Былы высокапастаўлены чыноўнік сыстэмы аховы здароўя разважае, чаму ў галіне квітнее карупцыя. Ён пагадзіўся гаварыць толькі на ўмовах ананімнасьці. Рэдакцыя публікуе інтэрвію, зважаючы на грамадзкую важнасьць тэмы.
Месяц таму старшыня КДБ Валеры Вакульчык паведаміў пра выкрыцьцё маштабнай карупцыйнай схемы ў сфэры аховы здароўя. У справе аб злоўжываньнях чыноўнікаў больш за 60 фігурантаў, 37 зь іх затрыманыя, сьцьвярджае старшыня КДБ. Выяўлены злачынныя схемы закупаў мэдтэхнікі за бюджэтныя сродкі. Чыноўнікам і кіраўнікам буйных клінік выставілі абвінавачаньні ў хабарніцтве і ўхіленьні ад падаткаў.
На пытаньні Свабоды адказвае былы высокапастаўлены чыноўнік Міністэрства аховы здароўя.
«У людзей крадуць надзею»
— Як у цэлым вы ацэньваеце апошнія гучныя затрыманьні мэдыкаў і чыноўнікаў? Нядаўна намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук назваў лічбу: 114 выпадкаў карупцыі ў галіне за 5 месяцаў.
— Па-першае, мне вельмі прыкра, сытуацыя непрыемная.
Па-другое, у людзей крадуць надзею. Кожны чалавек спадзяецца, што з кожным годам будзе лепш, зьявіцца новае мэдычнае абсталяваньне. Што азначаюць гэтыя вялікія сумы, канфіскаваныя ў чыноўнікаў і кіраўнікоў мэдычных устаноў? Гэта азначае: штосьці з новага абсталяваньня не купілі, а людзі маюць права на надзею, што мэдыкамэнты будуць таньнейшыя, што іх раённая бальніца будзе лепш абсталяваная.
І трэцяе. Нягледзячы на дзьве сумныя высновы, дзяржаўная сыстэма адстойвае тое, што дэкляруе. То бок сказаў кіраўнік дзяржавы, што будзе наводзіцца парадак — і гэта адбываецца. Канчатковая мэта — навесьці парадак. Каб лекі былі таньнейшыя, пашыраліся магчымасьці атрымліваць бясплатную агульнадаступную мэдычную дапамогу.
«Я ня думаю, што старшыня КДБ сядзеў за друкарскім станком і друкаваў тыя купюры»
— Простых грамадзян вельмі ўразілі сумы, якія канфіскавалі ў чыноўнікаў і кіраўнікоў, фігуравалі лічбы ў 620 тысяч даляраў, 500 тысяч, 140 тысяч. Ці верыце вы, што сумы «адкатаў» могуць быць такія вялізныя?
— Я да ўсіх гэтых сэнсацыйных навінаў і карцінак стаўлюся так: ідзе сьледзтва, і яно зробіць высновы, якія ў бальшыні выпадкаў будуць аб’ектыўныя. Спадзяёмся на гэта. Трэба дачакацца вынікаў.
10 абяцаньняў Жарко на пасадзе міністра аховы здароўя. І што з гэтага выйшла
А што тычыцца касьмічных сум, я ня думаю, што старшыня КДБ Вакульчык сядзеў за друкарскім станком і друкаваў тыя купюры. Мне падаецца, гэта аб’ектыўная рэальнасьць.
Але мне спадабалася адна фраза Вакульчыка, што гэта не адносіцца да тых спэцыялістаў, якія аказваюць мэдыцынскую дапамогу штодня.
«У сыстэме закупаў было шмат непразрыстага і незразумелага»
— Ці празрыста праводзяцца закупы, як было пры вашым кіраваньні галіной?
— Калі я стаў кіраўніком, мы сутыкнуліся з тым, што ў сыстэме закупаў было шмат непразрыстага і незразумелага. І мы падрыхтавалі шэраг пастаноў па гэтым пытаньні. Мы зрабілі прэфэрэнцыі айчынным вытворцам на таргах пры дзяржаўных закупах за кошт дзяржбюджэту.
Так, я выкрываў факты — перш за ўсё на ўзроўні тых людзей, якія рыхтавалі тэхнічныя заданьні, на ўзроўні экспэртаў. І склаў табліцу: прозьвішча экспэрта, якое ён даваў заключэньне і куды ён потым езьдзіў і за чый кошт.
Я ня сьледчы, але заўважыў, што ў шэрагу выпадкаў тэндэрныя таргі выйгравала толькі адна фірма. Я выкліка́ў, гутарыў і задаваў адно пытаньне: што мне з гэтым рабіць? Гэта была прафіляктычная гутарка. Большасьць людзей аказваліся з добрым разуменьнем.
