Куба прыбірае з канстытуцыі «пабудову камунізму» і прызнае прыватную ўласнасьць

Гавана, ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Кубы зацьвердзіў праект новай канстытуцыі, скіраванай на мадэрнізацыю дзяржавы. Новая канстытуцыя зьмяняе структуру выканаўчай улады, афіцыйна прызнае прыватную ўласнасьць і вольны рынак і адкрывае дзьверы для легалізацыі аднаполых шлюбаў.

Новая канстытуцыя мае на мэце «мадэрнізаваць кубінскую сацыяльна-эканамічную мадэль», не адступаючы ад сацыялістычнай дактрыны. Вырашальная роля кампартыі застаецца нязьменнай, але ў новай рэдакцыі зьнікла «пабудова камунізму» як галоўная мэта.

Асноўныя зьмены:

  • прызнаньне прыватнай уласнасьці
  • падтрымка замежных інвэстыцыяў
  • умацаваньне сыстэмы правасудзьдзя: зьявілася «прэзумпцыя невінаватасьці»
  • зноў уводзіцца пасада прэм’ер-міністра
  • прэзыдэнцкая функцыя абмяжоўваецца двума 5-гадовымі тэрмінамі
  • кандыдат на прэзыдэнта ня можа быць старэйшым за 60 гадоў (у першы тэрмін)
  • Дзяржаўнай радай будзе кіраваць не прэзыдэнт, а старшыня парлямэнту
  • забараняецца дыскрымінацыя паводле полу, этнаса ці інваліднасьці
  • зьнікае ўдакладненьне пра шлюб, як зьвяз паміж мужчынам і жанчынай

Кубінскае кіраўніцтва запэўнівае, што зьмена канстытуцыі не зьяўляецца пераходам да капіталізму. «Сацыялізм недатыкальны, Куба ніколі ня вернецца да капіталізму», — піша камуністычная газэта Granma.

Жыхары Кубы павінны ўхваліць новую канстытуцыю да канца году на рэфэрэндуме.

Аналітыкі адзначаюць, што камуністычнае кіраўніцтва Кубы зараз спрабуе ўзаконіць эканамічныя рэформы апошніх гадоў, якія ўступілі ў супярэчнасьць зь цяперашняй канстытуцыяй, што дзейнічае ад 1976 году.

Куба сабралася прызнаць права грамадзянаў на прыватную ўласнасьць