ДТЗ пад Мікалаевам: кіроўцу грузавіка пагражае да 12 гадоў турмы, двое беларусаў застаюцца ў цяжкім стане

Суд Мікалаеўскай вобласьці ўзяў пад хатні арышт 42-гадовага кіроўцу грузавіка, зь якім раніцай 20 ліпеня сутыкнуўся беларускі аўтобус. У выніку гэтага здарэньня пяць беларусаў загінулі і 12 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Суд таксама абавязаў кіроўцу здаць замежны пашпарт, па першым патрабаваньні зьяўляцца да сьледчых, а таксама устрымацца ад кантактаў з пацярпелымі і сьведкамі гэтай аварыі.

Супраць кіроўцы пачалі крымінальную справу паводле часткі 3 артыкулу 286 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне правілаў бясьпекі дарожнага руху або эксплюатацыі транспартнага сродку, у выніку чаго загінулі некалькі асоб. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад сямі да дванаццаці гадоў з пазбаўленьнем на тры гады права кіраваць аўтамабілем.

У суботу, 21 ліпеня, дзевяць грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ў аварыі, транспартаваныя ў Гомель для далейшай мэдычнай дапамогі. Некаторыя зь іх распавялі Радыё Свабода, што паездка для іх была бясплатнай. Магчыма, што гаворка пра «шэрую схему» па ўвозе эўрапейскіх аўтамабіляў на тэрыторыю Ўкраіны.

Астатнія трое пацярпелых беларусаў застаюцца ў шпіталях на поўдні Ўкраіны, стан двух зь іх застаецца стабільна цяжкім.

«Стан бяз зьменаў, яны праапэраваныя», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар упраўленьня аховы здароўя Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Багранцаў. Аднак, ён адмовіўся ўдакладніць, ці вярнуліся пацярпелыя да сьвядомасьці. Паводле прэсавага сакратара, сёньня іх наведваў беларускі консул.

Раніцай 20 ліпеня на адэскай трасе каля мястэчка Крывое Возера беларускі мікрааўтобус урэзаўся ў грузавік, які стаяў на дарозе з парушэньнямі правіл аварыйнага прыпынку. Кіроўца мікрааўтобуса і чацьвёра пасажыраў загінулі. 12 атрымалі розныя траўмы.

У той самы дзень 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, загінулі ў аварыі на трасе Кіеў-Чоп у Жытомірскай вобласьці, калі маршрутка ўрэзалася ў грузавік. Яшчэ 9 атрымалі траўмы. Пасьля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла аб узмацненьні захадаў бясьпекі на дарогах, асабліва пры пасажырскіх перавозках.