19 ліпеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім накіравала ліст міністру культуры Юрыю Бондару з прапановай правесьці круглы стол па мэмарыялізацыі Курапатаў.
«Курапаты маглі б стаць месцам нацыянальнага прымірэньня. І гэта быў бы моцны штуршок для разьвіцьця ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасьцю. Гэты крок сьведчыў бы пра тое, што мы, жыхары Беларусі, здольныя весьці дыялёг па розных пытаньнях. У тым ліку і па пытаньнях нашай вельмі балючай і няпростай гісторыі», — патлумачыла Свабодзе сваю ініцыятыву Алена Анісім.
Дэпутатка кажа, што яна бачыць за адным сталом дзяржаўных чыноўнікаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, грамадзянскую супольнасьць, найперш з грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты — у абарону Курапат», якія «маюць канцэптуальнае бачаньне таго, што і як мае быць»,
«Такую важную справу трэба рабіць разам. З ужываньнем бюджэтных сродкаў. Нельга, каб яны пайшлі на невядома што» — лічыць Алена Анісім.
Паводле дзейнага заканадаўства адказ дэпутату дзяржаўныя органы мусяць даць цягам двух тыдняў.
11 чэрвеня падчас паседжаньня групы ў справе стварэньня памятнага знаку «прымірэньня і смутку» ў Курапатах улады прадставілі абмежаванаму колу дзяржаўных мэдыя тры «найбольш удалыя эскізы», адабраныя па выніках конкурсу Міністэрства культуры. Экспэрты паставіліся да іх скептычна.
Генэральная пракуратура не адказвае месяц
Сёньня Свабода пацікавілася яшчэ ў адной дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, Ганны Канапацкай, ці атрымала яна адказ з Генэральнай пракуратуры, куды зьвярталася з дэпутацкім запытам.
«Не, адказу дагэтуль няма, хоць прайшоў ужо месяц. Магчыма, што пракуратура вядзе нейкія праверкі. Бо калі вядуцца праверкі, тады дакладны тэрмін адказу не вызначаецца», — сказала Канапацкая.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.