У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
Хто, дзе й калі стварыў беларускую ідылію
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Люцынка, 1840
У 1840 годзе ў жыцьці Беларусі адбыліся дзьве знакавыя падзеі. Пра адну скажу крыху пазьней. А вось другая паклікала мяне ў дарогу. Менскі чыноўнік, калескі рэгістратар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч набыў сабе фальварак Люцынку ў Пяршайскай воласьці Менскага павету. Каб скончыць сваю канцылярскую кар’еру і аддацца прыгожаму пісьменству.
Eдучы ў Малую Люцінку, я не настройваў сябе на адкрыцьцi. Усё ж мінула паўтара стагодзьдзя. Але, аказалася, не настройваў дарэмна.
Цуд пачаўся адразу ж на пагорку, дзе стаяў дом клясыка. Уявіце сабе каменныя прыступкі, што абрываюцца на падмурку, ад чаго ўзьнікае пачуцьцё таямнічасьці. Чым ня месца для скарбу? Вось што пісаў сам Дунін-Марцiнкевiч:
«Калi я набыў маленькi фальварак Люцынку, пры аглядзе яго зацiкавiла мяне перш за ўсё мясцовасьць, — дзеля гэтага стараўся я ад старых людзей, якiя здаўна тут жывуць, дапытацца, цi ня мае яна гiстарычных паданьняў, — i амаль у адзiн голас мне расказвалі, што тут менавiта знаходзiўся калiсьцi, у старажытныя часы, езуiцкi кляштар з храмам Божым i што ў час нашэсьця швэдаў, за Карлам ХII, кляштар гэты разам з касьцёлам ператвораны быў у груд друзу, а манахi былi замучаныя адзiна за тое, што не хацелi паказаць месца, дзе iмi былi схаваныя касьцельныя скарбы, — i так тыя скарбы i дагэтуль яшчэ знаходзяцца недзе ў зямлі».
Пакуль я пранікаўся таямніцай, перад мною вырас мiлiцэйскi маёр з кабурой. I чалавечым голасам на чалавечай мове запытаўся: «Што гэта вы тут, малады чалавек, робiця?» Сапраўды, нейкая зачараваная мясьціна, — падумаў я, разглядаючы ласкавага беларускамоўнага міліцыянта. Той мiж тым крыкнуў убок: «Марцiнкевiч, хадзi сюды!» Цяпер я ўжо нiчому б не зьдзiвiўся.
Марцiнкевiч аказаўся насупленым мужчынам, гаспадаром суседняй хаты. На маё «арыгiнальнае» пытаньне, цi ня родзiч ён Вiнцэнту Iванавічу, адказаў няпэўна. Пераканаўшыся, што я ня злодзей, маёр зь сябрам пайшлі ў сваіх люцінскiх справах. А я колькі часу стаяў, гледзячы на маляўнiчы пэйзаж, якi мала зьмянiўся ад часу напiсаньня гэтых радкоў:
Дом стаiць на пагорку — лес вокал, алешнiк,
Сад за домам, а ў садзе — iгрушы, чарэшнi.
З ганку ступiш i бачыш — лес воддаль, ялiны…
Дзелiць лес напалам стужка сiняй Люцыны…
Невялiчкая рэчка, ды рыбы ў ёй поўна,
А пры рэчцы — крыніца з вадою цудоўнай.
Зьлева, быццам дыван, луг стракаты квiтнее,
А на лузе бярозка там-сям зелянее…
Лес, натуральна, адступіў, крынічка зарасла травою, перакрытая грэбляю Люцына стала возерам. Але не парушаная iдылiя. Якiм празорцам быў гэты чалавек, што прамяняў Менск на Люцынку! І застаўся тут назаўжды.
На падмурках старой сядзібы, каля вялізнага пня, што застаўся ад колішняй лiпы (ёсьць паданьне, што пад ёю была напісаная «Пінская шляхта»), такiмi далёкiмi й дробнымі выглядаюць нашы сёньняшнія праблемы. Усё пройдзе-прамiльгне, а тут па-ранейшаму будзе той самы ідылічны беларускі краявід. Агучаны крыкамі пеўня ды сьмехам хлопчыкаў, што ловяць рыбу ў Люцыне. Нават блакітны камуфляж маёра, што ідзе па дарозе са сваім сябрам, нiколькi не псуе ідыліі. I як тут, скажыце, ня жыць вечнасьцю? I ня быць аптымістам?
