца»
Натальлю Кізюкевіч выхапілі на працоўным месцы — раскопе ў двары замка, калі ўдзельнікі круглага стала выйшлі паглядзець на замак. Запыленую, у шортах, кедах, з хустай на галаве. Адказаўшы на пытаньні пра раскопкі, археоляг пераапранулася і далучылася да ўдзелу ў паседжаньні.
«Мы працягваем раскоп на месцы, дзе будзе будавацца аб’ект, які называецца "камяніца". Яна мае памеры 14×11 мэтраў. Працуем, каб умацаваць масіў XVI стагодзьдзя — адну з апорных сьценак прыбудовы да сярэдняй вежы. Як мы лічым, тут разьмяшчалася вінтавая лесьвіца, дзе быў уваход на вежу. Да мацерыка не дакапалі, бо скончылася сьцяна, і, калі капаць далей, яна можа ўпасьці. Плянуем пашырацца, а пазьней раскапаць яшчэ адзін квадрат за 11 мэтраў ад гэтага раскопу. Цяпер працуе пяць чалавек».
Некалькі разоў падчас сустрэчы ўдзельнікі публічна адзначалі працу Натальлі Кізюкевіч словамі «героі» і «подзьвіг».
Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры: «Трэба стварыць працоўную групу»
«Пэўныя дробныя папраўкі па першай чарзе вядуцца на ініцыятыву Міністэрства культуры. Для другой і трэцяй чаргі трэба ўлічваць новыя адкрытыя зьвесткі. Абавязкова трэба стварыць працоўную групу, у тым ліку з архітэктараў і гісторыкаў, каб дапоўніць матэрыялы пошукаў».
«Праект быў распрацаваны ў канцы 1980-х. Пытаньняў да яго не ўзьнікала да 2009 году. Гэта праблема любога рэстаўрацыйнага аб’екта. Задача — мінімізаваць страты аўтэнтыкі для першай чаргі, а да другой і трэцяй падысьці вельмі адказна».
«У нас праблема ў Рэспубліцы Беларусь. Адсутнічаюць рэстаўрацыйныя нарматывы. Усё робіцца згодна з агульнабудаўнічымі».
Гісторык Андрэй Чарнякевіч: «Хто больш любіць гэтую Горадню»
«Вялікі дзякуй за само мерапрыемства. На гэты момант такая атмасфэра, шчыра, я даўно такога не адчуваў: магчымасьць падзяліцца, нешта сказаць, проста паслухаць іншых. Вялікі дзякуй тым, хто прыехаў зь Менску. Я так разумею, гэта была таксама ініцыятыва гэтых людзей.
— Ініцыятыва была наша, мы яго (Астаповіча. — РС) запрасілі, — удакладніла Алена Клімовіч.
«Мне здаецца, усе мы гаворым пра адно і тое ж, — прадоўжыў гісторык. — Гэта немагчымасьць і адсутнасьць нейкага комплекснага рашэньня. Кожны корпаецца ў сваім кавалачку, а ўрэшце атрымліваецца незразумела. Усе высьвятляюць, хто больш любіць гэтую Горадню.
Паставілі помнік Давыду Гарадзенскаму. Такі ён павінен быць, не такі. Зноў інтэрнэт кіпеў. І так будзе заўсёды. Але ў нас у Горадні два помнікі Давыду з рознымі датамі нараджэньня. Гэта не праблема навуковых радаў. Гэта праблема таго, хто за гэтым павінен глядзець. Гэта кампрамэтацыя нас усіх, не падзяляючы на асобы.
Я хачу сказаць наконт праекту, што галоўнае нашае заданьне на сёньняшні момант (няхай калегі на мяне не крыўдуюць) — гэта даць магчымасьць аўтарам праекту дакончыць першую чаргу, тое, што яны ўжо пачалі. Таму што ў сямі нянек будзе дзіця бяз вока...
Кожны раз мы вяртаемся да гэтых спрэчак, і яны кампрамэтуюць сябе зноў. Ужо падключыўся польскі бок. І ўсё, замак будзе нічый. Ён ня будзе наш».
