Як маленькая краіна бяз войска паставіла на калені імпэрыю

Прагматызм вучыць, што маленькія краіны бясьсільныя перад вялікімі, а перад імпэрыямі яны і пагатоў нішто. Прыхільнікі палітычнага рэалізму кажуць, што абараніць свае інтарэсы ў спрэчцы з гігантамі маларэальна, таму лепш дастоўвацца да мацнейшых.

У гісторыі нямала выпадкаў, калі маленькія народы настойвалі на сваім перад абліччам супэрімпэрый. Так было ў 1939 годзе, калі Фінляндыя абараніла сваю незалежнасьць перад савецкай агрэсіяй. У 1967 годзе Ізраіль абараніўся перад аб’яднаным арабскім сьветам. Як бараніць свае нацыянальныя інтарэсы, у 1970-я гады магутнай Вялікабрытаніі паказалі дзьве зь нечым сотні тысяч жыхароў маленечкай Ісьляндыі. Без крыві і насільля. Сёлета ад пачатку гэтай дзіўнай «вайны» мінула 60 гадоў.

Вадаспад Скогафос

​У 1973 годзе Ісьляндыя ўвяла 50-мілевую марскую зону для рыбакоў. На гэтай адлегласьці ад ісьляндзкага ўзьбярэжжа маглі рыбачыць толькі мясцовыя рыбакі. Некаторыя заходнеэўрапейскія дзяржавы праігнаравалі рашэньне ўраду ў Рэйк’явіку і працягвалі лавіць рыбу ў ісьляндзкіх водах. Але вельмі хутка яны аб гэтым пашкадавалі.

Багатае рыбай ісьляндзкае ўзьбярэжжа прыцягвала рыбакоў з розных бакоў Эўропы ўжо ў XV стагодзьдзі. На маленькую выспу, якая ў тыя часы ня мела вялікіх караблёў і ня мела чым рыбачыць, гэта ніяк не ўплывала. Але з часам рыбалоўства станавілася галоўным заняткам ісьляндцаў. Ахова свайго ўзьбярэжжа стала сынонімам абароны нацыянальных інтарэсаў.

Перадгісторыя

Мястэчка Вік. Самая паўднёвая кропка выспы.

​Ад XVII стагодзьдзя да сярэдзіны XX мяжу тэрытарыяльных водаў вызначаў Капэнгаген (Ісьляндыя была аўтаномнай часткай Даніі). Пачынаючы з XIX стагодзьдзя дацкія каралі пачалі звужаць гэтую мяжу, што, зразумела, абмяжоўвала магчымасьць выключнай эксплютацыі рыбных мясьцін тутэйшым насельніцтвам. Спачатку мяжу тэрытарыяльных водаў скарацілі з 32 да 24 марскіх міляў, затым да 16 міляў, а напрыканцы XIX стагодзьдзя — да 4 міляў.

У 1944 годзе, скарыстаўшыся слабасьцю датчан, Ісьляндыя абвяшчае незалежнасьць ад Капэнгагену. Парлямэнт краіны (дарэчы, самы стары ў сьвеце), прыняў праграму эканамічнага адраджэньня вострава. Пашырэньне мяжы тэрытарыяльных водаў стала адной з асноўных задач новай улады.

І ня дзіўна. Менавіта разьвіцьцё рыбалоўства ў другой палове XIX стагодзьдзя паспрыяла росту нараджальнасьці на высьпе. У адной са сваіх кніг ісьляндзкі пісьменьнік Халдур Лакснэс пісаў: «Хто той Бог, ад каторага тут усё залежыць? — Гэта ня Бог, гэта Рыба!»

