У судзе Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці пачалі разглядаць пазоў грамадзкага актывіста і блогера Андрэя Павука на дзеяньні чыноўнікаў райвыкаму і райсавету.
Блогер патрабуе галоснасьці
Мясцовыя чыноўнікі не дазваляюць Андрэю Павуку прысутнічаць на апаратных нарадах, на сэсіях райсавету, дзе вырашаюцца важныя для разьвіцьця раёну пытаньні.
«Чыноўнікі толькі дэкляруюць, што працуюць публічна і адкрыта на карысьць жыхароў раёну, — наракае Павук. — А магчымасьці прысутнічаць на той жа штотыднёвай нарадзе ў райвыканкаме няма – не пускаюць. На сэсію райсавету таксама. Кажуць, што ўваход толькі па запрашэньнях. Спрабую праз суд зьмяніць такую практыку».
Інтарэсы райсавету ў судзе прадстаўляў яго старшыня Алег Таргонскі, райвыканкаму – кіраўніца спраў Валянціна Шлапакова зь юрысткай. У адмовах на ўдзел Павука ў апаратных нарадах райвыканкаму і сэсіях райсавету чыноўнікі спасылаюцца на рэглямэнты дзейнасьці гэтых дзяржаўных структураў.
Судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі, які разглядае справу, запрасіў даставіць на асноўнае паседжаньне суду рэглямэнты дзейнасьці райвыканкаму і райсавету, а таксама зьвярнуў увагу пазоўніка, што ён не абскардзіў адказу райсавету на адмову ў Гомельскі абласны савет. Дасудовага парадку ўрэгуляваньня канфлікту ў дзейнасьці дзяржаўных органаў патрабуе Грамадзянскі кодэкс. На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу і памочнік раённага пракурора Вадзім Шыбут.
Пакаралі за інтэрвію
Блогера Павука ня толькі не пускаюць на сэсіі райсавету і паседжаньні выканкаму, якія праходзяць непасрэдна ў райцэнтры. 24 ліпеня ён хацеў рабіць стрым у вёсцы Буда, дзе праходзіла выязное паседжаньне выканкаму з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Яўгена Адаменкі. Аднак Андрэя затрымала міліцыя. Супраць яго склалі пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат».
Гаворка ідзе пра сюжэт пад назвай «Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе”», зьмешчаным 8 ліпеня на сайце «Белсату». Блогер Павук у гэтым сюжэце – галоўны герой.
«Трэба мець бурную фантазію, каб заяўляць, што я вырабіў пра сябе відэасюжэт ды яшчэ распаўсюдзіў яго на «Белсаце», – камэнтаваў затрыманьне актывіст з Рудабелкі службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.
На думку Павука, затрымалі яго знарок, каб фізычна ня змог трапіць на сустрэчу чыноўнікаў зь вяскоўцамі і весьці адтуль стрым на YouTube ды разьмясьціць відэа ў суполцы «Рудабельская паказуха», зарэгістраванай у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце».
Гісторыя з майкай
У чэрвені Павук вырабіў майку з нанесенымі на яе фатаздымкамі намесьніка старшыні райвыканкаму Ўладзімера Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай і надпісам «Яны любяць цябе», адзеў яе на сябе і прыйшоў на плошчу перад райвыканкамам, дзе сёлетнія выпускнікі школаў ладзілі вечарыну.
Чыноўнікі «з майкі» пакрыўдзіліся на блогера і падалі заявы ў міліцыю, што Павук «абразіў гонар і зьняважыў пачуцьці сям’і».