Міністар унутраных спраў Кіргізстану Кашкар Джунушаліеў паведаміў, што бярэ пад асабісты кантроль расьсьледаваньне сьмерці журналіста Радыё Свабода Уланбека Эгізбаева, які патануў у возеры Ісык-Куль 22 ліпеня.
Мясцовая паліцыя заявіла, што сьмерць Эгізбаева была выпадковай і назвала неабгрунтаванымі вэрсіі аб тым, што яго маглі забіць.
Калегі з кіргіскай службы Радыё Свабода кажуць, што апошнім часам Эгізбаеву часта паступалі пагрозы праз тэлефон і на пошту ў сувязі зь ягонымі расьсьледаваньнямі.
У Бішкеку і Ошы прайшлі мітынгі-рэквіемы ў памяць пра Уланбека Эгізбаева, на якія прыйшлі і прадстаўнікі апаратаў прэзыдэнта і ўраду, міністры, грамадзкія і палітычныя дзеячы, дэпутаты, журналісты.
Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў у сваім звароце адзначыў, што Уланбек Эгізбаеў быў прафэсіяналам у сваёй справе, гатовым браць на сябе адказнасьць за сацыяльныя, маральныя і палітычныя наступствы сваіх публікацый:
— Калі б не недарэчная сьмерць, Уланбек Эгізбаеў з уласьцівым яму ўменьнем выкрыў б яшчэ многіх карупцыянераў і іх непрыстойныя справы! На жаль, грамадзкасьць, кіргіская журналістыка страціла таленавітага журналіста, які самааддана змагаўся супраць нэгатыўных зьяў у нашым грамадзтве. Імя Уланбека Эгізбаева застанецца ў гісторыі кіргіскай журналістыкі, а яго актыўная грамадзянская пазыцыя і высокі прафэсіяналізм будуць служыць прыкладам для маладога пакаленьня.
Эгізбаеў у 2013 годзе скончыў Факультэт камунікацыяў Кыргызска-Турэцкага унівэрсытэту «Манас». У 2015 годзе атрымаў дыплём магістра паліталёгіі ў бішкекскім гуманітарным унівэрсытэце.
У 2016 годзе Ўланбек Эгізбаеў атрымаў прэмію Webby Awards за ролік «Мара». Для атрыманьня ўзнагароды ён езьдзіў у Нью-Ёрк разам з героем роліка — Нургазы.
У тым жа годзе ён быў уганараваны Ганаровай граматай Кіргізстану. Акрамя таго, у 2017 годзе ён атрымаў узнагароду Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД. Яго працу адзначылі ганаровым знакам «За заслугі ў разьвіцьці друку і інфармацыі».
Уланбек Эгізбаеў апошнім часам займаўся расьсьледаваньнем фактаў карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку, незаконнага продажу зямель у элітных раёнах сталіцы Кіргізстану і месцаў для пахаваньня на могілках у Бішкеку.
Месяц таму — 22 чэрвеня — Уланбек Эгізбаеў атрымаў узнагароду «Залатое пяро».