У 1948 годзе Ісьляндыя пашырыла мяжу сваіх водаў да 4 марскіх міляў і забараніла рыбачыць чужым суднам ва ўсіх затоках і ф’ёрдах. Усе краіны прызналі гэтую мяжу, апрача Вялікабрытаніі, якая зацята бараніла сваіх рыбакоў. Так роўна 60 гадоў таму, у 1958-ым, пачалася першая «​трасковая вайна» паміж Рэйк'явікам і Лёнданам.​

Возера Сыстраватн. Мясцовасьць Кірк'юбаяркляўштур

​Праз 10 гадоў Рэйк’явік у чарговы раз пашырыў мяжу, гэтым разам да 12 міляў. Мяжу ізноў прызналі ўсе, апрача Вялікабрытаніі. Рыбалоўныя судны каралеўства прыплывалі да берагоў Ісьляндыі ў суправаджэньні ваенных караблёў.

Гэта быў магутны ўдар па ісьляндзкай рыбнай гаспадарцы. Трошкі лічбаў: у 1965 годзе ісьляндцы злавілі 760 тысяч тонаў селядца, а ў 1970 годзе — усяго 51 тысячу. На востраве пачаўся эканамічны крызыс.

Найлепшая абарона — наступленьне

31 жніўня 1971 года прэм’ер Аляфур Ёхансан выступіў з радыёзваротам, заявіўшы, што мяжа тэрытарыяльных водаў павялічваецца да 50 міляў. Грамадзкасьць вострава сустрэла гэтыя словы эўфарыяй. Ісьляндцы вывешвалі ў вокнах нацыянальныя сьцягі, на дэманстрацыях, якія нагадвалі адзначэньне нацыянальных сьвятаў, людзі патрабавалі ад урада «палітыкі без саступак».

Выступаючы ў парлямэнце, міністар замежных справаў Эйнар Агустсан заявіў: «Бяз рыбы Ісьляндыі ня будзе». Маленькая краіна кінула выклік магутнай Вялікабрытаніі. Пачалася так званая «трасковая вайна».

Базальтавыя пліты на Чорным пляжы

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня рацыя была на баку брытанцаў. Справа ў тым, што Міжнародны трыбунал справядлівасьці ў Гаазе забараніў Ісьляндыі пашыраць мяжу сваіх водаў. Але Рэйк’явік цалкам праігнараваў гэтае рашэньне, парушыўшы, пры нагодзе, некалькі сваіх жа законаў.

Лёндан выступіў з пратэстам і пачаў пагражаць байкотам ісьляндзкіх тавараў. Наступствы гэтага для Ісьляндыі маглі быць вельмі балючыя, але ўрад у Рэйк’явіку паставіў усё на адну карту.

Гейзэр Стокур

На наступны дзень пасьля заявы ісьляндзкага ўраду пра пашырэньне мяжы тэрытарыяльных водаў, у 50-мілевай зоне знаходзілася 120 чужых рыбалавецкіх суднаў: брытанскіх, нямецкіх, бэльгійскіх і іншых. Празь некалькі дзён большасьць замежных суднаў пакінулі тэрыторыю, якую Ісьляндыя абвясьціла сваёй. Засталіся, як заўсёды, брытанцы.

Першапачаткова супрацьстаяньне было вэрбальным. Заходнеэўрапейскія СМІ цытавалі ісьляндзкага міністра замежных спраў, які казаў, што яго краіна гатовая на канфлікт з партнэрамі па NATO. Гэтыя словы можна было б успрыняць як жарт. Ісьляндыя ня мела войска і ніякай пагрозы для брытанцаў яна не ўяўляла.

Паўднёвая Ісьляндыя

Але ў ісьляндцаў быў мэгааргумэнт, які ўрад Ёхансэнса не засумняваўся б задзейнічаць у выпадку неабходнасьці — гэта вайсковая база NATO у Кэфлявіку пад Рэйк’явікам. Яна мела стратэгічнае значэньне для альянсу і губляць яе ніхто ня меў намеру. Апрача Ісьляндыі.

