Лукашэнка загадаў добраўпарадкаваць могілкі вайскоўцаў

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб добраўпарадкаваньні і аднаўленьні мэмарыялаў, помнікаў вайсковай славы, пахаваньняў Першай і Другой усясьветных войнаў, піша БелТА.

На момант публікацыі распараджэньне не апублікавана.

Гэта будзе адбывацца цягам 2018 — першай паловы 2019 гадоў.

Добраўпарадкаваньне прымеркавана да 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе.

Рэалізоўваць распараджэньне Лукашэнкі будуць мясцовыя ўлады. Правілы добраўпарадкаваньня мае зацьвердзіць Савет міністраў. Гэтыя правілы будуць прадугледжваць:

  • усталяваньне рэжымаў аховы і выкарыстаньня гэтых месцаў;
  • папярэджаньне пашкоджаньняў, руйнаваньня і зьнішчэньня і іншага шкоднага ўзьдзеяньня, якое выклікана гаспадарчай і іншай дзейнасьцю.

Менгарвыканкам і аблвыканкамы мусяць:

  • праводзіць па неабходнасьці конкурсы на архітэктурна-мастацкае рашэньне добраўпарадкаваньня;
  • вызначаць заказчыкаў і выканаўцаў прац;
  • закласьці выдаткі на добраўпарадкаваньне ў новым фінансавым годзе;
  • прыцягваць ахвяраваньні на добраўпарадкаваньне.

Якім чынам будзе рэалізоўвацца гэтае распараджэньне, у Менгарвыканкаме не пракамэнтавалі.

Абноўлены закон аб пахаваньні і пахавальнай справе прынялі ў 2015 годзе. Паводле яго адмысловыя камісіі абавязаныя раз на год праводзіць інвэнтарызацыю пахаваньняў. Пасьля такой інвэнтарызацыі, праведзенай у 2015 годзе, сёлета ў чэрвені пачалося ўпарадкаваньне Вайсковых могілак у Менску, якія ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У межах упарадкаваньня супрацоўнікі спэцкамбінату:

  • прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
  • зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя «надгалоўнікі».

Гісторыкі і рэстаўратары сьцьвярджаюць, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікаюць да абароны могілак.

Паводле Менгарвыканкаму, упарадкаваньне адбываецца законна, спыняць яго няма падстаў. У канцы чэрвеня кіраўніцтва Міністэрства культуры на словах паабяцала прыпыніць працы на Вайсковых могілках. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.

На 2019 год Менгарвыканкам анансаваў упарадкаваньне Кальварыйскіх могілак, якія існуюць з канца 18 стагодзьдзя і таксама зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.