Вера Басава, 1930–1935
У канцы 20-х сям’я Басавых, Пётра і Марыя, пераехала ў Менск зь вёскі Прылепы (недалёка ад Кургана Славы). Пётра Басаў быў вядомым шаўцом, працаваў у Опэрным тэатры. Ягоная жонка Марыя займалася хатняй гаспадаркай, даглядала дзяцей (у Басавых іх было трое). Вера нарадзілася неўзабаве пасьля пераезду, аднак пражыла ўсяго пяць гадоў. Дзяўчынка трагічна загінула, абварыўшыся кіпнем. Праз тры гады пасьля сьмерці малодшай дачкі ў Басавых нарадзілася Яўгенія.
Сям’я перажыла вайну і акупацыю. На Вайсковых могілках, акрамя Веры, пахавалі яе прадзеда і прабабку. Усе тры магілы Басавы пастаянна даглядалі. На месцы пахаваньня пяцігадовай Веры апошні раз былі 9 траўня. Яны кажуць, што ніякіх папераджальных шыльдаў пра магчымы знос не было, над магілай расьлі жывыя кветкі.
«Мы зьбіраліся тут на могілках усёй сям’ёй. Вялікая была сям’я, у маці было шмат сясьцёр. На Радаўніцу мы заўсёды тут былі, — кажа Яўгенія Рудзіна, сястра Веры Басавай. — Але і акрамя Радаўніцы бывалі. Як ідзеш побач, то і зойдзеш. Мая маці пастаянна сюды хадзіла. Перад сьмерцю прасіла, каб мы ня кідалі магілаў. Магілку, крыж — усё асьвяцілі. На Радаўніцу заўсёды невялікія грошы давалі бацюшку, і ён хадзіў асьвячаў».
Яўгеніі ўжо 80 гадоў, аднак на Вайсковыя могілкі яна прыяжджала рэгулярна. Апошні візыт сюды стаў для яе сапраўднай трагедыяй.
«На магілу да Верачкі я прыехала акурат у дзень сьмерці мужа. Дачка крыху спазьнілася, то я сама пайшла да магілкі, — расказвае жанчына. — Падышла збоку, а магілы няма. Пачала крычаць. Прыбеглі нейкія хлопцы, пыталіся, што са мной. Расказала, што няма маёй магілкі, сястрычкі маёй няма. Хлопцы нешта мне гаварылі, але я апамятацца не магла. Потым ужо мы міліцыю выклікалі... Мы ж стараліся, каб заўсёды магіла была дагледжаная, кветкі тут заўсёды былі».
Захар Негін 1879–1936, Марыя Негіна 1922–1943, Ганна Негіна 1921–1993
Сям’я Негіных пераехала ў Менск з-пад Шацку ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. Захар Негін працаваў вэтэрынарам. Быў бацькам трох дачок і двух сыноў. Пахаваная побач з бацькам Марыя Негіна загінула ў 1943 годзе падчас замаху на Вільгельма Кубэ. Яна была ў тэатры, дзе выбухнула закладзеная падпольшчыкамі бомба. У 1993 годзе памерла другая дачка Захара Негіна, Ганна. Яна ўсё жыцьцё працавала машыністкай у адным са сталічных выдавецтваў. Родныя вырашылі пахаваць яе побач зь сястрой і бацькам. Дзеля гэтага замест старых крыжоў замовілі аднолькавыя надмагільлі для ўсіх трох пахаваньняў. Агароджа засталася старая, даваенная.
«5 чэрвеня гэта было, — расказвае ўнучка Захара Негіна Марына. — Я гэтую дату запомню надоўга. Працую недалёка ад Вайсковых могілак і кожны дзень праходжу тут альбо праяжджаю. Будаўнічыя работы пачаліся тут даўно, я на працы чула гукі, таму нічога не западозрыла. А калі ўвечары 5 чэрвеня ішла побач, то ўбачыла, што тут дрэвы пілуюць верхалазы. Проста на вышыні пілуюць, а кавалкі падаюць адтуль уніз. І мне з вуліцы падалося, што гэтыя бярвеньні ляжаць на нашых магілах. Кінулася сюды, убачыла, што агароджы на магіле няма ўжо. Цяпер дакараю сябе, што не зайшла на могілкі ў абед. Магчыма, яшчэ нешта можна было б зрабіць».
Марына спрабавала высьветліць, што стала з агароджай з магілаў яе дзеда і цётак. Рабочыя адказалі, што агароджу з Вайсковых адвозяць у Гатава і здаюць на мэталалом.
«На наступны дзень мы пазванілі ў КБА, паехалі на сустрэчу з намесьнікам кіраўніка Турам, — працягвае Марына Негіна. — Расказалі яму, што ў нас ня толькі нармальная дагледжаная агароджа была, але і шыльды з папярэджаньнем аб магчымым зносе на яе ніхто ня вешаў. На гэта Тур нам адказаў, што ў канцы траўня на могілках была камісія, якая вырашыла ўсё зьнесьці. Пытаюся: а дзе была інфармацыя пра гэта? Тур адказаў, што 24–25 траўня яны пра гэта напісалі на сайце Менгарвыканкаму. Але адкуль жа я магла ведаць, што трэба заходзіць на гэты сайт?»