Ісьляндцы, тым часам, пачалі дзейнічаць. Ахова ўзьбярэжжа перарэзвала брытанскія рыбацкія сеткі. Мала таго, што гэта пазбаўляла рыбы, брытанцы несьлі вялізарны ўрон ад зьнішчэньня дарагіх сецяў. Але спыніць альбо нэўтралізаваць ісьляндзкія караблі Лёндану не ўдавалася.

У Рэйк’явік зачасьціла брытанская дзяржсакратар, лэдзі Твідсмуір. Яна спрабавала дамовіцца аб квотах для брытанскіх рыбакоў. Двойчы ёй даводзілася вяртацца дадому з пустымі рукамі.

Дзіўная «вайна»

​У траўні 1973 года бакі паступова пачалі губляць цярпеньне. Аднак узброеным супрацьстаяньне гэта цяжка было назваць. Часам даходзіла да камічных выпадкаў. Адзін зь іх апісвала ісьляндзкая прэса:

«Капітан ісьляндзкага карабля "Aegir" Гудмундур К’ярнэстэд загадаў брытанскаму караблю "Everton" пакінуць 50-мілевую зону. Брытанскі капітан Джордж Масэл адмовіўся. Тады Кʼярнэстэд папрасіў каманду брытанскага карабля выйсьці на карму, паколькі ісьляндцы зьбіралася адкрыць агонь. Масэл выканаў просьбу, а "Aegir" зрабіў шэсьць стрэлаў у "Everton". Затым Масэл зьвязаўся з Кʼярнэстэдам і папрасіў на хвіліну спыніць агонь, каб паверыць пашкоджаньні карабля. Калі капітан завяршыў агляд, ісьляндцы ізноў пачалі абстрэл. Потым Гудмундур Кʼярнэстэд выйшаў на сувязь з Масэлам і спытаў, ці не патрабуе ён дапамогі. Брытанскі капітан падзякаваў і супакоіў ісьляндца, што нічога сурʼёзнага не сталася. Акцыя завяршылася».

Ісьляндыя не здавалася. Урад у чарговы раз заявіў пра намер абмеркаваць будучы статус базы NATO. Для альянсу яна мела ключавое значэньне: кантроль над савецкай авіяцыяй і флётам у рэгіёне, у прыватнасьці базай у Мурманску.

Вадаспад Гутльфос

Ісьляндыя працягвала шукаць хаўрусьнікаў па ўсім сьвеце. Яе падтрымлівалі краіны, якія гэтаксама, як і яна, павялічылі мяжу водаў. У адказ на гэту актыўнасьць брытанцы загаварылі пра высылку да берагоў вострава караблёў Royal Navy.

Ісьляндцам удалося павялічыць супярэчнасьці ўнутры брытанскага кіраўніцтва. Ня ўсе пагаджаліся на ўдзел каралеўскага флёту ў рыбалоўстве. Прысутнасьць ваенных караблёў брытанскай дзяржавы ля межаў маленькай Ісьляндыі частка брытанскай эліты лічыла ганьбай.

Тым ня менш, 19 траўня брытанскія інфармагенцтвы паведамілі, што караблі Royal Navy пад камандаваньнем сэра Эдварда Клітана плывуць да берагоў Ісьляндыі. Лёндан не сьпяшаўся выступаць з афіцыйнай заявай, Рэк’явік зрабіў выгляд, што нічога ня ведае. І слушна. Гэты быў чысьцейшы блеф. Аднак ісьляндзкі ўрад вырашыў выкарыстаць яго на сваю карысьць і заявіў, што «краіна NATO напала на свайго саюзьніка».

Дыпляматыя ў дзеяньні

​Міністар рыбалоўства Ісьляндыі Людвік Ёсэфсан накіраваўся зь візытам у суседнія краіны з намерам здабыць кананэрскія лодкі. Прагучалі публічныя заявы, што караблі будуць абсталяваныя зброяй, а іх каманды навучацца карыстацца сьлезацечным газам. Караблі павінны былі атрымаць сьмярдзючую вадкасьць, эфэкт ад якой не зьнікаў некалькі дзён. Але нічога такога не адбылося. Гэта ізноў быў спрытны PR ісьляндцаў.

