У выніку перапіскі грамадзкіх актывістаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў стала вядома, што чарговым разам адкліканы «для дапрацоўкі» закон «Аб абыходжаньні з жывёламі».
Законапраект пад ціскам грамадзкасьці быў уключаны ў плян на 2015 год, адмысловая рабочая група распрацавала канцэпцыю, але ўрад яе адрынуў. Было вырашана вярнуцца да варыянту, які выносіўся на разгляд у 2011 годзе і не прайшоў другога чытаньня. Зь невядомай прычыны дапрацоўкай кіравала не Міністэрства прыроды, а Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
У 2016 годзе законапраект прайшоў праз грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Пасьля гэтага навінаў пра законапраект не было.
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Заашанс» Вольга Карпава нагадвае, што размовы пра неабходнасьць комплекснага закону для абароны жывёлаў у Беларусі вядуцца амаль два дзясяткі гадоў. Аднак дагэтуль у гэтым кірунку практычна нічога ня зроблена.
Паводле яе, праект закону «Аб абыходжаньні з жывёламі» пасьля разглядаў у Палаце прадстаўнікоў ужо шэсьць разоў вяртаўся на дапрацоўку, кожны раз пасьля гэтага на некалькі гадоў зьнікаючы ў тым ці іншым ведамстве. На яе перакананьне, нават каб дакумэнт ухвалілі, нічога добрага для жывёл там не было б.
«Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла, — гаворыць суразмоўніца. — Адкінутыя ініцыятывы ў справе кантролю нараджальнасьці, усё перароблена для зручнасьці чыноўнікаў. Калі прымаць у такім фармаце, жывёлам лепей ня стане. Хіба абвесьцім, што ў апошняй краіне Эўропы зьявіўся закон аб абыходжаньні з жывёламі, але зьмест не вырашае сутнасьці праблемы. Можа, толькі адзіны плюс: у параўнаньні з папярэдняй рэдакцыяй, якую разглядалі ў 2011 годзе, тады ў гаспадароў свойскіх жывёлаў былі толькі абавязкі і наогул ніякіх правоў. У апошнім праекце усё ж нейкія правы прадугледжаныя. Вялікі зрух, нічога ня скажаш».
Зоаабарона. Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах Эўразьвязу
Паводле Вольгі Карпавай, актывісты прапаноўвалі максымальны ўдзел грамадзкіх арганізацый, але іх голас быў праігнараваны. На яе думку, сёньня шматпакутны законапраект апынуўся ў стане «максымальна глыбокай замарозкі».
«Дзяржава катэгарычна ня хоча прыняць законапраект, які ўлічваў бы інтарэсы жывёл, — гаворыць спэцыялістка. — Мы прапаноўвалі варыянт, пры якім не было б ніякай нагрузкі на бюджэт, бо загадзя разумелі — ніхто ніякіх сродкаў на гэта ня выдзеліць. Але нават тое, што гэта нічога не каштавала б дзяржаве, усё роўна пачалі выпустошваць — не дапусьцілі нават абавязковую стэрылізацыю і чыпаваньне за кошт уладальнікаў. А бяз гэтага кантролю за нараджальнасьцю ня будзе ніколі. Значыць, абавязкова зьявяцца „лішнія“ каты, сабакі. У сваю чаргу, знойдуцца ідыёты, якія пачнуць іх забіваць, бо стаўленьне, як да сьмецьця. Кола, як той казаў, замыкаецца».
Грамадзкая арганізацыя «Заашанс» утрымлівае ў Менску прытулак для бадзяжных катоў і сабак і ня мае ніякай дапамогі ад дзяржавы.
Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць паводле Адміністрацыйнага кодэксу як за хуліганства. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі ў 2015 годзе. Паводле яго, караць можна у выпадках, калі дзеяньне ўчынена з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў або ў прысутнасьці малалетняга і калі яно «пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва жывёлы».