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
У вёсцы я пазнаёміўся са старажылкай Малой Люцінкі Ядвігай Кужоўнік. Яна яшчэ памятае той стары фальварак, калі тут не было ніякай вёскі. Малая Люцінка зьявілася за саветамі, калі сялян з хутароў гвалтам перасялялі ў новаствораны калгас. Тады ж, са словаў жанчыны, і нарадзіўся новы тапонім, а разам зь ім пачалася блытаніна ў назьве фальварку: Люцінка — Люцынка. Да вайны землі спадарыні Ядвігі межавалі зь землямі нашчадкаў пісьменьніка. А сама яна хадзіла вучыцца польскай грамаце да пісьменьнікавых унучак.
— Ну чаму ж я ня памятаю гэтага дому? Усіх дзяўчат помню. Былі гэта Асіповічышкі. Брат быў Казік. Асіповіч таксама. Ванда самая меншая. Дзеці Камілы Марцінкевіч, у шлюбе Асіповічыхі. Жылі яны, панкí, фальварак мелі. Іхная зямля з нашай сыходзілася. Надта нікога парабкаў у іх не было. Калі пастух, можа, быў. Мяне Вандачка вучыла. Гэта цяпер Дунін-Марцінкевіча ўспамінаюць. А ім нават дажыць не далі ў гэтым доме. Выгналі гэтых паненак з дому. Яны, бедныя гэтыя бабулькі, сабраліся і паехалі на Польшчу.
Я спытаў: што ж сталася з Марцінкевічавай двухсотгадовай ліпай, пад якой пісьменьнік любіў працаваць і якую Леанід Пракопчык назваў у сваёй кнізе галоўнай прыкметай Люцынкі? Каму яна замінала? Як высьветлілася, чарговы раз прыгажосьць пала ахвяраю сквапнасьці ды дурасьці.
— Яна моцна была таўстая, агромная такая. Але ўжо ўсярэдзіне было дупло. І завяліся пчолы. Ну і што ж? Рой там быў. Мёд быў. А быў сквапны старшыня. Узяў, у гэту дзірку кінуў з бэнзынай нейкі клак. Наліў, падпаліў. Пчолы выскачылі. Ён думаў, што ён мёд зьбярэ. А як разгарэлася! І згарэла ўся датла. Насілі ваду, палівалі, але…
Паказаць тое, што засталося ад старой ліпы, ласкава пагадзіліся дочкі спадарыні Ядвігі — Ядвіга і Ганна. Ядвіга малодшая, хударлявая кабета бальзакаўскага веку, у капялюшыку. Настаўніца беларускай мовы ў суседніх Пяршаях. Мы сталі на пляцоўцы над сажалкай, непадалёк ад падмуркаў.
— Тут во станем. Цень ад ліпы падаў аж дагэтуль, — паказала Ядвіга. — Уяўляеце, якая была ліпа? А калі мы былі малыя, ушасьцярых абняць не маглі. Дзяцей было многа ў вёсцы. Гэта цяпер — адзін-два і амінь. У гэтай хаце было пяцёра, у той шасьцёра, у той пяцёра. Гара гудзела. Наагул гэта была такая дзіцячая пляцоўка. Калі якое вясельле, усе тут адзначаліся. Як першы раз дунінскае сьвята праводзілі, там падлогу зрабілі капітальную. На ёй надта ж добра, пакуль не згніла, вясельле было адзначаць.
— А яно было адзін раз, сьвята дунінскае?
— Першы раз — гэта ў 1986 годзе. Мальдзіс вельмі многа працаваў. Першы раз рабілі грандыёзна. Аж ліпу спалілі, што вы! А тады ўсё цішэй і цішэй.