31 траўня Лёндан афіцыйна прыняў рашэньне выслаць да берагоў Ісьляндыі ваенныя караблі. Рэйк’явік не разгубіўся. Зь Лёндана быў адкліканы ісьляндзкі пасол, а брытанскім самалётам было забаронена прызямляцца на базе NATO.

Прымірыць бакі паспрабавала Нарвэгія. У Осла паспрабавалі арганізаваць перамовы паміж Лёнданам і Рэйк’явікам, але прэм’ер Ёханэсан заявіў, што пакуль брытанскія караблі знаходзяцца ў ісьляндзкіх водах, пра ніякія перамовы ня можа быць і гаворкі. Урад Ісьляндыі выслаў з краіны брытанскага дыплямата, які ладзіў прэс-канфэрэнцыі ў сядзібе брытанскай амбасады. Яго абвінавацілі ў шпіянажы. Каля пасольства ісьляндцы арганізавалі мітынг. Эмоцыі кіпелі. Быў зьнішчаны сад дыппрадстаўніцтва і выбітыя вокны.

У гэтым жа годзе ў Ісьляндыі адбывалася сустрэча Ніксана з Пампіду. На ўсіх сустрэчах, пачынаючы ад прэзыдэнта Ісьляндыі да экспэртаў, кожны жыхар выспы не прапусьціў магчымасьці ўзгадаць у размове пра ісьляндзкія інтарэсы.

12 жніўня карабель «Aegir» паставіў сабе задачу — арыштаваць брытанскі траўлер «Lord ST. Vincent». Ён зьявіўся ў зоне 12 міляў ад берага, якую Лёндан даўно афіцыйна прызнаў. «Lord ST. Vincent» ахоўвалі караблі каралеўскага флёта. Але ісьляндцы заслужылі мэдаль за адвагу. Капітан ісьляндзкага судна гнаў брытанцаў цэлыя 19 гадзін, за 150 міляў ад ісьляндзкага ўзьбярэжжа. Royal Navy неаднаразова папярэджвала капітана ісьляндзкага судна, што яго карабель можа мець непрыемнасьці, але ісьляндзец не зьвяртаў увагі на пагрозы.

Праз пару тыдняў на моры здарылася трагедыя. Падчас тарану брытанцамі судна «Aegir» хваля забрала ў мора мэханіка Хальдура Хальфрэдсана.

Тым ня менш, «вайна» была дзіўнай. У ісьляндзкія парты працягвалі прыбываць брытанскія караблі з хворымі маракамі на борце, якіх пазьней лячылі ісьляндзкія лекары. Пілёты «шпіёнскіх» самалётаў міла размаўлялі з працаўнікамі кантрольнай авіявежы ў Рэйк’явіку. Але на перамовы з брытанцамі ісьляндзкі ўрад не пагаджаўся. Умова была адна — Лёндан павінен адклікаць свае караблі зь ісьляндзкіх водаў, якія ўрад у 1974 годзе зьбіраўся павялічыць да 200 міляў.

Карта ў ісьляндзкім рукаве

Чорны пляж

​У верасьні 1973 года ўрад Ісьляндыі пачаў палохаць Лёндан, што сарве дыпляматычныя адносіны зь Вялікабрытаніяй. Ісьляндзкі прэм’ер грукаў кулаком па стале і дамагаўся адкліканьня прадстаўніка сваёй краіны са штаб-кватэры NATO і спыненьня адносінаў. Умова была простая — як толькі брытанцы дакрануцца да ісьляндзкага карабля, Рэйк’явік пачынае дыпляматычнае наступленьне. 11 верасьня адпаведная нота была ўручаная брытанцам, але яны адмовіліся яе прымаць.

