Аматарскі камэрны хор зь Менску Salutaris — сярод пераможцаў XII Міжнароднага конкурсу ў баварскім Мільтэнбэргу. Беларусы былі першымі ў намінацыі «Folklore, Spiritual&Jazz» і сталі ляўрэатамі срэбнага дыплёму ў катэгорыі «Sinfonie der Stimmen».
У фінальнай частцы спаборнічалі калектывы з Аўстрыі, Вугоршчыны, Латві, Славеніі і Тайлянду.
Пяць фактаў пра Salutaris
- Зьмяшаны камэрны хор з аматараў сьпеваў заснаваны ў 2007 годзе ў Менску
- «Salutaris» на латыні азначае «дабрачынны», «гаючы», «ратавальны», «дасканалы»
- Калектыў быў неаднаразовым пераможцам міжнародных конкурсаў у дзясятках краін
- Мастацкая кіраўніца і дырыгент хору — Вольга Янум
- Эфэктныя строі для выканаўцаў вырабляе беларускі мастак Усевалад Швайба
У рэпэртуары хору творы духоўнай і сьвецкай скіраванасьці, большая частка рэпэртуару на беларускай мове — «Гуканьне вясны», «На досьвітку», «Пад небам тваім», «Толькі ў снах», «Туман ярам», «Сьвяты Божа» ды іншыя. Усё больш кампазыцый ствараюцца аўтарамі адмыслова для хору.