Хочаце схуднець? 8 неназойлівых летніх парад

У тэорыі страта вагі — просты працэс. Трэба спальваць больш калёрый, чым вы спажываеце. Але ў рэальнасьці кожны, хто спрабаваў схуднець, ведае, што гэта не такая простая справа.

Сёньня лекары-дыетолягі мяняюць свае погляды на працэс пахудзеньня. Пра некаторыя простыя парады на сайце sharecare. com піша Тэйлар Лупаў.

1. Скажыце «не» цяжкім дыетам

Да такіх дыет адносяцца дыеты з паніжанай колькасьцю тлушчу, зь нізкай колькасьцю вугляводаў і высокай колькасьцю бялку. Гэтыя дыеты прыводзяць да страты вагі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, але абмежаваньне колькасьці пажыўных рэчываў ня лепшым чынам адбіваецца на нашым здароўі ў больш далёкай пэрспэктыве.

Выбірайце збалянсаваную дыету, багатую на садавіну і гародніну, здаровыя тлушчы, бялок і цэльназерневыя прадукты.

2. Вядзіце дзёньнік харчаваньня

Гэта трэба для таго, каб адсочваць і кантраляваць колькасьць спажытых калёрый. Правіла, паводле якога для пахудзеньня трэба спальваць больш калёрый, чым спажываць, дзейнічае. Але навучыцца кантраляваць аб’ём спажытых калёрый ня так проста.

Паспрабуйце разабрацца ў калярыйнасьці вашых прадуктаў і навучыцеся іх лічыць. Дасьледаваньні паказваюць, што тыя, хто вёў дзёньнік ежы, страчваюць у два разы больш вагі, чым тыя, хто такога дзёньніка не вядзе.

3. Выбірайце натуральныя, неапрацаваныя прадукты

Усе, хто хоча схуднець і троху абазнаны ў тэорыі здаровага ладу жыцьця, інстынктыўна выбіраюць прадукты з паніжанай колькасьцю тлушчу або нізкай колькасьцю вугляводаў.

Тым часам дыетолягі зноў жа раяць замест гэтага выбіраць садавіну, гародніну, здаровыя тлушчы, бялок і цэльназерневыя прадукты. Асабліва трэба дбаць пра вялікую колькасьць спажыванай расьліннай клятчаткі.

4. Больш рухайцеся

Спажываныя вамі прадукты маюць вырашальнае значэньне для страты вагі. Але на другім месцы стаіць фізычная нагрузка, рухомасьць.

Калі вы паспрабуеце схуднець з дапамогай толькі дыеты, без фізычных практыкаваньняў, гэта, хутчэй за ўсё, скончыцца няпосьпехам. Многія дасьледаваньні сьведчаць, што дыета ў спалучэньні з фізычнай нагрузкай дае лепшую эфэктыўнасьць, чым дыета і спорт паасобку.

5. Трымайцеся графіка харчаваньня

Перакусы паміж асноўнымі прыёмамі ежы вельмі важныя. Яны дапамагаюць пазбавіцца ад пачуцьця голаду. Дасьледаваньні паказваюць, што тыя, хто есьць больш за тры разы на дзень, маюць меншую вагу, чым тыя, хто есьць радзей.

6. Піце больш вады

Звычайная пітная вада зьяўляецца найлепшым сродкам гідратацыі арганізму. Наконт нашай штодзённай патрэбы ў вадзе навукоўцы спрачаюцца. Папраўдзе, гэта залежыць ад узроўню актыўнасьці, клімату, стану здароўя і т. д. Агулам мэдыкі сыходзяцца на норме два літры на суткі.

І трэба памятаць, што размова ідзе пра два літры вадкасьці, а ня толькі вады. Некаторую частку вадкасьці мы атрымліваем з прадуктаў харчаваньня.

7. Не адмаўляйцеся цалкам ад любімых прадуктаў

Не адмаўляйцеся ад іх, нават калі яны ня надта здаровыя. Пазбаўляючы сябе любімай ежы назаўсёды, вы рызыкуеце сарвацца ў своеасаблівы «запой». Замест гэтага нездаровую ежу трэба есьці ў абмежаванац колькасьці.

Падчас аднаго зь нядаўніх дасьледаваньняў тыя, хто абмяжоўваў спажываныя калёрыі шэсьць дзён на тыдзень, а на сёмы даваў сабе свабоду, былі больш матываваныя і больш шчасьлівыя, чым тыя, хто сем дзён на тыдзень спажываў нізкакалярыйную ежу.

Лекары раяць гэта рабіць, нягледзячы на той факт, што «шасьцідзёньнікі» ў выніку схуднелі трошку менш.

8. Райцеся зь лекарам

Узрост, лекі і стан здароўя ўплываюць на нашу здольнасьць худнець. Пасьля 30 гадоў нятлустыя раней тканкі арганізму паступова запаўняюцца тлушчам. Некаторыя лекі (бэта-блякатары, антыдэпрэсанты і т. д.) мяняюць мэтабалізм і павышаюць апэтыт. Лішак стрэсу і недахоп сну павялічваюць цягу да нездаровай ежы.

Бывае, што дыеты і фізычнай нагрузкі недастаткова, каб схуднець. У такім выпадку на дапамогу прыйдзе лекар. Парайцеся са спэцыялістам, які заменіць вам комплекс лекаў або дапаможа адважыцца, напрыклад, на хірургічнае лячэньне атлусьценьня.