400 рублёў на помнік. Як аднаўляюць Вайсковыя могілкі ў Горадні. ФОТА

Пахаваньні жаўнераў у Горадні аднаўляюць вэтэраны за ахвяраваныя грошы. Патрацілі ўжо каля 11 тысяч даляраў. Каб скончыць працы, трэба яшчэ каля 60 тысяч.

Пахаваныя нямецкія, польскія, савецкія жаўнеры і невядомыя

Вайсковыя могілкі ў Горадні месьцяцца ў цэнтры гораду сярод шматпавярховікаў на вуліцы Белуша, недалёка ад аўтавакзалу. З дарогі за газонамі не адразу відаць сьціплыя помнікі.

Наведнікаў сустракае алея Герояў Савецкага Саюзу з шырокімі шыльдамі і подпісамі па-беларуску.

Далей — участак маленькіх аднолькавых бэтонных крыжоў бяз подпісаў, побач зь якімі і большыя магілы.

Гэта пахаваньні польскай арміі 1918–1939 гадоў. Многія з тых, хто спачыў тут, абаранялі горад ад савецкай арміі ў 1939 годзе.

Потым — пахаваньні савецкіх жаўнераў: вялізныя брацкія магілы, некаторыя са сьпісамі імёнаў на гранітных плітах, іншыя — безыменныя, засеяныя травой.

За імі — шэрагі невысокіх аднолькавых бэтонных помнікаў.

Год сьмерці — 1944, 1945, 1946. У некаторых няма году нараджэньня або імя. Фатаздымкі толькі на двух такіх надмагільлях. Нехта загінуў у свае 19, іншы — у 55.

Былыя лютэранскія могілкі

У канцы нэкропаля стаіць нэагатычная цагляная капліца — гэта самае старое тут пахаваньне, датаванае 1896 годам.

На гэтым месцы спачывае расейскі генэрал-маёр Аляксандар Русаў, які апошнія свае гады жыў у Горадні, паходзіў зь лютэран.

Вядома, што тут хавалі і нямецкіх жаўнераў. Прынамсі адно надмагільле з надпісам па-нямецку можна адшукаць.

Ідучы па траве паміж плітамі, усьведамляеш, што пад нагамі адна вялікая брацкая магіла.

Вайсковыя могілкі — адзін з самых старых гарадзкіх нэкропаляў. Першая згадка сягае 1888 году. Тады яны называліся «Новымі лютэранскімі». У 1901 годзе іх перайменавалі ў Вайсковыя. Ніхто ня ведае, колькі тут пахавана чалавек, гаворка ідзе пра тысячы. Шмат пра каго няма ніякіх зьвестак.

Аднаўляюць вэтэраны

Цяпер аднаўляюць участак савецкіх пахаваньняў Другой усясьветнай вайны. Апошні раз імі займаліся ў 1960-я гады.

Адказнасьць на сябе ўзялі вэтэраны. Рада вэтэранаў па Кастрычніцкім раёне Горадні і гарадзкая рада вэтэранаў плянуюць агулам замяніць 398 надмагільляў.

«Яны ж бэтонныя, жудасныя, перакошаныя былі. Усталяваныя 50 год таму», — тлумачыць замену старшыня рады вэтэранаў па Кастрычніцкім раёне Горадні Ўладзімер Цюцюньнік.

Летась усталявалі 78 іменных шыльдаў з граніту на дзьве брацкія магілы. Ранейшыя шыльды былі з бэтону.

Раней таксама аднавілі помнік маці зь дзіцем-сувораўцам.

«Вялізны такі. А то развальваўся, сорамна было», — кажа Цюцюньнік.

Сёлета ў ліпені замянілі 24 помнікі.

Да канца году плянуюць паставіць яшчэ каля сотні. Агулам засталося 296.

Усе працы хочуць скончыць да 16 ліпеня наступнага году — 75-й гадавіны вызваленьня гораду ад фашыстаў.

Старыя надмагільлі выкідаюць на сьметнік.

«Дык там бэтон. Яны зробленыя 50 год таму. Нават надпісы з бэтону, амаль не відаць. Добра, што ў архіве была схема з нумарамі, дзе хто пахаваны, то аднавілі», — кажа Цюцюньнік.

Помнікі сьціплыя, 45×45 сантымэтраў

Надмагільлі вырабляе адна з самых буйных і старых горадзенскіх фірмаў, што займаюцца каменем, — ТАА «Гранітон». Як патлумачыў ейны дырэктар Часлаў Міскевіч, на партыю для вайсковых могілак фірма зрабіла мінімальныя нацэнкі і амаль нічога на гэтым не зарабляе.

«Хочацца для гораду нешта добрае зрабіць», — кажа Часлаў Міскевіч.

Надмагільныя помнікі з чорнага граніту. Вышынёй і шырынёй па 45 сантымэтраў, закругленыя ўверсе. Белым выбітыя званьне, прозьвішча з ініцыяламі, гады жыцьця і сьмерці.

Іх усталявалі на кароткія пастамэнты 40×50 сантымэтраў. Ранейшыя мелі даўжыню прыкладна як чалавечы рост.

Часлаў Міскевіч прызнаецца, што мінімалізм у выглядзе помнікаў — ягоная прапанова. Маўляў, гэта ж вайскоўцы, у іх павінна быць стрыманасьць у форме, да таго ж каб па фінансах выйшла нядорага.

Патрацілі ўжо 22 тысячы рублёў

Помнікі аднаўляюць на ахвяраваньні. Рады вэтэранаў, а таксама Фонд Міру пачалі зьбіраць грошы яшчэ ў 2014 годзе. Ахвяруюць гарадзенцы, фірмы, прадпрымальнікі, грамадзкія арганізацыі, школы. Зборы ідуць дагэтуль.

«Мы паказваем прадпрымальнікам. Кажам, што такі помнік каштуе ўсяго 400 рублёў, але памяць навечна, выглядае прыгожа. Людзі пагаджаюцца і выдзяляюць грошы», — кажа Ўладзімер Цюцюньнік.

Адзін помнік каштуе 400 рублёў. На аднаўленьне скульптуры маці зь дзіцем пайшло каля 7000 рублёў. Агулам ужо патрацілі 22 тысячы.

На астатнія 296 помнікаў трэба яшчэ 118,4 тысячы рублёў, або каля 60 тысяч даляраў.

Пытаем Цюцюньніка, ці разьлічвае ён на дапамогу бюджэтнымі сродкамі.

«А навошта? Народ расейскі і беларускі заўсёды міласэрны быў і заўсёды ішоў насустрач», — адказвае ён.

Вядома, што ўлады плянавалі выдзеліць грошы на капітальны рамонт вайсковых могілак: уваходную групу мэмарыялу, агароджу, азеляненьне, рамонт помнікаў. Уваходная шыльда зьнікла — відаць, на рэстаўрацыі.

Дабрачынны рахунак, на які можна пералічваць грошы для аднаўленьня Вайсковых могілак у Горадні:BY85 AKBB 3135 0000 0036 3400 0000 BYN
Філіял №400 ГОУ — ААТ «Беларусбанк»
БІК AKBBBY21400

Лукашэнка загадаў добраўпарадкаваць могілкі вайскоўцаў

Пракуратура паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках у Менску

Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на менскіх Вайсковых могілках