Чарговы герой Інтэрвію тыдня — беларускі сацыёляг, прафэсар Алег Манаеў, былы кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД), які цяпер жыве ў ЗША. Ён распавядае пры прычыны сваёй вымушанай палітычнай эміграцыі ў ЗША, тлумачыць, чаму постсавецкія эмігранты галасуюць менавіта за Рэспубіканцаў, разважае пра сацыяльную рэвалюцыю ў Беларусі і магчымасьць прыходу да ўлады новага прыхільніка «цьвёрдай рукі».
Рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады
— Вы вось ужо некалькі гадоў жывяце ў ЗША. Што стала галоўнай прычынай вашага ад’езду? Разгром незалежнай сацыялёгіі ўладамі Беларусі, у выніку чаго ў вас зьнікла магчымасьць займацца любімай справай, якой вы аддалі 20 гадоў? Ці можа прычыны былі больш празаічныя — побытавыя і сямейныя?
— Вясной 2015 году мяне запрасілі чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэт Тэнэсі, а праз год супраць нас падняліся новая хваля рэпрэсіяў: БТ паказаў «спэцыяльны рэпартаж» — «Прымат НІСЭПД», у якім абвінавачваў інстытут у фальсыфікацыі апытаньняў грамадзкай думкі і наўпрост апэляваў да праваахоўных органаў. Дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу. У выніку сетка інтэрвіюераў апынулася разбуранай, і мы вымушаныя былі спыніць шматгадовыя апытаньні грамадзкай думкі. Афіцыйную заяву Сусьветнай асацыяцыі па вывучэньні грамадзкай думкі (WAPOR), якая аспрэчвае абвінавачваньні НІСЭПД у фальсыфікацыях, беларускія ўлады праігнаравалі. А «спэцыяльны рэпартаж» БТ неўзабаве атрымаў прыз на II фэстывалі дакумэнтальных фільмаў СНД за «расьсьледаваньне, якое дасягнула мэты».
Наступныя «справы» з кіраўніцтвам незалежнага прафсаюзу РЭП і незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН разьвіваліся па такой жа схеме: судовы працэс і крымінальнае расьсьледаваньне па іх ідуць да гэтага часу. Так што прычына майго «невяртаньня» — выключна палітычная, ніякіх бытавых або сямейных прычынаў для гэтага не было. Зрэшты, ацэньваючы сытуацыю рэтраспэктыўна, можна сказаць, што справа да гэтага ішла даўно: рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады.
— Ці ўдалося вам знайсьці ў ЗША нейкую працу, зьвязаную з вашымі прафэсійнымі інтарэсамі і здольнасьцямі ці вы не ставілі сабе такой задачы?
— Я ўдзельнічаю ў навукова-дасьледчай працы ва Ўнівэрсытэце Тэнэсі, а выкладаю ў іншым унівэрсытэце (чытаю курсы па сусьветнай гісторыі камунізму і па ўраду ЗША). Так што прафэсійную форму падтрымліваю. Але мушу заўважыць: каб рабіць пасьпяховую кар’еру на Захадзе, трэба пачынаць не ў 63, а ў 23 ці 33 гады.
Постсавецкія эмігранты зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія Дэмакраты
— Вы жывяце ў штаце Тэнэсі. Гэта сярэдзінная Амэрыка, якая галасавала за Трампа. Што звычайныя амэрыканцы кажуць пра яго, як яны ўвогуле абмяркоўваюць палітыку?
— Так, «сярэдзінная Амэрыка», асабліва тут, на Поўдні — традыцыйна галасуе за Рэспубліканцаў. Простыя амэрыканцы, зь якімі мне даводзіцца мець зносіны, часьцей кажуць пра Трампа, які ён «круты» і «дае прыкурыць» вашынгтонскаму істэблішмэнту. Прадстаўнікі сярэдняй і вышэйшай клясы пераважна кажуць пра палітыку Трампа: напрыклад, аб зьніжэньні падаткаў, аб стварэньні лепшых умоў для прыватнага прадпрымальніцтва, аб барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, аб зьніжэньні выдаткаў за мяжой.
Але ва ўнівэрсытэцкіх кампусах палітычны клімат зусім іншы: нават тут ён застаецца лібэральным, з крытычным стаўленьнем да Трампа і яго палітыкі.
У той жа час трэба мець на ўвазе, што ў асабістых зносінах у ЗША не прынята абмяркоўваць палітыку і наогул выказваць палітычныя погляды. Але ў публічнай прасторы — падчас выбарчых кампаній, у традыцыйных і сацыяльных мэдыя, лякальных адкрытых дыскусіях (напрыклад, у публічных бібліятэках) палітычныя дэбаты ідуць пастаянна. Яны ясна паказваюць, што раскол у амэрыканскім грамадзтве істотна павялічыўся.
