Паводле пракуратуры гораду Менску, упарадкаваньне Вайсковых могілак адбывалася з парушэньнямі заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта напісана ў адказе ведамства на зварот гісторыка Зьмітра Крымоўскага.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.
У адказе сьцьвярджаецца, што пад выглядам упарадкаваньня цалкам ці часткова былі дэмантаваныя надмагільныя крыжы, збудаваньні і агароджы. Дэмантаж адбываўся без узгадненьня зь Міністэрствам культуры, руйнаваньне можна было замяніць фарбаваньнем ці «ліквідацыяй нязначных пашкоджаньняў».
Пракуратура паабяцала зрэагаваць на выяўленыя парушэньні, у тым ліку праз «прыпыненьне работ па рэканструкцыі могілак».
Што адбываецца?
На пачатку чэрвеня спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня пачаў «добраўпарадкаваньне» Вайсковых могілак у Менску. Супрацоўнікі камбінату
- прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
- зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».
Гэта прадугледжана Законам аб пахаваньні і пахавальнай справе і інвэнтарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, тлумачыў Свабодзе намесьнік дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргей Тур. Таксама Тур спасылаўся на рашэньне Менгарвыканкаму аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак, прынятае ў траўні. На сайце Менгарвыканкаму гэтага рашэньня не публікавалі.
Гісторыкі і рэстаўратары сьцьвярджаюць, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікаюць да абароны могілак.
Паводле Менгарвыканкаму, упарадкаваньне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў. У канцы чэрвеня кіраўніцтва Міністэрства культуры на словах паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.
На 2019 год Менгарвыканкам анансаваў упарадкаваньне Кальварыйскіх могілак, якія існуюць з канца 18 стагодзьдзя і таксама зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.