«Эўракамісія вырашыла падаць у суд ЭЗ на Вугоршчыну за парушэньне эўрапейскага заканадаўства і патрабуе прывесьці законы аб міграцыі ў адпаведнасьць з нормамі Эўразьвязу», — гаворыцца ў заяве Эўракамісіі.
Паводле прадстаўніцы Эўракамісіі, цяпер Будапэшт мае два месяцы, каб «ліквідаваць парушэньні эўрапейскага заканадаўства». Калі гэтага не будзе зроблена, Вугоршчына можа быць пазбаўленая права голасу ў Радзе ЭЗ.
Раней Эўразьвяз пачаў аналягічную санкцыйную працэдуру ў дачыненьні да Польшчы за праведзеную польскім урадам судовую рэформу: яна зрабіла польскія суды залежнымі ад кіруючай партыі.
Вугорскі пакет законаў, названы экспэртамі «пакет Сораса», быў агучаны кіруючай партыяй «Фідэс» у траўні 2018 году. Вугорскія ўлады плянавалі пазбавіць права прасіць прытулак мігрантаў, якія трапілі на яе тэрыторыю з краіны, якая лічыцца бясьпечнай. Гэты пункт, паводле задумы «Фідэс», павінен было зьвесці да нуля лік магчымых заяў на атрыманьне прытулку, бо Вугоршчына наўпрост не мяжуе з краінамі, зь якіх мігранты прыбываюць у Эўропу.
Іншы пункт закону ўвёў пакараньне для некамэрцыйных арганізацый і прыватных асоб, якія аказваюць дапамогу нелегальным мігрантам ў Вугоршчыне або фінансуюць такую дзейнасьць. Ім пагражае турэмнае зьняволеньне на тэрмін да аднаго году.
Кіруючая партыя назвала гэтыя законапраекты «Стоп Сорас», не хаваючы, што яны скіраваны супраць дзейнасьці амэрыканскага філянтропа і выхадца з Вугоршчыны Джорджа Сораса. Шэраг праваабарончых некамэрцыйных арганізацый, якія аказваюць інфармацыйную і прававую дапамогу мігрантам, а таксама прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў (галоўным чынам цыганам), атрымлівалі фінансаваньне менавіта з фондаў, заснаваных мільярдэрам.
18 ліпеня міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што ўрад краіны гатовы змагацца супраць санкцыйных працэдураў ЭЗ.