Больш як 70 злучэньняў і вайсковых частак былі сфармаваныя ў Заходняй вайсковай акрузе ад 2016 году, паведаміў кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу ў аўторак, 24 ліпеня, на пасяджэньні калегіі міністэрства. Ягоныя словы цытуе ТАСС.
«Становішча, якое складаецца на заходнім стратэгічным напрамку, патрабуе ад нас бесьперапыннага ўдасканаленьня баявога складу войскаў і сыстэмы іх базаваньня», — сказаў Шайгу.
Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь беларускімі вайскоўцамі
У сувязі з гэтым, паводле яго, войскі атрымалі каля пяці тысяч адзінак новага і мадэрнізаванага ўзбраеньня і тэхнікі. Міністар абароны дадаў, што шматлікія праверкі паказалі «якасны рост узроўню падрыхтоўкі войскаў і пацьвердзілі іх гатовасьць да вырашэньня задач па прызначэньні».
Міністар адзначыў, што асаблівая ўвага надаецца падрыхтоўцы рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі. Вайсковыя акругі разам з беларускімі ўжо пачалі рыхтаваць сумесныя вучэньні «Шчыт Саюзу – 2019».
20 ліпеня намесьнік міністра абароны Расеі Цімур Іваноў паведаміў, што міністэрства стварае новую інфраструктуру для разьмяшчэньня войскаў і вайсковай тэхнікі ўздоўж заходніх і паўднёва-заходніх межаў краіны.
У сьнежні 2017 году «Камерсант» са спасылкай на крыніцы паведамляў, што на ўзьвядзеньне адмысловых абарончых збудаваньняў у 2018-2027 гадах зь бюджэту Расеі будзе выдзелена каля аднаго трыльёна рублёў.