Былая прэзыдэнтка Кіргізстану ахвяруе сваю пэнсію на стварэньне журналістыкі расьследаваньняў

Роза Атумбаева

Былая прэзыдэнтка Кіргізстану Роза Атунбаева прапанавала стварыць фонд журналістыкі расьсьледаваньняў, дзе будуць зьбірацца сродкі ад грамадзян, якія жадаюць спрыяць і дапамагаць выяўленьню фактаў карупцыі.

«Час разьвіцьця журналістыкі расьсьледаваньняўнастаў. Самы час! У барацьбе з карупцыяй яе значэньне першачарговае. Прапаную ў гэтай сувязі стварыць фонд журналістыкі расьсьледаваньняў, гэта грашовая скарбонка, дзе будуць сабраныя сродкі ад усіх нашых грамадзян, хто ня проста будзе збоку назіраць за дзеяньнямі ўладаў, але канкрэтна дапамагаць выяўленьню ўсіх злачынстваў, якія робяцца на нашых вачах, нягледзячы на пакараньні», — напісала Атунбаева ў сваім блогу «Пасьля пахаваньня журналіста Ўлана Эгізбаева. Пасьляслоўе» на АКІpress.

Праца фонду павінна быць празрыстай, кіраваньне — пад наглядам рады зь незалежных, паважаных людзей, экспэртаў, адзначае яна. Статут, устаноўчыя дакумэнты фонду, паводле яе, будуць яшчэ падрабязна абмяркоўвацца з журналістамі.

«Уношу ў якасьці першапачатковага ўзносу на працу гэтага фонду адзін мільён сомаў маёй пэнсіі — прадмета даўніх пустых размоў. Зьвяртаюся да ўсіх суграмадзянаў, хто хоча рэальных зьменаў у краіне, хоча канкрэтна дапамагчы выйсьці на шлях устойлівага прагрэсу, унесьці свой уклад у скарбонку фонду», — заклікала Роза Атунбаева.

Мільён сомаў роўны прыкладна 15 тыс. даляраў.

22 ліпеня ў час адпачынку на Ісык-Кулі загінуў карэспандэнт кіргіскай службы Радыё Свабода, вядомы журналіст-дасьледчык Уланбек Эгізбаеў.