Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў зьвесткі пра ўзровень беспрацоўя ў Беларусі, разьлічаныя паводле мэтодыкі Міжнароднай арганізацыі працы па выніках выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак.
Узровень занятасьці насельніцтва — суадносіны занятых да колькасьці насельніцтва ва ўзросьце 15–74 гады — на ІІ квартал 2018 году склаў 67,3%.
Узровень беспрацоўя склаў 4,7% ад працоўнай сілы. У І квартале ўзровень беспрацоўя быў 5,1%. Колькі цяпер у Беларусі працоўнай сілы, дакладна невядома, але ў 2017 годзе, паводле Белстату, было 4,386 млн чалавек (паказьнік пастаянна зьніжаецца з 2010 году, за апошнія пяць гадоў краіна страціла 300 тысяч працоўных) — гэта значыць, у Беларусі каля 228 тысяч беспрацоўных, згодна са зьвесткамі Белстату.
Сярод мужчын беспрацоўе вышэйшае, чым сярод жанчын: 5,8% працоўнай сілы супраць 3,5%. У гарадах гэты паказьнік вышэйшы за сельскую мясцовасьць: 4,8% супраць 4,3%.
Найбольш беспрацоўных сярод маладых: 10,8% сярод працоўнай сілы ва ўзросьце да 19 гадоў, 9% ва ўзросьце 20–24 гады. Таксама гэты паказьнік высокі сярод тых, у каго толькі базавая адукацыя: 13% (і толькі 2,7% сярод тых, у каго вышэйшая адукацыя).
«Камуналка дармаедаў» вырасьце. Сьпісы «сацыяльных утрыманцаў» складуць да 1 сьнежня
Лічбы пра рэальнае беспрацоўе публікуюцца дзяржавай вельмі рэдка: сёлета толькі пяты раз у гісторыі Беларусіі. Мінулы раз, у лютым 2017 году, былі названыя іншыя лічбы: 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва, то бо каля 260 тысяч рэальных беспрацоўных.
Пры гэтым «афіцыйнае беспрацоўе» — доля тых, хто зьвярнуўся па дапамогу ў органы занятасьці — называецца значна часьцей. Паводле апошніх на сёньня зьвестак, на 2017 год такіх «афіцыйна беспрацоўных» было толькі 53 864 чалавекі. Савет Міністраў у сакавіку пастанавіў, што гэты паказьнік (але не рэальнае беспрацоўе) павінен быць не вышэйшым за 1%.