Дыпляматычная вайна і напружанасьць працягваліся некалькі тыдняў, пакуль брытанскі прэм’ер ня ўступіў: ён адклікаў караблік Royal Navy.

Няпэўная сытуацыя трывала два наступныя гады. 15 кастрычніка 1975 года Ісьляндыя абвясьціла, што пашырае сваю зону да 200 міляў. У адказ Вялікабрытанія выйшла з сустрэчнай прапановай — яна паабяцала прытрымлівацца квотаў у 110 тысяч тонаў.

Тупікі

Ісьляндцы гэтую прапанову адхілілі і прапанавалі сваю квоту — 65 тысяч. Брытанскія караблі гэтую прапанову нібыта не заўважаюць і выходзяць на рыбалку. Увесь лістапад і сьнежань ісьляндцы псуюць ім сеткі. Міністар замежных справаў Агустсон робіць ход канём і заяўляе, што Ісьляндыя выходзіць са складу NATO і забараняе самалётам RAF лятаць над востравам.

Тысячы людзей акружылі базу альянсу ў Кэфлявіку. Усе дарогі да базы і казармаў былі заблякаваныя. Людзі патрабавалі, каб амэрыканцы пакінулі базу. Менавіта на амэрыканцаў пратэстоўцы ўскладалі віну за тое, што прысутнасьць брытанскіх караблёў у 200-мілевай зоне засталася незаўважанай NATO.

Гэтае салодкае слова — перамога

Гарачая рака ў гарах каля мясцовасьці Квэрагэдзі

​30 траўня Вялікабрытанія пачала нарэшце адклікаць свае караблі з 200-мілевай зоны. Гэта дазволіла абодвум бакам на другі дзень сесьці за стол перамоваў. Сустрэча міністраў замежных справаў Агустсона і Кросланда адбывалася ў Осла. Бакі прыйшлі да згоды: Ісьляндыя дазваляла 24 брытанскім траўлерам да канца года злавіць 30 тысяч тонаў рыбы ў 20-мілевай зоне.

На першы погляд гэтая дамоўленасьць выглядае як частковая капітуляцыя Ісьляндыі. Аднак у гісторыі яна засталася, як перамога маленькай выспы над брытанскай імпэрыяй. І вось чаму. Справа ў тым, што на момант падпісаньня дамовы ў Осла было вядома, што ад 1 студзеня 1977 года ўсе краіны Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці ўводзяць 200-мілевую зону на сваіх водах. То бок ісьляндзкі ўрад, падпісваючы дамову ў Осла, ведаў, што гэта апошняя сустрэча з брытанскім бокам па пытаньні «трасковых войнаў». 2 сьнежня 1976 года апошнія брытанскія караблі пакінулі воды Ісьляндыі.

Гэта быў трыюмф вострава. У рыбацкіх вёсках адбываліся гучныя сьвяткаваньні. Некалькі гадоў ісьляндцы толькі і жылі барацьбой з брытанцамі. Вывад караблёў яны лічылі поўнай перамогай.

А брытанскія рыбакі пацярпелі поўную паразу. Яны дамагаліся ад свайго ўраду кампэнсацыі. Кампраміс з Ісьляндыяй пазбавіў працы 7,5 тысяч чалавек.

Ісьляндыя ня проста перамагла ў «трасковай вайне» зь Вялікабрытаніяй. Іншыя эўрапейскія краіны пайшлі па яе сьлядах і таксама пашырылі свае тэрытарыяльныя воды да 200 міляў. Перамога Ісьляндыі паказала моцным гульцам, што маленькія краіны, выкарыстоўваючы геапалітычнае значэньне і спрытную дыпляматыю, могуць паставіць на калені магутныя імпэрыі і дыктаваць ім свае ўмовы.

Фота: Каміль Арэнд і Дзьмітры Гурневіч.