Заснавальнік Hermitage Capital і ініцыятар «акту Магніцкага» ў інтэрвію «Настоящему времени» пракамэнтаваў ідэю Крамля дапытаць яго паводле абвінавачаньня ў вывадзе сродкаў і фінансаваньні выбарчай кампаніі Гілары Клінтан. Таксама ён прызнаўся, што баіцца за сваё жыцьцё: «Калі мяне захочуць забіць, мяне заб’юць», — сказаў ён.
Сярод іншага Браўдэр сказаў:
— Уладзімір Пуцін ненавідзіць мяне з прычыны «акту Магніцкага», які дзейнічае ў ЗША і некалькіх іншых краінах. Ён ненавідзіць яго, таму што гэты закон замарожвае актывы людзей, якія парушаюць правы чалавека. І ён ненавідзіць яго, бо сам мае вялікі капітал, і ён — той, хто парушае правы чалавека. Ён лічыць, што яго актывы будуць замарожаны. Таму ён так старанна вышуквае любыя спосабы, як да мяне можна дабрацца.
Яму адмаўлялі ва ўсіх спробах гэта зрабіць. Ён сем разоў зьвяртаўся ў Інтэрполе, каб той мяне арыштаваў, але Інтэрпол адмовіўся супрацоўнічаць з Расеяй па гэтай справе, таму што Інтэрпол устанавіў, што справа супраць мяне незаконная і палітычна матываваная.
Ён (Пуцін — РС) 12 разоў зьвяртаўся да Брытаніі з запытам аб экстрадыцыі і ўзаемнай прававой дапамозн. І ўсе гэтыя разы брытанскі ўрад адмаўляў яму ў гэтым. Ён зьвяртаўся таксама ва ўрад ЗША, які яму адмовіў. Ён зьвяртаўся да нямецкага і галяндзкаму ўрадаў — усе яны яму адмовілі.
Таму Ўладзімір Пуцін шукае хоць бы сымбалічную шчыліну, якая паказала б, што ён — легітымны прэзыдэнт, які робіць законныя запыты. І з прававога пункту гледжаньня, і з сымбалічнага вельмі важна працягваць адмаўляць яму ў гэтых пачварных прапановах.
— Вы гатовыя размаўляць з расейскімі сьледчымі?
— Ні пры якіх абставінах я не зьбіраюся размаўляяць ні з якімі расейскімі сьледчымі, таму што яны ня сьледчыя. Яны — крымінальнікі. Гэтыя людзі датычныя да забойства Сяргея Магніцкага і крадзяжу $ 200 млн расейскіх падаткаплацельшчыкаў. Я не зьбіраюся размаўляць з купкай крымінальнікаў ні пры якіх абставінах.
Таксама Браўдэр сказаў:
— Уладзімір Пуцін, як вы ведаеце, разважлівы забойца. Ён нясе адказнасьць за многія забойствы ў Расеі, за сьмерці сваіх ворагаў за мяжой, за выкарыстаньне жудасных ваенных спосабаў для забойства нявінных людзей ва Ўкраіне і ў Сырыі. Вядома, я не адчуваю сябе ў бясьпецы.
Але зь іншага боку, улічваючы такую адкрытую непрыязнасьць Уладзіміра Пуціна да маёй пэрсоны, калі са мной нешта здарыцца, усе будуць ведаць, хто ў гэтым вінаваты. Гэта Ўладзімір Пуцін. І тады без наступстваў не абысьціся. Я думаю, што ён лічыць, што найлепшы спосаб забіць мяне — гэта дамагчыся маёй экстрадыцыі ў Расею, засунуць мяне ў расейскую турму, каб мяне ў ёй і забілі. Таму мая асноўная задача на дадзены момант — ня езьдзіць у краіны, якія маглі б выдаць мяне Пуціну.
19 ліпеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад ідэі допыту расейцаў па справе аб умяшаньні Крамля ў амэрыканскія выбары ў абмен на допыт расейскімі сьледчымі грамадзян ЗША па так званай справе Браўдэра.
З такой прапановай на перамовах у Хэльсынкі выступаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Тады Пуцін заявіў, што кіраўнік фонду Браўдэр выкраў з Расеі і перадаў на фінансаваньне кампаніі Гілары Клінтан $400 мільёнаў. Потым ён папрасіў Генэральную пракуратуру Расеі выправіць агаворку, бо гаворка ідзе не пра $400 мільёнаў, а пра $ 400 тысяч.
Браўдэр у артыкуле для часопісу Time адпрэчыў усе абвінавачваньні ў свой адрас.
- Браўдэр — сузаснавальнік фонду Hermitage Capital, у 90-я гады ён актыўна інвэставаў у расейскія кампаніі. Таксама Браўдэр зьяўляецца ініцыятарам некалькіх судовых спраў у дачыненьні да расейскіх манаполій, якія ўшчамляюць правы інвэстараў, і галоўным ініцыятарам і лабістам «акту Магніцкага» у ЗША і іншых краінах.
- «Акт Магніцкага» зьявіўся пасьля таго, як юрыст Hermitage Capital Сяргей Магніцкі быў арыштаваны ў Расеі па сфабрыкаванай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў і памёр у маскоўскім сьледчым ізалятары, бо яму не аказвалася мэдычная дапамога. Акт забараняе ўезд у ЗША высокапастаўленым прадстаўнікам расейскіх сілавых структур, якія маюць дачыненьне да сьмерці Магніцкага, і накладае арышт на іх актывы. Пазьней закон быў пашыраны на больш шырокае кола асобаў, датычных да карупцыі і парушэньняў правоў чалавека.
- Летась у снежні расейскі суд завочна асудзіў Браўдэра на дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным банкруцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў на суму больш за 3 мільярды расейскіх рублёў. Гэта ўжо другі прысуд расейскага суду супраць Браўдэра, вынесены завочна.