На маё звычайнае пытаньне, што мусіць паўстаць у Люцынцы ў ідэале, сымпатычная кабета раптам ператварылася ў строгую цёцю-настаўніцу. І накінулася на мяне са сваімі пытаньнямі:
— Лухту нейкую вы гаворыце. Дзякуй Богу, што яго ўспомнілі! І хоць дзе-небудзь прагучала, што ён зорка беларускай літаратуры! У Беларусі экзамэну па літаратуры няма! Прач-ні-це-ся! Вы адкуль прыехалі? Га? Колькі засталося беларускамоўных клясаў у Менску? Га? Колькі гімназіяў у Менску? Га? Я «гаўназіі» гэта называю. Што вы ў мяне пытаецеся, калі ўрок беларускай мовы ў 11 клясе раз на тыдзень? Га? Урокаў фізкультуры — тры. У нас жа аб’яўлены год здароўя! Вось і аздараўляйцеся! Здаровыя дэбілы — гэта таксама цудоўна!
Яе сястра Ганна — таксама настаўніца беларускай мовы. Але не такая калючая:
— Пачытайце творы Дунін-Марцінкевіча. Люцынка — гэта яго радзіма. Так спадабаўся яму фальварак, што ён называў яго сваёй радзімай. «Больш за ўсё я радзімаму краю адданы». Ён гаварыў гэта не пра Панюшкавічы, дзе нарадзіўся. Надта добра яму было тут. Чаму, калі ён памёр, не завезьлі ў Панюшкавічы? У чужой зямельцы пахавалі. Значыць, не чужая яна для яго.
Дзіўна мне было пачуць ад Ганны, што жыхары вёскі да нядаўняга часу нават не здагадваліся пра тое, хто валодаў тым фальваркам. Нават мае суразмоўніцы, будучы школьніцамі, ня ведалі, што за пісьменьнік тут жыў.
Памяць пра Дунін-Марцінкевіча пачала вяртацца ў Малую Люцінку ўсяго трыццаць гадоў назад. Тады паўстаў помнік на падмурках сядзібы. Было сьвята паэзіі. Мроіліся грандыёзныя пляны.
— Усе тры хаты, што за барэльефам, зьбіраліся вывозіць, даваць кватэры, а там будаваць дом. А ў парку за возерам гасьцініцу плянавалі, а ўнізе нейкі бар. І ўсё. Пачалі чакаць. А ў 1987 годзе ізноў прагучала, што сьвята будзе. Мы ўжо настаўніцамі былі і казалі дзецям, што Дунін нарадзіўся ў сёмым годзе. Пасьля навукоўцы адкапалі новыя дакумэнты. Аказалася, ужо ў восьмым! Было 23 студзеня, зараз ужо 4 лютага. Вось так памятаюць Марцінкевіча ў нас. Каровы, сьвіньні хадзілі па падмурках ягонага дому. Пойдзеш, пачысьціш, кветкі ўскладзеш. Аддзел культуры пытае: «Ганна Зыгмунтаўна, скажыце, як там?» Значыць, нехта едзе. Што, кветкі паставіць? Добра. Сваю вазу з гарышча сьцягваю, кветкі пастаўлю.
Ганну раздражнёна перарвала Ядвіга малодшая. Ёй надакучылі мае размовы пра высокае, і яна вярнула мяне на зямлю. Зь Люцынкі ў Люцінку.
— Ведаеш, як бабы газ праводзяць, га? Ці ведаеш, колькі муфтачкі каштуюць? Га? Трубачкі каштуюць? Га? Пра што мы гаворым? Які Дунін, к чорту! Праз колькі гадоў нас ня будзе! Колькі нам Бог адмераў? Такіх прыдуркаў, як мы, больш ня будзе! «Навучы роднай мове сына і ўнука»! — перадражніла яна. — Усё закончыцца…
Цыцэрманы, Сапоцькі, Крэйчманы…
Але вернемся ў 1840 год, той, калі не было ніякіх школ, калі не было нават беларускай літаратуры ў яе сучасным разуменьні, калі найвышэйшым указам была забароненая для афіцыйнага ўжытку сама назва краю — Беларусь. А цяпер параўнайце дзьве гэтыя падзеі. Указ імпэратара і пераезд з гораду ў вёску калескага рэгістратара. Мікалай І і Дунін-Марцінкевіч. Іх даўно няма на сьвеце. Але іх барацьба працягваецца.
