Беларускія памежнікі стралялі па машыне цыгарэтных кантрабандыстаў ля мяжы зь Літвой

Аўтамабіль кантрабандыстаў, затрыманы каля беларуска-літоўскай мяжы

Каля 2 гадзінаў ночы 17 ліпеня беларускія памежнікі выявілі сьляды шынаў каля вёскі Бялюнцы Воранаўскага раёну, расказвае Памежны камітэт, і прыйшлі да высновы, што машына рухаецца ў бок літоўскай мяжы. Яны знайшлі «УАЗ» — кіроўца, пабачыўшы памежнікаў, паспрабаваў зьехаць.

Кіроўца не адрэагаваў на патрабаваньні спыніцца. Памежнікі прастрэлілі колы машыны, ды тая пэўны час яшчэ працягвала рух. Урэшце, калі машына спынілася, памежнікі затрымалі двух грамадзянаў Беларусі — выявілася, што яны везьлі 55 тысяч пачкаў цыгарэтаў беларускай вытворчасьці.

За «парушэньне памежнага рэжыму» (ч.1 арт. 23.30 КаАП) мужчынам пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў), кіроўцу таксама пагражае арышт або яшчэ адзін штраф на тую ж суму за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» (арт. 23.4 КаАП). Цыгарэты могуць канфіскаваць, за незаконную перавозку (паводле ч. 6 арт. 12.27 КаАП) пагражае штраф ад 10 да 50 базавых, за перавозку празь неналежнае месца (паводле арт. 14.1 КаАП) — штраф ад 30 да 50 базавых з канфіскацыяй ня толькі тавару, але і машыны.

55 тысяч пачкаў — далёка не рэкорд беларускіх кантрабандыстаў. У красавіку польскія мытнікі злавілі беларуса з 450 тысячамі пачкаў кантрабандных цыгарэтаў, у сьнежні 2016 году палякі злавілі кантрабандыстаў, якія везьлі зь Беларусі 718 тысяч пачкаў.

Страляньне па машынах кантрабандыстаў — таксама не ўнікальны выпадак. Так, у траўні мінулага году памежнікі пагналіся за «УАЗікам», спрабавалі прыціснуць да ўзбочыны, але кіроўца спрабаваў уцячы і нават тараніць аўта памежнікаў, давялося страляць па колах. У верасьні давялося нават штурмаваць дом, у якім кантрабандысты заблякаваліся.

Як «прарывам мяжы» абгрунтавалі справу «Белага легіёну»

20 красавіка паведамлялася, што памежнікі нібыта спынілі спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі з украінскага боку з ужываньнем зброі, ды пазьней высьветлілася, што «прарыву мяжы» не было. Пасьля навіны пра нібыта «прарыў мяжы» і шэрагу іншых «страшылак» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў са зброяй», якія трэнаваліся ў лягерах у Беларусі, Украіне і ці то Літве, ці то Польшчы. Ужо пасьля заявы Лукашэнкі пачаліся затрыманьні ў справе, вядомай сёньня як справа «Белага легіёну».