— Постсавецкія эмігранты традыцыйна галасуюць за Рэспубліканцаў, бо яны зьбеглі з СССР менавіта ад таго, да чаго заклікаюць многія дэмакраты: узрастаньня ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах жыцьця, рэгуляваньні за ўсё і ўся, павелічэньню сацыяльных выдаткаў, ураўнілаўкі, пераразьмеркаваньня грамадзкага багацьця «зьверху ўніз». Хоць большасьць амэрыканскіх левых прама не заклікаюць да сацыялізму, нашы людзі на сваім вопыце ведаюць, да чаго непазьбежна прыводзіць такая палітыка.
— Ды ўжо ў рамках Дэмакратычнай партыі ёсьць частка палітыкаў, якія заяўляюць менавіта пра сацыялізм. А ўвогуле тое, што адбываецца ў сьвеце апошнія гады — Трамп, Брэксіт, рост правых, папулісцкіх, антыімігранцкіх рухаў — чым гэта можна патлумачыць і як вы да гэтага ставіцеся?
— На мой погляд, самая галоўная прычына — глябалізацыя, перш за ўсё, эканамічная: свабоднае перасоўваньне грошай, тавараў, людзей. За апошнія пяцьдзесят гадоў велічэзныя амэрыканскія капіталы перацяклі ў замежныя краіны. Усьлед за імі «перацякла» і вытворчасьць (выдаткі там менш, а прыбыткі больш). У сваю чаргу, сюды «перацяклі» мільёны мігрантаў (у тым ліку і нелегальных), танная рабочая сіла, галоўным чынам з Лацінскай Амэрыкі і Азіі. Як сьледства, мільёны грамадзян ЗША страцілі добра аплачаную працу і звыклы лад жыцьця, цэлыя рэгіёны трапілі ў дэпрэсію.
Іншая, калі казаць менавіта пра ЗША, вельмі важная прычына — пашырэньне грамадзянскага правоў для мільёнаў амэрыканцаў, якое пачалося ў 1960-я гады. Наступствам гэтага стала ўзрастаньне ролі самых розных меншасьцяў і паліткарэктнасьці. Гаворка ідзе не толькі аб палітычным дыскурсе, але і пра шмат мільярдных выдатках на адпаведную сацыяльную палітыку. Гэта таксама ўзмацніла незадаволенасьць многіх простых белых амэрыканцаў, якое і выказаў Трамп.
Мне асабіста многае ў гэтым не падабаецца. Але як сацыёляг я стараюся разглядаць любыя зьявы не ў катэгорыях «падабаецца — не падабаецца», «добра — дрэнна», а ў катэгорыях «аб’ектыўна — неабʼектыўна», «незаканамерна—заканамерна». І глябалізацыя, і пашырэньне грамадзянскіх правоў — як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце — заканамерныя працэсы, выкліканыя абʼектыўнымі прычынамі. Гэтыя працэсы прыводзяць і да станоўчых, і да адмоўных наступстваў.
Праблема ў тым, што «аддзяліць» адно ад другога немагчыма, можна толькі неяк зьмякчыць, змікшыраваць адмоўныя наступствы (напрыклад, наплыў мігрантаў у краіны Захаду). Спыніць гэтыя працэсы, павярнуць іх назад — значыць спыніць разьвіцьцё чалавечай цывілізацыі (у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем), фігуральна кажучы, «засунуць пасту назад у цюбік».
Сутнасьць не мяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай
— Нярэдка людзі, якія эмігруюць з Беларусі, пачынаюць глядзець на Беларусь трошкі зь іншага ракурсу, у нейкім новым аспэкце. Адны раптам пачынаюць у сваёй радзіме бачыць толькі добрае, станоўчае і захлістваюцца настальгіяй, іншыя — наадварот. З вамі нешта падобнае адбылося? На нейкія рэчы вы паглядзелі па-новаму?
— Ні настальгіі, ні непрыняцьця я не адчуваю. Калі нешта і зьмянілася ў маім позірку, дык гэта, бадай, «вугал гледжаньня». І на Беларусь, і на ЗША і на іншых краіны я ўсё больш глядзіць праз прызму глябальнага разьвіцьця, як рэтраспэктыўнага, гэтак і пэрспэктыўнага. Але гэта зьмена ўзьнікла ня сёньня. З 1990 года я правёў за мяжой амаль дзесяць гадоў, вопыт жыцьця і працы ў дзясятках краін непазьбежна фармуе гэты «вугал гледжаньня». Напрыклад, з беларускім студэнтамі я дзяліўся сваім амэрыканскім досьведам, а з амэрыканскімі — беларускім.
