З «сучасным рабствам» у Беларусі сутыкаюцца амаль 11 чалавек з 1000 – амаль як у Брунэі або Папуа — Новай Гвінэі. Але, у адрозьненьне ад Расеі, беларускія ўлады прыкладаюць нейкія высілкі ў змаганьні з рабствам.
Дасьледчыкі міжнароднай арганізацыі Walk Free Foundation налічылі ў сьвеце больш як 40 мільёнаў чалавек у рабстве. На першым месцы ў рэйтынгу распаўсюду рабства The Global Slavery Index — Паўночная Карэя, за ёй Эрытрэя, Бурундзі, Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка і Аўганістан.
24,9 млн церпяць ад прымусовай працы, 15,4 млн – ад прымусовых шлюбаў. 71% сучасных рабоў — жанчыны.
Беларусь у рэйтынгу распаўсюду рабства паставілі на 20-е месца ў сьвеце , між Брунэем і Папуа – Новай Гвінэяй. Гэта найгоршая пазыцыя ў Эўропе. Украіна на 49-м месцы, Літва на 59-м, Расея на 64-м, Латвія на 89-м, Эстонія на 94-м, Польшча на 100-м.
Супрацьдзеяньне ўладаў Беларусі рабству ацэньваюць як крыху ніжэй за сярэдняе — на ўзроўні Эстоніі, што лепей, чым у Расеі, крыху горш за Ўкраіну, Польшчу і Літву. горш за астатнюю Эўропу.
Складальнікі рэйтынгу ўлічваюць ня толькі тое, што рабствам называлі раней, але і «сучаснае рабства», у якое ўваходзіць ня толькі прымусовая праца з поўным пазбаўленьнем правоў і гандаль людзьмі, а і больш «мяккую» (магчыма, нават абгрунтаваную законамі) прымусовую працу, «даўгавую кабалу», блізкія да рабства практыкі.
Беларусь раней ня раз крытыкавалі за «законнае» выкарыстаньне прымусовай працы ў месцах зьняволеньня і ў войску, працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў на суботніках і вучняў «на бульбе», за «дэкрэт аб дармаедах».