Колькі, дарэчы, ні гляджу на фотапартрэт люцынскага драматурга, заўжды лаўлю сябе на думцы, што гэтага чалавека лёгка ўявiць у сёньняшнiм часе — замянi жупан паўстанца на звычайны швэдар цi якi пiнжак. Дунін-Марцінкевіч — рыхтык вось гэты пяршайскі гаспадар, які корпаецца ў сваім гародзе і каля якога я спыніўся на зваротным шляху. Але мiстыка толькi пачыналася.
Мiкола Ганчарык, як адрэкамэндаваўся мне двайнік, — былы настаўнiк. Сёньня ён на пэнсii i займаецца творчасьцю. Стварыў у Пяршаях тэатар, дзе ставiць Марцiнкевiчавы ды свае ўласныя п’есы, з посьпехам гастралюе па навакольлi.
Увайшоўшы ў хату, я аслупянеў. За сьцiплым мурам непрыкметнага дому хавалiся шляхоцкiя пакоi. Старадаўнi раяль, камiнны бронзавы гадзiньнiк, мармуровае бюро, дубовыя разьбяныя шафы, поўныя фалiянтаў, i безьлiч карцiн. «Зьбiраю сёе-тое цiкавае», — адказаў гаспадар на мой нямы запыт. I з жалем паведаў пра сваю страту.
У адной вёсцы разьбіралі калгаснае гумно. І ў тым гумне знайшлася старая тэчка з дакумэнтамі. Судовыя справы мясцовай шляхты аб пацьверджаньні свайго дваранства.
— Суседзi судзiлiся. Марцінкевіч назваў сваю камэдыю «Пiнская шляхта», а насамрэч гаворка была пра менскую. Усё ягоныя суседзi ў тых дакумэнтах. Цымэрманы, Сапоцькi, Крэйчманы… Усё судзiлiся паміж сабой. Вельмi цiкавы матэрыял. I дзе ён дзеўся? Гэта была б сэнсацыя ў лiтаратуры…
Калi зь Люцынкi паехаць у бок Ракава, дык за вёскаю Падневiчы можна заўважыць каля самай дарогі парослы лесам пагорак. Празь зелянiну дрэваў прагляне каплiчка. Падымецеся да яе. Побач зь ёю вы знойдзеце магiлу Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча. Я шмат бачыў магiл, але такой не прыгадаю. Нiводнага чалавека навокал, толькi дарога, што хаваецца ў лесе, ды неба над каплічнымі крыжамi. Зiрнеце на краявiд, што адкрываецца з пагорку. Калi вы чалавек не абыякавы да гэтай зямлi, вас ня будзе болей мучыць пытаньне — у чым жа сэнс жыцьця й сьмерцi. Далiбог, не ў схаваных стагодзьдзе таму i скрадзеных учора доказах вашага «дваранства».
2000, чэрвень, 2008, люты
P. S. Пісьменьнік Віктар Марціновіч у адным інтэрвію сказаў, што галоўная карысьць ад чытаньня кніг у тым, што ў цябе становіцца шмат сяброў, частка зь якіх сышла з жыцьця. Прычым шмат гадоў таму.
У праўдзівасьці ягоных словаў я пераканаўся ў 1995-м. Патэлефанаваў мой маскоўскі таварыш, тэатральны рэжысэр. «Слухай, — кажа, — а што гэта ў вас за драматург такі зь дзіўным прозьвішчам Дунін?». А што такое? Адкуль ты яго ведаеш? — зьдзівіўся я. «Дык ваш Купалаўскі тэатар гастраляваў нядаўна на сцэне нашага Малага, і „Ідылія“ гэтага Дуніна проста фурор зрабіла. Самы сапраўдны фурор! Размоваў было на тыдзень. І пра Дуніна гэтага, і пра рэжысуру Пінігіна. Мяне клікалі, але ня змог. Дык цяпер шкадую». Ня ведаю, кажу, ці пабачу Пінігіна, але Дуніну тваё захапленьне перадам абавязкова.
Тады я яшчэ ня ведаў, што прыдомак «Дунін» — арыстакратычны, і зусім не ад Дуні, а ад Даніі. Але ў астатнім ня схлусіў.
Працяг будзе