Што тычыцца чыноўнікаў. Бухгальтэрыя Міністэрства аховы здароўя праплаціла грошы за адзін прэпарат, які быў вельмі важны для разьвіцьця неданошаных дзетак. А сьмяротнасьць немаўлят — гэта палітычны паказьнік. Мне кажуць, што вельмі доўга грошы не паступаюць. Ёсьць у Міністэрстве аховы здароўя Кантрольна-рэвізійнае ўпраўленьне, і я папрасіў правесьці праверку. Аказалася, што гэтыя грошы былі патрачаныя на мікстуру ад кашлю імпартнай вытворчасьці. Я выклікаў тых, хто гэта зрабіў, і кажу: «Ёсьць тры шляхі. Першы — я справу перадаю ў праваахоўныя органы. Другі шлях — на аркушы фармату А4 вы пішаце заявы па ўласным жаданьні. І трэці шлях — я вас звальняю за недавер і грубае парушэньне фінансавай дысцыпліны». Ішлі па другім шляху, людзі звальняліся.
«Я купляю ўсе мэдыкамэнты ў Расеі альбо ў Літве, бо там таньней»
— Чаму ў Беларусі лекі даражэйшыя, чым у суседніх краінах? Вось толькі адзін канкрэтны прыклад: францускі прэпарат для зьніжэньня ціску прэстарыюм у Беларусі каштуе 37 рублёў 87 капеек, у Вільні ў 3 разы таньней — 5 эўра? Да таго ж некаторыя лекі зьніклі з аптэк (да прыкладу, канкор) — працэс рэгістрацыі вельмі доўгі?
— Я ня ведаю, але магу здагадвацца, чаму так адбываецца.
У свой час мы распрацавалі досыць дакладную сыстэму аптовых і розьнічных нацэнак. Яна ўсіх задавальняла. Трэба было, каб было выгадна і фірме — яна ж ня будзе працаваць сабе на страту.
Але потым некаму (я ня буду казаць, каму канкрэтна) нешта не спадабалася. Адбыліся зьмены, і мы маем тое, што маем. У нас шмат якія лекі значна даражэйшыя, чым у суседніх краінах.
Я купляю ўсе мэдыкамэнты ў Расеі або ў Літве, бо там таньней.
«Тыя, у каго ўлада і грошы, тут ня лечацца». Пра што гавораць у чарзе да доктара
Рэгістрацыя мэдыкамэнтаў павінна быць празрыстая, хуткая і дакладная. Мы не павінны прапускаць на рынак няякасныя лекі, але рэгістрацыя ня можа праходзіць па некалькі месяцаў.
Аднак ня трэба забывацца, што ў РФ зарэгістравана 15,5 тысячы найменьняў мэдыкамэнтаў. У нас значна менш. І камэрсанты думаюць: «Навошта я тут прэпарат буду рэгістраваць? Рынак вялікі. Я зарэгіструю ў РФ, дзе 144 мільёны насельніцтва, і буду там яго прадаваць». Але ў Літве насельніцтва — 3 мільёны, і там лекі таньнейшыя, хоць гэта Эўразьвяз.
І гэта вельмі прыкра, што ў нас мэдыкамэнты каштуюць больш, чым у суседзяў. Дзякуй богу, цяперашні міністар стварыў адмысловую камісію, якая цяпер працуе і якая павінна высьветліць сапраўдныя прычыны, чаму такія дарагія лекі.
Трэба думаць пра экспарт мэдыкамэнтаў. Для таго каб распрацаваць новы інавацыйны прэпарат, патрэбны 1 мільярд даляраў. У нас такіх грошай няма. Таму трэба выпускаць джэнэрыкі, але рабіць іх добра, паводле міжнароднага стандарту GMP (Good Manufacturing Practice — стандарт належнай вытворчай практыкі — РС). І каб ня мы самі сэртыфікавалі, а прыйшла кампанія, якая мае адпаведнае права, ліцэнзію. Так, гэта каштуе грошай, аднак на гэта трэба ісьці. У цэлым эканоміка не прайграе, яна выйграе за кошт абароту.
«Ня ведаю. Не камэнтую»
— Ці можа міністар ня ведаць, што робіцца ў ягоным ведамстве? Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, былы міністар аховы здароўя, заявіў журналістам, што нічога ня ведаў, «ён узрушаны», і ў тым, што адбылося, ён сам вінаваціць «чалавечы фактар».
— Я ня ведаю. Я не камэнтую.
— Ёсьць жа пры Міністэрстве аховы здароўя камісія па закупах, ёсьць антыкарупцыйная камісія — як такое наагул магло здарыцца, гэта ж не адзін эпізод?
— Я не камэнтую.
— А чаму не называюцца прозьвішчы камэрсантаў, бізнэсоўцаў, а толькі галоўных лекараў, кіраўнікоў мэдычных установаў, чыноўнікаў?
— Я ня ведаю. Што да мэдыкаў, усіх затрыманых я ня ведаю, але зь некаторымі знаёмы, нават добра знаю, сутыкаўся па працы. І я быў вельмі зьдзіўлены — што зь людзьмі адбылося? Магчыма, час мяняецца, іншыя каштоўнасьці зьяўляюцца — лібэральныя: «Ідзі і грабі». Спадзяюся на аб’ектыўнае расьсьледаваньне. Калі чалавек ні ў чым не запэцканы — я спадзяюся, сьледзтва разьбярэцца.