Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перасьцярог іранскага лідэра Хасана Рухані ад пагрозаў на адрас Злучаных Штатаў.
«Ніколі не пагражайце Злучаным Штатам Амэрыкі, у адваротным выпадку вы сутыкнецеся з такімі наступствамі, зь якімі ніколі не сутыкаліся за ўсю вашу гісторыю. Мы ня тая краіна, якая будзе падтрымліваць вашыя вар’яцкія заявы, гвалт і сьмерць. Будзьце ўважлівымі», — напісаў Трамп у Twitter, зьвяртаючыся да Хасана Рухані.
Раней прэзыдэнт Ірану на сустрэчы з дыпляматамі скрытыкаваў намеры ЗША перашкодзіць экспарту іранскай нафты.
«Чалавек, які хоць трохі разьбіраецца ў палітыцы, ніколі ня скажа, што перашкодзіць экспарту іранскай нафты. Існуе шмат праліваў, і Армускі — адзін зь іх. Мір зь Іранам — гэта ключ да міру, а вайна з Іранам — ключ да ўсіх войнаў», — сказаў Хасан Рухані.
Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа, выступаючы ў Каліфорніі, таксама рэзка скрытыкаваў іранскую ўладу, параўнаўшы яе з «мафіяй». Па яго словах, Вашынгтон працягне аказваць дыпляматычны, вайсковы і фінансавы ціск на Тэгеран.