Цяпер Марына Негіна далучылася да валянтэраў, якія спрабуюць добраўпарадкаваць прызначаныя да зносу месцы пахаваньняў. Прыходзіць на Вайсковыя могілкі сама, дапамагае актывістам з матэрыяламі. І чакае адказу з пракуратуры, дзе спрабуе абскардзіць дзеяньні спэцкамбінату і Менгарвыканкаму. Новую агароджу на магілу родных Негіны ставіць ня будуць, але абяцаюць, што помнік будзе адрозьнівацца ад аднатыпных надгалоўнікаў спэцкамбінату.
Іосіф Карніцкі 1876–1940
У сям’і пра Іосіфа ведаюць мала. Жыў на вуліцы Кірава ў доме нумар 8. Быў чыгуначнікам, з гэтай прычыны мусіў зьмяніць імя Юзаф на больш «ідэалягічна правільнае» Іосіф. З тае ж прычыны над магілай стаіць праваслаўны крыж. Пасьля сьмерці Іосіфа Карніцкага яго магілу доўгі час даглядаў унук Леў Валахановіч, інвалід вайны. Ён меў своеасаблівы рытуал: прыходзіў на Вайсковыя могілкі 9 траўня і пакідаў на магіле дзеда ўсе кветкі, якія яму дарылі як вэтэрану. Пасьля сьмерці Льва Балахановіча магілу разам зь іншымі роднымі даглядае прапраўнучка Аліна Стэфановіч.
«Для мяне гэтая магіла — своеасаблівы пункт нумар зэро, — кажа Аліна. — Я жыла ў розных месцах Менску, у розных раёнах. У людзей бывае родная вёска, родная хата. А для мяне пункт адліку — гэтае пахаваньне. Для мяне важна захаваць і такі выгляд гэтай магілы, і менавіта такі крыж. Я не хачу ставіць надгалоўнічак. Таму што гэта важна як памяць. Гэта ўсё ставілі мае продкі, ставілі менавіта такім чынам».
Спэцкамбінат мае іншую думку. Родных Іосіфа Карніцкага паінфармавалі, што пасьля 4 ліпеня ў любы дзень пахаваньне яе прапрадзеда можа быць зруйнаванае. Уладам не падабаецца ні выгляд агароджы, ні крыжа, ні нават дрэва, якое стаіць побач. Усё гэта могуць зьнішчыць фактычна ў любы момант, пакінуўшы на месцы пахаваньня чыгуначніка Іосіфа Карніцкага стандартны надгалоўнік.
«Сказалі, што агароджа будзе зьнесеная ў любым выпадку, — расказвае Аліна. — Надмагільле могуць захаваць, калі я яго аднаўлю. Але як яго яшчэ аднавіць? Мне здаецца, што яно ў нармальным стане. Пішам лісты цяпер. Адказ ад спэцкамбінату атрымалі. Напісалі скаргу ў Менгарвыканкам. Чакаем. Калі адказ будзе адмоўны, то падамо ў суд. Гэта прыватная ўласнасьць, і мы супраць таго, каб яе руйнавалі і некуды вывозілі. Я хачу менавіта такі крыж на магіле прапрадзеда. Чаму нехта мае права прымусіць мяне штосьці рабіць зь ім? Я не лічу, што гэтае новае — чысьценькае, калгаснае, „пад лінеечку“ — будзе нечым лепшым».
Аліна спадзяецца, што дзеяньні валянтэраў змогуць спыніць добраўпарадкаваньне і магілу яе прапрадзеда пакінуць у цяперашнім выглядзе. Аднак ніякай гарантыі няма.
Іосіф Матусевіч 1890–1934
Нарадзіўся на Лагойшчыне. У грамадзянскую вайну служыў на тэрыторыі Ўкраіны. Затым пасяліўся ў Менску, ажаніўся. Сям’я Матусевічаў жыла на вуліцы Янкі Купалы, недалёка ад колішняга выставачнага комплексу. Меў траіх дзяцей. Працаваў шаўцом. Унучка дагэтуль захоўвае пару абутку, зробленую дзедам. Памёр у 44 гады ад язвы страўніка.
