Пастанова «Аб вызваленьні І. Г. Ласіцкага» была прынятая Саветам міністраў 20 ліпеня, цяпер яна апублікаваная на сайце pravo.by.
Поўны тэкст пастановы на момант публікацыі недаступны ні ў Нацыянальным рэестры, ні на сайце Савету міністраў.
Ласіцкі ажыцьцяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і разьвіцьцём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, зьяўляўся старшынём профільных камісій Міністэрства аховы здароўя і «Белмэдтэхнікі».
За спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, Ласіцкі браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
Намесьнікам міністра аховы здароўя Ласіцкі быў больш як 5 гадоў. Пра ягонае затрыманьне стала вядома на пачатку ліпеня.
Хто ўжо затрыманы ў «справе мэдыкаў»
Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць
Што здарылася: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі раскрыў карупцыйную схему ў сфэры закупак мэдтэхнікі.
- 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
- Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.