— Гадамі ў якасьці сацыёлага НІСЭПД вы фіксавалі грамадзкія настроі ў Беларусі, рабілі на падставе апытаньяў пэўныя аналітычныя высновы. Як памянялася беларускае грамадзтва за гэтыя 20 гадоў? Па якіх пытаньнях і накірунках можна назіраць самыя радыкальныя зьмены?
— Самай важнай зьменай я лічу перамены ў сацыяльнай структуры беларускага грамадзтва. Аналіз дадзеных шматгадовых апытаньняў НІСЭПД паказвае, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі адбылася маштабная «ператусоўка»: адны сацыяльныя групы, а гэта мільёны людзей, фігуральна кажучы, «апусьціліся», а іншыя «падняліся». І, хоць гэты працэс не суправаджаецца татальным гвалтам і разбурэньнем ранейшага парадку, як у часы гістарычных сацыяльных рэвалюцый, гэтая «ціхая рэвалюцыя» таксама прыводзіць да вельмі сур’ёзных наступстваў: пераразьмеркаваньня ўлады і ўласнасьці, доступу да такіх важных сацыяльных рэсурсаў, як ахова здароўя, адукацыя і культура.
Напрыклад, дзеці прадстаўнікоў дзяржаўнай бюракратыі, сілавікі, «прыдворны» бізнэс мае сёньня зусім іншы жыцьцёвыя пэрспэктывы, чым дзеці рабочых, спэцыялістаў або індывідуальных прадпрымальнікаў. Інакш кажучы, павялічылася сацыяльна-эканамічная і грамадзка-палітычная няроўнасьць. Прычым гэты працэс ідзе не столькі спантанна, колькі мэтанакіравана стымулюецца ўладамі.
Што тычыцца сурʼёзных палітычных і эканамічных зьменаў, шчыра кажучы, я іх не бачу. Так, пэрыядычна нават незалежная прэса і крытыка ўлады, не кажучы ўжо пра афіцыёзе, з натхненьнем разважаюць пра прагрэс: напрыклад, пра "лічбавую эканоміку", пра "тэхнакратычны ўрад", пра «шматвэктарную зьнешнюю палітыку», пра «мяккую беларусізацыю» і гэтак далей. Але ўсё гэта аказваецца "дымавой заслонай", якая хавае нязьменнасць палітычнага курсу. Калі яна расьсейваецца, становіцца ясна, што сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай.
— Галоўнае пытаньне, адказ на які хочацца і адначасова страшнавата пачуць. У тым, што Беларусь там, дзе яна ёсьць — гэта віна выключна ўлады ці гэта адпавядае стану грамадзтва? То бок калі ўлада нейкім чынам зьменіцца — мы шчыльнымі радамі выйдзем на вольны прастор ці гэта грамадзтва захоча новай моцнай рукі?
— На гэтае пытаньне нельга адказаць аднаскладова. Так, у Беларусі былі і ёсьць мільёны людзей, якія не падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, хто хоча жыць пры дэмакратыі, рынкавай эканоміцы і прававой дзяржаве. Але ў 1994 годзе яны апынуліся ў меншасьці, і з таго часу іх пазыцыі толькі саслаблі. Лукашэнка прэзыдэнт іншай Беларусі — мільёнаў людзей, якіх яго палітыка ці задавальняе, ці яны настолькі не ўпэўнены ў сваіх пэрспэктывах пры кардынальнай зьмене ўлады, што аддаюць перавагу «сініцы ў руках».
Сёньня гаворка ідзе не столькі пра мільёны «абяздоленых беларусаў», спадзевы якіх калісьці выказваў малады Лукашэнка, колькі пра цэлыя пласты грамадзтва, сфармаваных у выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры, якія кроўна зацікаўленыя ў цяперашнім становішчы. І так проста яны ад яго не адмовяцца. Думаю, ня варта мець ілюзіяў, што зьмена прэзыдэнта абавязкова прывядзе да жаданых пераменаў — рэальная дэмакратыя, рынкавая эканоміка, прававая дзяржава і шлях у Эўропу.
Шанец на гэта ёсьць, але за яго трэба змагацца. Так, мільёны людзей чакаюць пераменаў, але зусім не такіх, якіх чакаем мы. І новая «цьвёрдая рука», падтрыманая Масквой, на маю думку, цалкам імаверная.