Міністэрства юстыцыі ЗША ў суботу апублікавала раней цалкам сакрэтны дакумэнт, на падставе якога ФБР у кастрычніку 2016 года прасіла суд даць санкцыю на сачэньне за памочнікам тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты Дональда Трампа Картэрам Пэйджам.
ФБР меркавала, што ён стаў аб’ектам распрацоўкі расейскіх спэцслужбаў.
Дакумэнт з такім статусам сакрэтнасьці публікуецца ўпершыню, але са шматлікімі купюрамі. Рассакрэціць дакумэнт праз суд дамагаліся некалькі СМІ і праваабарончыя арганізацыі. Раней былі даступныя толькі вытрымкі з яго, апублікаваныя асобна рэспубліканцамі і дэмакратамі — членамі Камітэта па выведцы ніжняй палаты Кангрэсу.
«На наш погляд, Пэйдж таемна супрацоўнічае з расейскім урадам, — гаворыцца ў заяве, пададзенай ФБР на атрыманьне судовай санкцыі на сачэньне. — Пры гэтым ён ужо парушыў або зь вялікай верагоднасьцю парушыць у найбліжэйшай будучыні крымінальны кодэкс ЗША».
Акрамя таго, гаворыцца, што Пэйдж, а магчыма, і іншыя члены штаба Трампа супрацоўнічаюць з Расіяй з мэтай умяшаньня ў выбары. У абгрунтаваньні свайго прашэньня ФБР спасылаецца, сярод іншага, на факт візіту Пэйджа ў Расею ў ліпені 2016 года.
У так званым дасье на Трампа, сабраным былым супрацоўнікам брытанскай выведкі Крыстаферам Стылам, сьцьвярджаецца, што амэрыканец падчас візіту меў сустрэчу з высокапастаўленым чыноўнікам паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі.
Старшыня Камітэта па выведцы Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Дэвід Нуньес і яго паплечнікі сьцьвярджаюць, што санкцыя на сачэньне за Пэйджам была атрымана незаконна, бо ФБР утаіла ад суду, што ў сваім прашэньні абапіралася менавіта на гэта дасье, аплачанае супернікамі Трампа з лягера Хілары Клінтан.
Афіцыйна ФБР заўсёды сьцьвярджала, што вывучае гэта дасье, якое зьмяшчае шэраг да гэтага часу не пацьверджаных абвінавачаньняў на адрас Трампа, аднак не выкарыстоўвае яго ў сваёй працы.
Дэмакраты, у тым ліку намесьнік старшыні Камітэта па выведцы Адам Шыф, заяўляюць, што ФБР пільна прытрымвалася ўстаноўленага парадку ў сваім звароце да суду. Паведамляецца, што першапачаткова цікавасьць Бюро да асобы Пэйджа ўзьнікла не з-за зьвестак, прадстаўленых у дасье Стыла, а з-за інфармацыі, якая надышла ад іншага памочніка Трампа Джорджа Пападопуласа,
Суд тады дазволіў праслухоўваньне тэлефонаў Пэйджа. Ніякіх абвінавачаньняў да яго дагэтуль не прадʼяўлена. Дональд Трамп раней абвінавачваў адміністрацыю Абамы ў арганізацыі сачэньня за яго выбарчым штабам.