24 гады таму, 20 ліпеня 1994 году, адбылася інаўгурацыя новаабранага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Калькулятар: якая частка вашага жыцьця прайшла пры Лукашэнку?
1. БНФ ужо тады казаў пра пагрозу дыктатуры
Пасада прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь была ўведзеная ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, прынятай 15 сакавіка 1994 г. Дэпутаты Апазыцыі БНФ заявілі пра пагрозу дыктатуры і ня бралі ўдзелу ў галасаваньні па «прэзыдэнцкіх» разьдзелах.
2. Тры тыдні на подпісы, яшчэ тры — на агітацыю
Для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты неабходна было сабраць 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў альбо 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савету. На збор подпісаў давалася тры тыдні, на агітацыю пасьля рэгістрацыі — таксама тры тыдні.
3. У прэзыдэнты хацелі 19 чалавек
Было створана 19 ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў. Групу ў падтрымку старшыні Саўміну Вячаслава Кебіча ўзначальваў генэральны дырэктар ВА «Гарызонт» Аляксандар Сянчукоўскі, Зянона Пазьняка — сябра Сойму БНФ Уладзімер Анцулевіч, Станіслава Шушкевіча — старшыня БСДГ і дэпутат ВС Алег Трусаў, Аляксандра Лукашэнкі — дэпутат ВС Дзьмітры Булахаў, Генадзя Карпенкі — драматург Аляксей Дудараў.
4. Рука супраць двух пальцаў
Калі 31 сакавіка ў часе рэгістрацыі кандыдатаў у ЦВК Лукашэнка падаў руку Кебічу, у адказ прэм’ер працягнуў два пальцы.
5. Лукашэнка забыў пашпарт? Сказаў, «скралі»
На рэгістрацыю Аляксандар Лукашэнка прыйшоў бяз пашпарту. Паміж старшынём ЦВК Абрамовічам і Лукашэнкам адбыўся дыялёг: «Дзе Вы прапісаны? — Ужо год як жыву ў гасьцініцы „Кастрычніцкая“. — Я не пытаюся, дзе Вы сьпіце, я пытаюся, дзе Вы афіцыйна прапісаны? Дзе Ваш пашпарт? — Пашпарт? А яго ў мяне скралі (сьмех прысутных)».
6. Карпенка зьняў кандыдатуру: «Трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі»
З подпісаў, сабраных за Генадзя Карпенку, сапраўднымі было прызнана 93 472. Ён бы мог быць зарэгістраваны на падставе сабраных 78 подпісаў дэпутатаў ВС (пры неабходных 70). Аднак перад рэгістрацыяй 14 дэпутатаў адклікалі свае подпісы, такім чынам, засталіся 64. У часе дыскусіі паміж членамі ЦВК Карпенка зрабіў заяву, што здымае сваю кандыдатуру, паколькі «як у палітыцы, так і ў жыцьці трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі».
7. За Пазьняка ў паўтара раза больш подпісаў, чым за Лукашэнку. За Кебіча — у два з паловай
ЦВК зарэгістравала шасьцёх кандыдатаў у прэзыдэнты: Аляксандра Дубко (сапраўднымі прызнаныя 117 тысяч подпісаў), Вячаслава Кебіча (400 тысяч подпісаў грамадзянаў і 202 подпісы дэпутатаў ВС), Зянона Пазьняка (230 тысяч подпісаў), Васіля Новікава (203 тысячы), Станіслава Шушкевіча (122 тысячы), Аляксандра Лукашэнку (156 тысяч).
8. Журналістаў адхілялі ад эфіру
У часе выбарчай кампаніі ўлады адхілілі ад эфіру журналістаў перадачы «Беларуская маладзёжная» і спынілі выданьне газэты «Навіны БНФ».
9. За Пазьняка — Быкаў і Барадулін
Кожны кандыдат меў магчымасьць зарэгістраваць 20 давераных асобаў. Сярод давераных асобаў Зянона Пазьняка былі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.
10. За Шушкевіча — Ягораў і Багданкевіч
У падтрымку Станіслава Шушкевіча ў часе тэлеэфіру выступіў былы міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў і старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч.
11. Лукашэнка са старым сьцягам
Усю выбарчую кампанію Лукашэнка насіў дэпутацкі значок не стандартны для таго часу бел-чырвона-белы, а стары, «БССРаўскі», які выкарыстоўваўся дэпутатамі да 1991 году.
12. Лукашэнка адмовіўся ад дыскусіі з Пазьняком
Калі ў Горках выпадкова супалі па часе выступы Лукашэнкі і Пазьняка, прадстаўнікі лідэра БНФ прапанавалі Лукашэнку правесьці сумесную дыскусію у агульнай аўдыторыі з удзелам абодвух кандыдатаў; Лукашэнка адмовіўся.
13. Fake news супраць Шушкевіча
Супраць Станіслава Шушкевіча ў дзяржаўным друку была апублікаваная нібыта перадрукоўка з нібыта галяндзкай газэты. Як пазьней прызнаў Вячаслаў Кебіч у мэмуарах, тэкст быў складзены ў апараце Савету міністраў.
14. 44,82%
У першым туры галасаваньня, якое адбылося 23 чэрвеня 1994 году, Аляксандар Лукашэнка набраў 44,82%, Вячаслаў Кебіч — 17,33%, Зянон Пазьняк — 12,82%, Станіслаў Шушкевіч — 10%, Аляксандр Дубко — 6%, Васіль Новікаў — 5%.
15. «Стаўка на КДБ»
Перад другім турам Аляксандар Лукашэнка выступіў перад супрацоўнікамі КДБ, заявіўшы, што «стаўка на КДБ будзе зробленая па ўсёй вэртыкалі».
Дэбаты з удзелам Кебіча і Лукашэнкі. Пытаньне Юрыя Дракахруста
16. Той самы пацалунак
У сваю чаргу, перад другім турам Вячаслаў Кебіч запрасіў на сьвяткаваньне 50-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў расейскага прэм’ера Віктара Чарнамырдзіна, што мусіла выглядаць як падтрымка Кебіча Крамлём. Тады ж Сяргеем Грыцам быў зроблены знакаміты здымак пацалунку Кебіча і Чарнамырдзіна, надрукаваны ў газэце «Свабода».
17. «Запушчаныя заводы» і «развал Саюзу»
Знакамітая фраза Лукашэнкі «запушчу заводы» прагучала на тэледэбатах зь Вячаславам Кебічам 7 ліпеня. Сярод іншага, Лукашэнка абвінавачваў Кебіча ў падпісаньні Белавескіх пагадненьняў і «развале Саюзу».
18. 80,1%
Другі тур выбараў адбыўся 10 ліпеня 1994 г. У другім туры Лукашэнка набраў 80,1% , а Кебіч — 14,1%.
19. Ярмоленка і Станюта на інаўгурацыі
На інаўгурацыі 20 ліпеня 1994 году сярод запрошаных былі актрыса Стэфанія Станюта і сьпявак Анатоль Ярмоленка.
20. Лукашэнка прамаўляў па-беларуску
Прысягу Аляксандар Лукашэнка прыносіў на беларускай мове пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам.
Відэа 2016 году
Your browser doesn’t support HTML5