Андрэй Чарнякевіч зьвярнуўся да археоляга Івана Сьпірына, які назірае за работамі ў двары Новага замка.
«У вашай прамове некалькі разоў прагучала слова "гістэрыя". Трэба памятаць, што Горадня некалькі год існуе траўмаванай. Гэта траўма комплексная, яна назьбіралася. Так, гэта псыхалягічна-нэрвовы зрыў. Гэта паўтараецца ў новых пакаленьнях археолягаў. Калі выкінулі парэшткі з-пад Каложы? У траўні? Гэта зрабілі экскаватарам... Хто атрымаў якія спагнаньні? Вы напісалі скаргу ў пракуратуру наконт таго, што трубы паклалі раней, чым прыехалі археолягі? Я маю на ўвазе Інстытут гісторыі НАН. Астаповіч напісаў скаргу.
І апошняе. Мне здаецца, што рэканструкцыя замка ў першую чаргу патрэбна для іншых. Патрэбен тэхноляг, які будзе рухаць гэтую інвэстыцыю, гэтыя мільённыя грошы. Яны яшчэ ня скончыліся. І мы зараз іх марнуем, ствараючы такое незразумелае шоў. Кожны робіць з найлепшых намераў, але атрымаецца, як з Давыдам Гарадзенскім».
Падчас экскурсіі па замку Андрэй Чарнякевіч зьвярнуў увагу Антона Астаповіча і прадстаўнікоў аблвыканкаму на незакансэрваваныя руіны, сьцены каралеўскага палаца, зь якіх сыплецца тынкоўка.
«Гэта фактычна самы каштоўны элемэнт. Гэта аўтэнтыка. За гэтай будоўляй (вельмі трэба!) мы губляем лёс самога замка. Калі мы сюды падыдзем, тут ужо нічога ня будзе. Калі гаворка ідзе пра тое, каб захаваць замак, то пачынаць трэба ад гэтага. Я добра разумею, як працуе гэтая сыстэма, але... Каб пабудаваць зьліў з даха, ня трэба шмат грошай. Я так разумею, што прасьцей, каб арка XVI стагодзьдзя зруйнавалася, чым пабудаваць драўляны навес?»
Алена Клімовіч, прадстаўніца ўпраўленьня па ідэалягічнай працы і справах моладзі Горадзенскага аблвыканкаму: «Усе меркаваньні трэба ўлічваць»
«Усе меркаваньні трэба ўлічваць. Таму створана сыстэма навукова-мэтадычнай рады. Гэтая навуковая праца, гэта цэлы інстытут, гэта Ўладзімер Васільевіч (Бачкоў. — РС), якога можна крытыкаваць, але ён выдае свае навуковыя аргумэнты. Пры зьяўленьні новых зьвестак мы іх выкарысталі для зьмяненьня праекту.
Гэта працэс не статычны, а жывы, складаны. Хто скажа, які павінен быць купал? Хто-небудзь возьме на сябе гэтую адказнасьць, прадставіць абмеры гэтага купала, фіксацыю ХVI стагодзьдзя? Давайце мы першую чаргу скончым, а пасьля падумаем.
Чаму мы думаем, што тыя людзі, якія засядалі ў радзе, былі значна дурнейшыя, чым мы? Разважаньні — гэта адна адказнасьць. Прыняцьце рашэньняў — іншая. Уладзімер Васільевіч бярэ на сябе гэтую адказнасьць, адстойвае свае праектныя рашэньні. Наш унёсак у гэтую працу можа быць канструктыўны, а можа быць разбуральны».
Алена Клімовіч выказала сумнеў, што новая працоўная група, прапанаваная Астаповічам, патрэбна. Паводле яе, такая група ўжо існуе і складаецца з тых, хто займаецца рэканструкцыяй, і прадстаўнікоў улады. Сустрэчы адбываюцца кожны аўторак а 9:30 каля замка. Алена Клімовіч запрасіла на іх усіх зацікаўленых.