«Там напісана „добраўпарадкаваньне“. Але добраўпарадкаваньне — гэта ж, у маім разуменьні, ня знос помнікаў, — кажа ўнучка Іосіфа Матусевіча Ірына Маркевіч. — Гэта дарожкі пракласьці, кусты падстрыгчы. Тэрыторыю вакольную пачысьціць. Каб яны пра рэканструкцыю гаварылі, мы б актывізаваліся, ведалі б, як сябе паводзіць. Нам яны таксама на агароджу павесілі шыльду з інфармацыяй пра неабходнасьць навесьці парадак. Мы навялі. Я ў 2016 годзе яшчэ з кіраўніцтвам могілак сустракалася, заяўкі ў архіў падавала, каб сваяцкія сувязі вызначыць. Ведаеце, я некалі і ў храм гэты пастаянна хадзіла. Але цяпер усякае жаданьне зьнікла. І вера ў нешта сьветлае».
На сустрэчы з дырэктарам могілак Ірыну супакоілі. Маўляў, усё застанецца на сваім месцы. Магчыма, толькі агароджу прыбяруць. Таму што яна «стварае неэстэтычны інтэр’ер». Па словах Ірыны Маркевіч, з гэтым яна магла зьмірыцца. Але калі прыйшла на могілкі 19 чэрвеня, пабачыла зусім іншае.
«У мяне быў шок, шок! — кажа Ірына. — Бегала тут, шукала магілу. А калі знайшла на гэтай тумбе імя, то эмоцыі былі такія, што... Як быццам да мяне дадому ўварваліся і зруйнавалі ўсё.
У дырэкцыі могілак ёсьць усе мае тэлефоны, кантакты. Я пакідала ім, прасіла даць іншым родным, калі яны раптам прыедуць на могілкі. Некаторыя сувязі згубіліся. 17 красавіка я тут апошні раз была, прыбірала магілу. Ніякіх абвестак не было... Мы помнік дзеду змаглі паставіць толькі ў сярэдзіне 60-х. Я нарадзілася ў 1961-м і памятаю, якіх намаганьняў гэта каштавала сям’і. Мэтал шукалі, усё ўручную рабілася на заводзе Кірава. Затым тут уручную зьбіралі. Гэта ня проста месца для мяне. Гэта памяць».
19 чэрвеня Ірына Маркевіч зьвярнулася ў міліцыю з заявай аб зьнікненьні агароджы і помніка на месцы пахаваньня свайго дзеда. Паводле яе, сьледчы, які прымаў заяву, выказаўся наконт пэрспэктываў расьсьледаваньня скептычна.
Юліян Гурскі 1868–1942, Іван Гурскі 1919–1945
Юліян Гурскі ўсё жыцьцё прарабіў чыгуначнікам, жыў у Менску. Быў машыністам, пазьней кіраваў працай воданапорнай станцыі, якая належала Лібава-Роменскай чыгунцы. Праз тры гады пасьля сьмерці Юльяна Гурскага побач зь яго магілай пахавалі сына Івана. Іван Гурскі перажыў вайну, працаваў эканамістам. Неўзабаве пасьля вайны яго забілі злачынцы побач з домам.
«Я вам нават дакладную дату магу сказаць, калі гэта адбылося — 12 жніўня 2012 году, — расказвае ўнук Юліяна Гурскага Аляксандар пра знос агароджы і надмагільляў. — Прыйшоў на могілкі, а тут на месцы магілаў нічога няма. Толькі вось гэты слупок ад крыжа. Так што гэтае „добраўпарадкаваньне“ пачалося значна раней. Толькі што не ў такіх маштабах. У мяне тут таксама і агароджа была, і крыжы. Я сюды яшчэ хлопчыкам прыходзіў, з маці, з бабуляй. Шок дагэтуль застаўся».
Аляксандар Гурскі кажа, што прыходзіў на Вайсковыя могілкі да магілы дзеда і дзядзькі прыкладна раз на год. Часьцей ня мог фізычна — даглядае яшчэ сем магіл родных на чатырох могілках Менску. Пасьля таго, як крыжы і агароджа зьніклі з пахаваньня, Аляксандар пайшоў да дырэктара могілак. Аднак размовы не атрымалася.
«Яны толькі прызналіся, што прыбралі агароджу і крыжы, — кажа Аляксандар. — Матывавалі тым самым, маўляў, неналежны стан. Я зьбіраўся рэстаўраваць. Там крыху прасеў крыж. Усё ж ён сорак гадоў прастаяў. Зрабіў чарцёж, хацеў аднавіць. Але не пасьпеў. Мне нават ніякіх дакумэнтаў афіцыйных пра тое, што гэта яны прыбралі крыжы, не далі. Барбарства гэта. І тое, што цяпер робяць на Вайсковых могілках, таксама. Тут толькі нецэнзурна можна выказацца. Іх (прадстаўнікоў спэцкамбінату. — РС) трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці».
Пасьля пачатку работ у добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак у ліпені 2018 году Аляксандар Гурскі актыўна ўключыўся ў працу валянтэраў. Ён прыходзіць на могілкі, назірае за дзеяньнямі супрацоўнікаў спэцкамбінату. На яго думку, спыніць работы могуць агульныя дзеяньні людзей, магілы чыіх родных альбо пад пагрозай дэмантажу, альбо ўжо «добраўпарадкаваныя».