Каля 20 абаронцаў Курапатаў 23 ліпеня пачалі чарговую вахту каля рэстарацыі «Поедем поедим» з агульнай нарады, на якой вызначылі першачарговыя задачы.
- Больш пільна працаваць з пастаўшчыкамі прадуктаў у рэстарацыю «Поедем поедим», якую пікетуюць другі месяц. «Абавязкова будзем раздаваць ім буклеты пра Курапаты, зьвернемся да кіраўніцтва з заклікамі спыніць супрацоўніцтва з рэстарацыяй», — сказаў Павал Севярынец.
- Сфармаваць групу актывістаў, якая пойдзе па амбасадах эўрапейскіх краін з прапановай ўлічваць пры выдачы візаў стаўленьне асобы да курапацкай праблемы.
- Стварыць сайт пра абарону Курапатаў.
- Працягваць пікетаваньне рэстарацыі
Павал Севярынец расказаў Свабодзе, што заява ўласьніка рэстарацыі Леаніда Зайдэса, што рэстарацыя ня спыніць працы, усіх актывістаў абурыла, яе назвалі цынічнай.
«Цяпер актывісты тым больш настроеныя пікетаваць столькі, колькі спатрэбіцца, каб дамагчыся закрыцьця рэстарацыі. Вырашылі на верасень плянаваць правядзеньне тут ня проста пікетаў, а мітынгаў», — сказаў Севярынец.
Асобна на сходзе абмеркавалі пытаньне грашовай дапамогі пікетоўцам. Невялікія грошы — называліся сумы ў 20–30 рублёў — на экстранны выпадак нядаўна сабралі, але праца па арганізацыі пікетаваньня вымагае значна большых сродкаў. Вырашылі адкрыць адмысловы рахунак, на які будуць зьбірацца ахвяраваньні.
А ці плацяць пікетоўцы штрафы, якія на іх накладаюць ДАІ і суды?
Павал Севярынец кажа, што яшчэ не сплаціў ніводнага зь некалькіх дзясяткаў штрафаў ад ДАІ.
«Нават пра іх ня думаю. Відаць, яны будуць неяк караць за нясплату, але гэта будзе ў жніўні-верасьні. Пакуль жыву іншымі клопатамі — як наладзіць нашы справы, а з штрафамі разьбярэмся потым», — кажа палітык.
Паводле Вольгі Мікалайчык, у яе больш за 30 штрафаў ад ДАІ і яшчэ некалькі за несанкцыянаваны пікет. Апошні штаф — 40 базавых велічынь, альбо 980 рублёў — актывістка атрымала за пікетаваньне на мінулым тыдні рэстарацыі «Гранд Кушавель». Пры гэтым Вольга Мікалайчык кажа, што пікетаваньня як такога не было, яна з паплечнікамі толькі раздавала наведнікам рэстарацыі буклеты пра Курапаты. Ці будзе плаціць штрафы?
«Курапацкія штрафы аплачваць няма з чаго, бо ніякіх прыбыткаў я ня маю. Жыву на рэдкія ганарары, якія атрымліваю ў мэдыях. Нават свой мабільны тэлефон не магу завесьці, бо суд праінфармаваў усе кампаніі сувязі пра мае запазычанасьці за штрафы, і цяпер тыя адмаўляюцца даваць мне нумар», — кажа Вольга Мікалайчык.
Актывістка дадала, што арышт зь яе дома і мэблі быў зьняты — летась удалося знайсьці сродкі, каб пакрыць ранейшыя штрафы.
Вольга Мікалайчык прызналася: зьбіралася ўладкавацца на працу ў гандлёвую фірму, дзе фармуюць інтэрнэт-закупы, але ад ідэі давялося адмовіцца.
«Там не бяруць тых, у каго нясплачаныя штрафы. Ужо і ня ведаю, ці ўдасца працаваць у Беларусі. Тады прыйдзецца падацца ва Ўкраіну», — кажа Вольга Мікалайчык.
Цягам мінулага году ранейшыя штрафы ўдалося аплаціць былому таксісту Леаніду Кулакову. «Фольксваген», які шмат часу стаяў пад арыштам, Кулакову вярнулі, але працаваць на ім актывіст усё роўна ня можа.
«Новых штрафаў за Курапаты на мне вісіць больш за 20. Гэта ад ДАІ, ды яшчэ некалькі ад судоў паводле пратаколаў, складзеных міліцыяй. Ужо заблытаўся падлічваць агульную суму — больш за тысячу, калі ў далярах лічыць. Не плачу, бо грошай няма нават на пражыцьцё, на працу ж нікуды не бяруць. Эканомлю на ўсім, у тым ліку на бэнзіне», — кажа Леанід Кулакоў.
Вялікі штраф у 40 базавых велічынь за акцыю каля рэстарацыі «Гранд Кушавель» нядаўна атрымала і актывістка Мая Навумава — гэта на дадатак да некалькіх штрафаў ад ДАІ памерам 1–2 базавых. Да суду Мая Навумава адбыла ноч у ізалятары на Акрэсьціна. Такі досьвед для яе ўпершыню.
«Увесь час у камэру падавалася толькі гарачая вада, піць было немагчыма, бо конаўкі не давалі. А на скаргі адказвалі, што няма сантэхніка», — сказала сябрам актывістка. Сплачваць штраф у Маі Навумавай таксама сродкаў няма.
Актывістка Ніна Багінская ў некаторыя дні, як было на мінулым тыдні, атрымлівае з ДАІ адразу па тры паведамленьні аб штрафах.
«Нават не адкрываю канвэрты. Грошай усё роўна няма, і маёй пэнсіі на гэтыя штрафы ніколі ня хопіць, дый не хачу я на свае сродкі ўтрымліваць гэтых дармаедаў», — кажа Ніна Багінская.
Бывае, што на пікеты яна прыходзіць з самаробным печывам і частуе актывістаў. «Бо стаім часта галодныя, гэта так», — пацьвярджае Вольга Мікалайчык.
Больш як 2 тысячы рублёў нясплачаных штрафаў «вісіць» і на актывістцы Натальлі Гарачцы.
Меней, але таксама шмат непакрытых штрафаў маюць абаронцы Курапатаў Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Дзяніс Урбановіч ды іншыя.
Адзіны, хто ўжо сплаціў некалькі штрафаў, — рэжысэр Аляксей Туровіч.
«Але ўсяго на мне 11 штрафаў, таксама запазычанасьць павялічваецца, як сьнежны ком. Але я суджуся за накладзеныя пакараньні, не пагаджаюся», — кажа Туровіч.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.